Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год культуры: газэту «Культура» і часопіс «Мастацтва» высяляюць


Ніякіх варыянтаў працягу арэнды памяшканьня на Незалежнасьці, 77 рэдакцыям двух дзяржаўных выданьняў не прапануюць. У рэдакцыях пакуль адмаўляюцца ад камэнтароў.

Беларуская газэта «Культура», а таксама часопіс «Мастацтва», заснаваныя Міністэрствам культуры, застаюцца без памяшканьня з Дня дурня, 1 красавіка, паведамляецца ў афіцыйных акаўнтах газэты ў сацсетках.

«Сёньня нам стала вядома, што адміністрацыя Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Выдавецтва «Беларускі дом друку» «вынуждена расторгнуть» з нашай Рэдакцыйна-выдавецкай установай «Культура і мастацтва» арэндныя адносіны. Пра гэта вядзецца гаворка ў лісьце ад 26 студзеня 2016 году, які мы атрымалі ў сёньняшняй пошце.

Зазначым, у лісьце за подпісам генэральнага дырэктара «Выдавецтва „Беларускі дом друку“» Рамана Алейніка не ўтрымліваецца ніякіх варыянтаў для працягу арэндных узаемаадносінаў з арганізацыяй, якая больш за 10 гадоў арандуе плошчы па адрасе праспэкт Незалежнасьці, 77, своечасова сплачвае арэндныя, камунальныя і эксплюатацыйныя плацяжы, плацяжы за друк нашых выданьняў і іншыя плацяжы «Выдавецтва „Беларускі дом друку“».

У рэдакцыі адмовіліся камэнтаваць Свабодзе сытуацыю.

«Трэба зьвяртацца да нашых арандадаўцаў — выдавецтва „Беларускі дом друку“. Гэта ўсё, што я магу сказаць. Мы атрымалі паперу, і ўсё», — заявіла першы намесьнік дырэктара Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і мастацтва» Людміла Крушынская.

Высяленьне ставіць пад пытаньне выхад газэты «Культура» і часопіса «Мастацтва» ад 1 красавіка, калі рэдакцыя страціць памяшканьне.

Газэта «Культура» выходзіць з кастрычніка 1991 году, часопіс «Мастацтва» — са студзеня 1983 году. Абодва выданьні выходзяць на беларускай мове, час ад часу ў іх даецца слова незалежным, не праўладным мастакам і пісьменьнікам. Газэта «Культура» аддавала ўвагу ў тым ліку Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч, праігнараванай шмат якімі дзяржаўнымі СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG