Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За мінулыя суткі сэпаратысты 42 разы парушылі рэжым цішыні на Данбасе


У прэс-цэнтры штабу антытэрарыстычнай апэрацыі ў суботу паведамілі, што за мінулыя суткі баевікі 42 разы парушылі ўмовы спыненьня агню ў зоне правядзеньня АТА на ўсходзе Ўкраіны. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні на старонцы ў Facebook.

Паводле дадзеных штабу, прарасейскія сэпаратысты ажыцьцяўлялі абстрэлы пазыцыяў Узброеных сіл Украіны ў раёне Сартаны, Шырокіна, Зайцава, Наўгародзкага, Арцёмава, Сьветладарска, Луганскага, Траецкага.

«Не спыняюцца абстрэлы падразьдзяленьняў сілаў АТА ля часова акупаванага Данецка. У прыватнасьці, падкантрольныя Расеі бандфармаваньні са стралковай зброі і гранатамётаў б’юць па Пясках, Вопытным і на поўдзень ад Аўдзееўкі. Пасьля паўночы баевікі ўжо двойчы ўжывалі зброю супраць нашых салдат», — гаворыцца ў паведамленьні.

Дадзеных пра пацярпелых ўкраінскіх вайскоўцаў у выніку гэтых абстрэлаў няма.

У той жа час у групоўцы «ДНР», якая часова кантралюе частку Данецкай вобласьці Ўкраіны, абноўленых дадзеных за апошнія гадзіны не прыводзяць. Учора ўдзень там заяўлялі пра 11 абстрэлаў сваіх пазыцыяў з боку сілаў АТА і гібель аднаго з сэпаратыстаў. У групоўцы «ЛНР», якая кантралюе частку Луганшчыны, пра абстрэлы не паведамляецца.

Зь верасьня бакі канфлікту пераважна прытрымліваліся рэжыму спыненьня агню на Данбасе, былі толькі адзінкавыя выпадкі парушэньняў гэтага рэжыму. Аднак з пачатку лістапада ўсё часьцей сталі паступаць паведамленьні пра парушэньні рэжыму спыненьня агню, у тым ліку з ужываньнем забароненых менскімі пагадненьнямі цяжкіх узбраеньняў. Бакі канфлікту ў Данбасе абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні менскіх пагадненьняў.

Па выніках пасяджэньня кантактнай групы ў Менску 22 сьнежня былі дасягнутыя дамоўленасьці пра чарговы рэжым цішыні ў Данбасе, што павінен быў пачаць дзейнічаць у ноч на 23 сьнежня 2015 году, але паведамленьні пра парушэньне рэжыму спыненьня агню працягваюць паступаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG