Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэктакль «забаранілі» пасьля таго, як на прэм’еру схадзіў Уладзімер Някляеў


Прыватны «Тэатар Ч», прэм'ера новага спэктакля "Што рабіць з тыграм?" Менск, 28 верасьня 2015 году
Прыватны «Тэатар Ч», прэм'ера новага спэктакля "Што рабіць з тыграм?" Менск, 28 верасьня 2015 году

Спэктакль Тэатра Ч «Што рабіць з тыграм?» па п’есе Славаміра Мрожака не далі паказаць у Цэнтры сучасных мастацтваў — сьцьвярджаюць прадстаўнікі тэатру.

«Тое, што нам не далі паказаць спэктакль у Цэнтры сучасных мастацтваў — праўда, — распавяла Радыё Свабода мэнэджэр Тэатра Ч Кацярына Саладуха. — Як нам стала вядома, сапраўды быў званок зь Міністэрства культуры. Спасылаліся на Ўладзімера Някляева, які наведаў нашу прэм’еру 28 верасьня і даў камэнтар журналістам наконт яго. Але гэта было паўгода таму. Для нас гэта абсурд, пра які пісаў Мрожак і які адбываецца сёньня. Мы лічым, што Мрожак можа быць намі задаволены».

Паказы спэктакля былі заплянаваныя ў Цэнтры сучасных мастацтваў на 20 і 21 студзеня. Афіцыйнае тлумачэньне кіраўніцтва — квіткі не разышліся. Дырэктарка Цэнтру Натальля Шаранговіч пацьвердзіла гэтую пазыцыю Радыё Свабода:

«Няма продажу квіткоў. У нас ёсьць палажэньне: калі дастатковая колькасьць квіткоў не прададзеная, спэктакль адмяняецца. Таму мы яго, на жаль, адмянілі. Гэта ня першы выпадак, гэта даволі часта так бывае».

Камэнтаваць інфармацыю пра нібыта забарону паказаў «па званку» зь Міністэрства культуры Натальля Шаранговіч адмовілася. Дакладнай колькасьці прададзеных квіткоў яна ня ведае, але кажа, што на залю ў 70 месцаў прададзена «1–2 квіткі».

Кацярына Саладуха заяўляе іншае:

Кацярына Саладуха
Кацярына Саладуха

«Насамрэч у нас 100 квіткоў прададзеныя на сёньня і заўтра. Павінна было быць два паказы. Мы тлумачым гледачам, чаму спэктакль ня будзе паказаны. Але некаторыя зьбіраліся купіць квіткі перад спэктаклем. Хтосьці ехаў з Гародні, хтосьці з Магілёва. Добра, што нашых знаёмых мы ўчора папярэдзілі».

Саладуха кажа, што як толькі даведаліся пра адмену спэктакля, знайшлі новую пляцоўку — «Цэх» — і падалі заяву на атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня. Аднак нібыта з-за кароткіх тэрмінаў падачы ім адмовілі.

«Зараз мы плянуем паказ на 8 лютага», — кажа Кацярына Саладуха.

Раней праблемаў з паказам спэктакляў тэатар ня меў.

Прэм’ера спэктакля «Што рабіць з тыграм?» адбылася 28 верасьня 2015 году. Спэктакль пастаўлены на аснове дзьвюх п’ес польскага драматурга Славаміра Мрожака — «Пакутніцтва Пятра Ахэя» і «Летні дзень». Пастаноўкай займаўся таксама польскі рэжысэр — Дарыюш Язерскі. На прэм’еры прысутнічалі Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў.

«Тэатар Ч» — адзіны прыватны беларускамоўны тэатар у краіне. Ён стаў вядомы пасьля першай пастаноўкі «Дзядоў» па клясычным творы Адама Міцкевіча ў 2013 годзе. Драматург Андрэй Курэйчык назваў гэты спэктакль лепшым у Беларусі. На пачатку 2015 году «Тэатар Ч» паставіў рок-м’юзыкал па п’есе Бэртольда Брэхта «Матухна Кураж».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG