Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску асудзілі інваліда за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага


Віталь Гуляк
Віталь Гуляк

Віталь Гуляк аштрафаваны Ваўкавыскім раённым судом на 40 базавых велічынь — 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў па абвінавачаньні ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году, якая адбылася ў Сьвіслачы.

Віталь Гуляк — інвалід другой групы. Паводле Гуляка, СМС з запрашэньнем на суд ён атрымаў, калі ляжаў у гарадзенскім шпіталі, дзе яму рабілі апэрацыю на назе. Ён паведаміў суду праз тэлефон, што знаходзіцца ў гіпсе і ня можа прысутнічаць падчас разгляду ягонай справы.

Празь некалькі дзён Гуляк атрымаў праз пошту пісьмовае рашэньне суду ў якім гаварылася, што на падставе часткі 3 артыкула 23.34 КаАП РБ за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ён аштрафаваны на 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў. Вось як Віталь Гуляк пракамэнтаваў Свабодзе рашэньне Ваўкавыскага раённага суда:

— Нават ня ведаю, што сказаць і што думаць пра ўсё гэта, паколькі зараз знаходжуся дома пасьля апэрацыі, не магу нават на мыліцах хадзіць па хаце. Калі я, інвалід, прыйшоў ушанаваць памяць нашых нацыянальных герояў, якія склалі за нашы жыцьці галовы, і раптам атрымліваю такі штраф... Відавочна, што ніхто і ні аб чым ня думае ў гэтай дзяржаве, а тым, хто выпісвае нам гэтыя штрафы відавочна напляваць ня толькі на мёртвых, якія аддалі свае жыцьці і за іх у тым ліку, але і на жывых, якія прыходзяць і ўшаноўваюць мёртвых раз на год.

Па гэтай жа справе Сьвіслацкім раённым судом 19 лістапада быў пакараны штрафам на чатыры з паловай мільёна рублёў сьвіслацкі актывіст Юры Глебік. 3-га сьнежня гарадзенцы Віктар Сазонаў і Эдвард Дзьмухоўскі былі асуджаныя на мільён 800 тысяч кожны. Пазьней Уладзімера Хільмановіча асудзілі на 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў і Вітольда Ашурака зь Бярозаўкі — на адзін мільён 800 тысяч.

31 кастрычніка 2015 году ў гарадзкім пасёлку Сьвіслач і вёсцы Якушоўка, дзе было родавае гняздо Каліноўскіх, грамадзкія актывісты Гарадзеншчыны ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 году, усклалі кветкі да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальд Траўгуту і да магілы Віктара Каліноўскага, старэйшага брата кіраўніка паўстаньня 1863 году. Сьвіслацкія ўлады палічылі мерапрыемства несанкцыянаванай акцыяй.

Летась за ўдзел у акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году былі асуджаныя 18 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG