Авіякампанія LOT з-за непагадзі адмяніла сёньняшнія рэйсы LO-705 / B2-705 Варшава-Менск і LO-706 / B2-706 Менск-Варшава.
Раней на электронным табло на сайце Нацыянальнага аэрапорту «Менск» паведамлялася, што прылёт рэйса Варшава-Менск затрымліваецца.
«Самалёт ня быў адпраўлены з Варшавы ў Менск, адпаведна, назад зь Менску ў Варшаву ён таксама ня вылеціць. Пасажырам, у якіх былі квіткі на гэтыя рэйсы, прапанавана вылецець заўтра або перааформіць квіткі на іншыя рэйсы. Зь Менску сёньня павінны былі вылецець каля 70 чалавек», — паведамілі БелТА ў менскім прадстаўніцтве LOT.
Раней авіякампанія Lufthansa адмяніла сёньняшні рэйс LH-1486 Франкфурт-Менск.
На электронным табло на сайце Нацыянальнага аэрапорту «Менск» паведамляецца, што затрымліваецца прылёт рэйсаў з Харкава, Адэсы, Парыжу і Хургады.
Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту «Менск», «аэрапорт адчынены, аднак авіякампаніі маюць права прымаць свае рашэньні».