Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без электрычнасьці па-ранейшаму застаюцца 393 населеныя пункты Беларусі


Цыклён «Даніэла» пагаспадарыў у Беларусі. МНС і «Белэнэрга» ліквідуюць наступствы.

У выніку цыклёну «Даніэла» ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца адключанымі ад электрычнасьці 393 населеныя пункты краіны — у асноўным у Менскай і Магілёўскай абласьцях.

Аварыйныя брыгады працуюць у кругласуткавым рэжыме, і гэткім чынам колькасьць абясточаных паселішчаў скарацілася ўдвая. Пра гэта Свабодзе паведаміў спэцыяліст у сувязях з грамадзкасьцю прадпрыемства «Белэнэрга» Аляксандар Малькоў:

«Перадусім энэргетыкі аднаўляюць электразабесьпячэньне кацельняў, малочна-таварных фэрмаў. Па-ранейшаму складаным застаецца становішча ў Магілёўскай вобласьці, дзе напярэдадні прайшоў ледзяны дождж, які стаў прычынай вялікай колькасьці адключэньняў. Найбольш пацярпелі Глускі, Асіповіцкі, Клічаўскі, Бабруйскі і Кіраўскі раёны. У Менскай вобласьці — Слуцкі і Старадароскі раёны. Пад удар стыхіі таксама патрапілі Менская і Гомельская вобласьці. У Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях адключэньняў электразабесьпячэньня паводле стану на раніцу 13 студзеня няма».

Паводле Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, падчас цыклёну «Даніэла» на тэрыторыі Беларусі зафіксаваныя моцныя ападкі ў выглядзе сьнегу і дажджу. Так у Віцебску і Сянно выпала 34 мілімэтры ападкаў, у Барысаве — 30, у Бабруйску — 29 мілімэтраў. Ратавальнікі МНС вызвалілі з засьнежаных ўзбочынаў 15 грузавых аўтамабіляў, 2 «хуткія дапамогі», дзе агулам знаходзіліся 24 чалавекі. Пацярпелых няма. З-за адключэньня электрычнасьці ў вёсцы Лапічы Асіповіцкага раёну зь мясцовага шпіталю 11 хворых былі перавезеныя ў раённы шпіталь Асіповічаў. У выніку падзеньня дрэва на кантактную сетку ў раёне чыгуначнай станцыі «Вярэйцы» Асіповіцкага раёну на 27 хвілінаў быў спынены рух цягнікоў. На фэрме вёскі Вайганы Валожынскага раёну абваліліся перакрыцьці цялятніка на плошчы 80 квадратных мэтраў. Ратавальнікі МНС вызвалілі з будынку 208 малых цялят. Абышлося без ахвяраў. Усяго без электрычнасьці заставаліся 21 фэрма, школа і шпіталь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG