Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітровіч: Указ №222 ужо ня страшны прадпрымальнікам — беларускіх ІП зьнішчыць Расея


Такую заяву зрабіў у інтэрвію выданьню «Беларуская праўда» дырэктар аналітычнага цэнтру Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Зьмітровіч. Дарэчы, як мы паведамлялі, сёньня ў Гомелі менавіта на прапанову сп-ра Зьмітровіча было прынятае рашэньне аб стварэньні пагаджальнай камісіі паміж прадпрымальнікамі і мясцовымі ўладамі.

Паводле Зьмітровіча, урад Расеі ініцыюе законапраект, які забараняе разьлікі юрыдычных асобаў-рэзыдэнтаў зь нерэзыдэнтамі ў наяўнай валюце РФ і замежнай валюце пры куплі-продажы тавараў. А гэта азначае, што беларускія ІП, асноўная маса якіх атаварваецца на рынках Масквы, проста ня змогуць закупляць тавар па безнаяўным разьліку.

Эканаміст патлумачыў, што гаворка ідзе пра расейскія аптовыя фірмы, у якіх прадпрымальнікі закупляюць тавар; прадпрымальнікі зьяўляюцца нерэзыдэнтамі ў дачыненьні да іх. Калі беларускія прадпрымальнікі перавозілі тавары і маглі разьлічыцца наяўнымі — у выпадку прыняцьця новага закону ў РФ, такія апэрацыі апынуцца пад забаронай.

Плястыкавыя карткі, на якія многія беларускія прадпрымальнікі бяруць тавары, не адносяцца да безнаяўнага разьліку. Разьлікі будуць дазволеныя толькі па безнаяўным разьліку па банкаўскіх разьліковых рахунках.

«Гэта азначае, што адсоткаў 90-95 індывідуальных прадпрымальнікаў адсеецца аўтаматычна. Прадпрымальнікі закупляюць тавар малымі партыямі і ня змогуць ажыцьцяўляць усе працэдуры, зьвязаныя зь безнаяўнай аплатай. Указ № 222 робіцца неістотным: беларускія ІП проста спыняць сваё існаваньне з-за новых умоваў, якія ўводзіць Расея» — мяркуе дырэктар аналітычнага цэнтру Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Зьмітровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG