Міністэрства прамысловасьці і гандлю Расеі распрацавала законапраект аб узмацненьні жорсткасьці пакараньня за кантрабанду тавараў лёгкай прамысловасьці. Адпаведны дакумэнт апублікаваны на партале праектаў нарматыўных актаў.
Згодна з дакумэнтам, незаконны ўвоз празь мяжу Эўразійскага эканамічнага саюза (Расея, Беларусь, Казахстан, Армэнія і Кіргізія) партыяў шырспажыву коштам больш за 250 тысяч рублёў, прапануецца караць штрафамі, прымусовымі працамі або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 1 году да 12 гадоў.
За самастойны правоз кантрабанды пагражае штраф да мільёна рублёў або турэмны тэрмін да пяці гадоў. Для службовых асобаў пакараньне павінна скласьці да сямі гадоў пазбаўленьня волі з аналягічным штрафам. Чальцоў арганізаваных групаў кантрабандыстаў прапанавана караць турэмным тэрмінам ад 7 да 12 гадоў са штрафам да двух мільёнаў рублёў.
Паводле паправак да дакумэнта, канфіскаваная прадукцыя будзе зьнішчацца.
Законапраект вынесены на публічнае абмеркаваньне, якое будзе доўжыцца да 10 сакавіка.