Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Графіцістаў судзяць за надпіс «Беларусь мае быць беларускай». Ужывую

У Фрунзенскім раённым судзе Менску пачаўся суд над трыма графіцістамі, якія ўлетку 2015 году зрабілі графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама запэцкалі фарбай сацыяльную рэкляму з выявай міліцыянта.

Перад судом паўсталі трое хлапцоў — Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў. Маладыя людзі адбылі ўлетку амаль па месяцы ў сьледчым ізалятары, адкуль выйшлі пад падпіску аб нявыезьдзе пасьля акцыяў салідарнасьці і пратэсту. Максіма Пякарскага будуць судзіць паводле артыкула аб апаганьваньні збудаваньняў і псаваньні маёмасьці, Вадзіму Жаромскаму да гэтага абвінавачаньня дададзенае хуліганства ў складзе групы, Вячаславу Касінераву інкрымінаванае псаваньне маёмасьці.

Вадзім Жаромскі быў выпісаны са шпіталю ў Смаргоні адмыслова да суду.

У судзе надзвычайныя захады бясьпекі. Вакол суду патрулююць нарады АМАПу, у судзе праходзяць праверкі, у залю прапускаюць пасьля вельмі пільнага нагляду праз рамку мэталашукальніка. Абвінавачаных у зале яшчэ няма, але палова залы ўжо занятая супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным, якія робяць выгляд, што яны звычайная публіка.

Прапусьцілі ў залю праваабаронцаў зь «Вясны», карэспандэнтаў «Белсату», адваката. У справе 6 тамоў, мяркуючы па колькасьці тамоў, якія прынесла і паклала на стол судзьдзі сакратар. У залі вядзецца відэаздымка, хутчэй за ўсё, супрацоўнікам міліцыі, бо не падобны да журналіста.

У суд прыйшлі абвінавачаныя.

Некалькі актывістаў вывелі з судовай залі пасьля пратэсту

У залі вывесілі лёзунг «Не палітычным перасьледам». Актывісты крычалі: «Мастацтва — не злачынства», іх гвалтам вывелі з суду. У калідоры было чуваць гукі барацьбы.

Акцыю правялі два хлопцы адразу пасьля таго, як судзьдзя пачала працэс. Правабаронцы іх ня ведаюць.

Праз бакавыя дзьверы залі чуваць нейкія крыкі, правабаронцы не выключаюць, што гэта зьбіваюць затрыманых хлопцаў.

Судзьдзя пачаў допыт

Пачаўся допыт Пякарскага і Жаромскага. Апошні толькі ў мінулую пятніцу выпісаўся са шпіталя.

Суд адмовіўся весьці працэс па-беларуску

Пякарскі прасіў суд дазволіць фота і відэа здымкі, але судзьдзя Ала Скуратовіч хадайніцтва не задаволіла.

Яшчэ адно хадайніцтва Пякарскага — каб працэс праходзіў па-беларуску. Абвінавачаны Касінераў таксама сказаў суду, што размаўляе толькі па-беларуску.

Пракурор за тое, каб працэс ішоў па-расейску, а калі абвінавачаныя хочуць даваць паказаньні па-беларуску, хай даюць. Суд стаў на бок пракурора.

Пацярпелы адмовіўся ад прэтэнзіяў

Пацярпелы Масьленікаў
Пацярпелы Масьленікаў

Пацярпелы Масьленікаў заявіў, што яму кампэнсавалі страты і адмовіўся ад прэтэнзіяў ды хадайнічаў, каб суд не караў абвінавачаных пазбаўленьнем волі.

Масьленьнікаў — ІП, гэта ягоны білборд пашкодзілі абвінавачаныя.

Хадайніцтва пацярпелага, як сказала судзьдзя, будзе вырашана пазьней у дарадчым пакоі.

Зачытваюць абвінавачваньне

Пракурор пачаў зачытваць абвінавачаньне.

Спачатку зачытаў Пякарскаму, потым Жаромскаму. Паводле пракурора, Жаромскі нанёс шкоды на 37 тысяч рублёў.

Жаромскі тлумачыць сэнс сваіх графіці

Жаромскі працягвае падрабязна распавядаць, як яны разам зь Пякарскім малявалі графіці і малюнкі ў розных пунктах Менску. Малюнак «Рэвалюцыя сьвядомасьці. Яна ўжо ідзе» яны малявалі за два разы цягам двух дзён. Там былі малюнкі кнігі, гантэлі, бусла, беларускі арнамэнт — як сымбалі ведаў, сілы і Беларусі. Гэтак патлумачыў Вадзім Жаромскі сэнс гэтых малюнкаў. Выявы яны бралі ў інтэрнэце.

Загадкавая бутэлька

Пракурор: А што азначае бутэлька з запальнай вадкасьцю, якую зьбіраецца кідаць чалавек?

Жаромскі: Гэта была не бутэлька з запальнай вадкасьцю, а бутэлька з алькаголем. Тут сэнс у тым, што трэба кідаць шкодныя звычкі, каб захаваць здароўе.

Як зафарбавалі міліцыянтаў

Пракурор цікавіцца, ці малюе Жаромскі на сьценах у сябе дома. «Не», — кажа Жаромскі. Пасьля гэтага ён паведаміў, што яны хацелі зафарбаваць надпісы нэафашыстоўскага зьместу, якія ўбачылі на сьцяне аднаго дому ў Менску.

Дзеля гэтага вырашылі выкарыстаць электралямпачкі. Адкруцілі цокалі, залілі ўнутр сіняй фарбы, заляпілі адтуліну плястылінам. Падрыхтавалі гэтак некалькі лямпачак, селі з Касінеравым на ровары і паехалі да тых надпісаў. Але іх не знайшлі і калі ўбачылі бігборды з выявамі міліцыянтаў, вырашылі іх пашкодзіць. Жаромскі свой матыў патлумачыў тым, што 10 гадоў таму яго затрымлівала міліцыя і дрэнна зь ім абышлася. Яны закідалі той бігборд, потым паехалі далей, убачылі іншы, яго закідалі і разьехаліся па дамах. Пракурор удакладняе, ці даваў Жаромскі такія ж паказаньні на сьледзтве. Жаромскі паведаміў, што збольшага казаў тое самае.

Чаму «Беларусь мусіць быць беларускай»?

Адвакат: У чым быў сэнс лёзунгу «Беларусь мусіць быць беларускай»?

Жаромскі сказаў, што Беларусь атрымала незалежнасьць і мусіць стаць такой, каб захавацца. Тое, што на лёзунгу былі перакрэсьленыя свастыка і серп з молатам, паводле Жаромскага, азначае, што Беларусь мусіць разьвітацца з камуністычным і таталітарным мінулым.

Пра сябе Вадзім Жаромскі сказаў, што не ўжывае алькаголь і тытунь, наркотыкі, вядзе здаровы лад жыцьця, цікавіцца гісторыяй Беларусі.

«Малюнкі, якія я маляваў, не нясуць ніякага адмоўнага мэсэджу. Тыя, хто іх бачыў, адчуваюць задавальненьне», — лічыць абвінавачаны.

Пачаўся допыт Пякарскага

Максім Пякарскі адказвае па-беларуску.

Пякарскага ягоныя сябры называюць добрым мастаком. Ён пра сяброў кажа, што заўсёды быў зь імі ў добрых адносінах. Сваёй віны Пякарскі не прызнаў ні па адным з 2 эпізодаў.

«Максымум — гэта адміністрацыйнае парушэньне».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG