Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі павінна быць украінскае тэлебачаньне, гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі — экспэрт


Калі Расея адкрые другі фронт супраць Украіны зь Беларусі, у гэтым будзе значная віна саміх украінцаў, лічыць украінскі экспэрт па міжнародных справах.

Беларусь аддадзеная на разарваньне крамлёўскім і пракрамлёўскім мясцовым прапагандыстам, а ўкраінская дзяржава нічога ня робіць для таго, каб «заваяваць сэрцы і галовы» беларусаў. Намаганьняў грамадзянскай супольнасьці для гэтага не хапае, бо яны ня могуць паўплываць на зьмяненьне грамадзкай думкі, кажа экспэрт грамадзкай арганізацыі «Майдан замежных спраў» Алег Белаколас у інтэрвію журналістцы ўкраінскай службы Радыё Свабода Марыі Шчур.

— Наколькі разумее ўкраінскае грамадзтва такія пагрозы і як яно ставіцца да беларусаў, якія ставяць пад сумнеў украінскую дзяржаўнасьць?

— На першы погляд адносіны выглядаюць нармальна. Хаця многія людзі ва Ўкраіне сёньня разумеюць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі знаходзіцца пад значным уплывам з боку Крамля і, у прыватнасьці, сілавыя структуры Беларусі знаходзяцца пад кантролем расейцаў. Я б ня выключыў на 100% магчымасьць расейскіх правакацыяў на ўкраінска-беларускай мяжы.

Магутна працуе расейская прапаганда, якая паказвае падзеі ва Ўкраіне ў звычайным прамаскоўскім ключы. Што ж тычыцца Ўкраіны, пачынаючы з афіцыйнай улады, — на мой погляд, яна дзейнічае не зусім правільна, бо зьнешняя палітыка Ўкраіны павінна будавацца на каштоўнасьцях. Каштоўнасьцях, за якія ўкраінцы выйшлі ў свой час на Майдан. Я лічу, што менавіта мы павінны падтрымаць тыя сілы ў Беларусі, якія выступаюць за дэмакратычны шлях разьвіцьця.

— Многія прадстаўнікі ўлады вам могуць апаніраваць і казаць, што добра грунтавацца на каштоўнасьцях, але ў выпадку зь Беларусьсю нам важна, каб не адкрыўся другі фронт на Поўначы.

— Гэтая быццам бы прагматычная, а на самай справе каньюнктурна-прымітыўная палітыка прывяла да таго, што Ўкраіна ня мае зь ніводнай краінай юрыдычна абавязваючых дакумэнтаў аб узаемнай дапамозе ў выніку ваеннай агрэсіі. Гэта такі агульны момант.

Калі Расея прыме рашэньне пачаць ваенную агрэсію з тэрыторыі Беларусі, то рэжым Лукашэнкі ня зможа нічога зрабіць.

Што да Беларусі, то я хачу сказаць так: калі Расея прыме рашэньне пачаць ваенную агрэсію з тэрыторыі Беларусі, то рэжым Лукашэнкі ня зможа нічога зрабіць. Ён ня можа сказаць Расеі «не». Ні тэхнічна, ні палітычна.

— І вялікага супраціву з боку насельніцтва ня будзе так жа, таму што, зноў жа, яны любяць украінцаў, але ня любяць бандэраўцаў.

— Вядома. Ну які супраціў можа быць з боку насельніцтва? Можна падтрымліваць, скажам так, не сяброўскія, а звычайныя гандлёва-эканамічныя адносіны зь сёньняшняй Беларусьсю. Але ня больш.

Палітычныя адносіны мы павінны будаваць на каштоўнасьцях з нашымі партнэрамі, якія таксама будуюць сваю палітыку на каштоўнасьцях. Тады наша ўкраінская палітыка будзе зразумелая, пасьлядоўная, эфэктыўная ў пляне абароны нашых інтарэсаў. І тады нашы партнэры змогуць з намі гаварыць на адной мове, на мове каштоўнасьцяў. А мы яшчэ працягваем, на жаль, сёньня гаварыць зь нейкім такім «эўразійскім акцэнтам». І, на жаль, гэта нам перашкаджае.

— Украіна мае вялікі культурны патэнцыял і вялікі патэнцыял «мяккай сілы» ў адносінах зь Беларусьсю. Таму што гэта культурна блізкі народ і па сваім гістарычным досьведзе вельмі нам блізкі. Што магла б Украіна зрабіць у гэтым кірунку, маючы на ўвазе ўлады і няўладныя арганізацыі?

— Вельмі цікавае пытаньне, і я з вамі абсалютна згодны. У прынцыпе, і зь беларускім народам у нас традыцыйна добрасуседзкія нармальныя адносіны, і з новай Беларусьсю, я ўпэўнены, у нас будуць выдатныя адносіны.

Сёньня вайна ідзе ў галовах, а не ў акопах, у асноўным.

Улада павінна зрабіць адну рэч, пра якую ўжо быццам бы і казалі ў свой час, але цяпер, ізноў жа, забыліся. Гэта — вяртаньне да пытаньня пасьлядоўнасьці. У той час гаворка ішла пра арганізацыю працы ў Беларусі аднаго з украінскіх тэлеканалаў. З тым, каб беларусы маглі атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Таму што гэта вельмі важна, таму што сёньня вайна ідзе ў галовах, а не ў акопах, у асноўным. Таму ўлада павінна зрабіць магчымасьць для беларусаў атрымліваць інфармацыю пра Ўкраіну з украінскіх крыніц. Гэта галоўнае.

А ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці — трэба ўсталёўваць і пашыраць кантакты з усімі беларускімі дэмакратычнымі сіламі і ў Беларусі, і за яе межамі. І ў сфэры культуры, і ў сфэры кантактаў паміж моладзевымі — фармальнымі, нефармальнымі — арганізацыямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG