Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлебачаньне: У мітынгу ў Грозным удзельнічаў мільён чалавек. Усё насельніцтва рэгіёну 1.300.000


Расейскі палітык Аляксей Навальны патрабуе праверыць мітынг ў падтрымку Кадырава. На думку палітыка, удзельнікаў зганялі на плошчу гвалтам.

Заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксей Навальны напісаў заяву ў Сьледчы камітэт Расеі з просьбай распачаць крымінальную справу па двух артыкулах Крымінальнага Кодэксу РФ па выніках правядзеньня ў Грозным мітынгу ў падтрымку кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. Пра гэта палітык паведаміў у пятніцу, 22 студзеня, у сваім блогу.

Палітык заявіў, што ўдзельнікаў акцыі зганялі на плошчу прымусова, што парушае Крымінальны Кодэкс. Паколькі большая частка мітынгоўцаў занятая ў бюджэтнай сфэры, Навальны лічыць час, выдаткаваны імі на наведваньне акцыі, марнаваньнем бюджэтных сродкаў.


Навальны просіць Сьледчы камітэт правесьці праверку і, калі зьвесткі пацьвердзяцца, распачаць крымінальную справу за прымус да ўдзелу ў сходах, шэсьцях і пікетаваньні, і за нямэтавае марнаваньне бюджэтных сродкаў.


Раней сёньня ў Грозным на плошчы перад мячэцьцю «Сэрца Чачні» прайшла масавая акцыя ў падтрымку Рамзана Кадырава. Як сьцьвярджае тэлекампанія «Грозны ТБ», у ёй прымалі ўдзел каля мільёна чалавек — пры тым, што ўсё насельніцтва рэгіёну не перавышае 1.300.000 чалавек


На плякатах удзельнікаў былі лёзунгі, накіраваныя супраць расейскіх апазыцыйных дзеячаў і ў падтрымку кіраўніцтва Чачні і Расеі: «Мы — за Расею!», «Мы — за Ўладзіміра Пуціна!», «Мы — за Рамзана Кадырава!», «У адзінстве — наша сіла!» Удзельнікі акцыі, як перадае «Грозны ТБ», заяўлялі пра сваю занепакоенасьць узмацненьнем інфармацыйнай вайны супраць Расеі з боку «лібэральных СМІ» і заклікалі выступіць адзіным фронтам супраць «інфармацыйнай агрэсіі прадстаўнікоў несыстэмнай апазыцыі».


У рэзалюцыі мітынгу пералічваліся імёны прадстаўнікоў апазыцыі, сярод якіх Навальны, Хадаркоўскі, Венядзіктаў, Каляпін, Панамароў, Яшын, Каспараў, Шэндэровіч, Касьянаў, Ганушкіна, Шабураў, Альбац.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG