Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: «Я — ІП». АГП падтрымала індывідуальных прадпрымальнікаў


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

18 студзеня на плошчы Незалежнасьці ў Менску заплянаваная акцыя салідарнасьці «Я — ІП!», ініцыяваная Аб’яднанай грамадзянскай партыяй.

Пра гэта абвясьціў лідэр АГП Анатоль Лябедзька, выставіўшы на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фота з плякатам «Я — ІП».

Арганізатары акцыі мяркуюць выставіць уладам шэраг патрабаваньняў, выпрацаваных падчас сумеснай канфэрэнцыі экспэртаў АГП і лідэраў ІП з розных рэгіёнаў.

Сярод патрабаваньняў — перавод ва ўласнасьць прадпрымальнікам гандлёвых плошчаў, арэндаваных імі ў дзяржавы або мясцовых уладаў больш за тры гады; адмена абавязковага характару сэртыфікацыі тавараў, а таксама неабходнасьці атрымліваць суправаджальныя дакумэнты; увод гадавога патэнту на ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці; адмена дэкрэту прэзыдэнта № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» і іншыя.

Палітык разьлічвае, што індывідуальныя прадпрымальнікі падтрымаюць ініцыятыву АГП і далучацца да акцыі. Анатоль Лябедзька мяркуе, што апалітычныя настроі, якія панавалі на форуме прадпрымальнікаў, які адбыўся 11 студзеня, не характэрныя для пераважнай большасьці прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі:

Няма канфлікту паміж прадпрымальнікамі і палітыкамі, і гэта даказана цягам 2015 году.

«Па-першае, няма канфлікту паміж прадпрымальнікамі і палітыкамі, і гэта даказана цягам 2015 году. Я летась праехаў багата рэгіёнаў, наведаў рынкі ў кожным зь іх і паціснуў сотні рук індывідуальных прадпрымальнікаў. Каля 10 тысяч подпісаў у маю падтрымку падчас прэзыдэнцкай кампаніі паставілі менавіта „іпэшнікі“. Гэта сьведчыць пра іх спрыяльнае стаўленьне да палітыкі.

Па-другое, як прадпрымальнік, прадстаўнік малога і сярэдняга бізнэсу можа адмаўляць тыя 11 патрабаваньняў, якія мы зьбіраемся паставіць перад уладамі? Канфлікту няма. Наадварот, 2015 год стаў адметным тым, што мы ўпершыню зьвярталіся да індывідуальных прадпрымальнікаў ня толькі з эканамічнай павесткай дня, але і з палітычнай. Мы прапанавалі ім палітычны хаўрус. Мы паклікалі іх у свой сьпіс, каб падчас парлямэнцкай кампаніі больш выразна патлумачыць у тым ліку тое, што такое індывідуальны прадпрымальнік у Беларусі і для чаго ён існуе. Я лічу, што форум прадпрымальнікаў, які адбываўся 11 студзеня і на якім не далі слова палітыкам, ня трэба атаясамліваць з 260 тысячамі індывідуальных прадпрымальнікаў», — заявіў Свабодзе Анатоль Лябедзька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG