Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсыянэры правялі несанкцыянаваны пікет


Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах» правялі несанкцыянаваны вулічны пікет на плошчы Свабоды ў Менску.

Большасьць удзельнікаў і ўдзельніц — людзі пэнсійнага веку, якія трымалі ў руках плякаты «Гульні ў дэмакратыю з намі скончыліся 11 кастрычніка», «Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак». Яны пратэставалі супраць адпісак і бязьдзейнасьці чыноўнікаў дзяржаўных адміністрацыйных устаноў, праваахоўных органаў, судоў і пракуратуры, а таксама супраць дзеяньняў кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандра Косінца, які адмовіў ім у прыёме, і супраць бязьдзейнасьці кіраўніка краіны, да якога яны зьвярталіся ўжо 42 разы.

Перад тым, як выйсьці на вулічны пікет, грамадзкія актывісты наведалі прэзыдэнцкую адміністрацыю. У кнізе скаргаў і прапаноў яны пакінулі запіс, у якім кіраўніка адміністрацыі вызваліць пасаду з тае прычыны, што ён не бароніць законныя правы грамадзян, не праводзіць прыёму грамадзян — і гэтым парушае шэраг законаў і Канстытуцыю краіны.

Пэнсіянэры і пэнсіянэркі стаялі ў пікеце больш за гадзіну пад наглядам міліцэйскіх чыноўнікаў у цывільным. Акцыя завяршылася без затрыманьняў.

Каардынатарка групы, праваабаронца Тамара Сяргей сказала Свабодзе:

Мы будзем выходзіць на пікеты да тае пары, пакуль нас ня выслухаюць

«Гэтым мы хочам сказаць, што нашыя правы парушаныя, што чыноўнікі бязьдзейнічаюць і не выконваюць свае абавязкі ў справе захаваньня законнасьці і што мы ня маем намеру адступацца ад абароны сваіх правоў. Гульня ў дэмакратыю з намі закончылася 11 кастрычніка 2015 году, калі чыноўнікі дэманстравалі зацікаўленасьць да праблемаў, якія мы ўздымаем. Але гэта была імітацыя зацікаўленасьці, і пасьля выбараў нас ніхто не жадае слухаць. Таму мы будзем выходзіць на пікеты да тае пары, пакуль нас ня выслухаюць».

Актывісты і актывісткі грамадзкай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах» дамагаюцца вырашэньня розных праблемных пытаньняў — датычных жыльля, працаўладкаваньня, маёмасьці, а таксама бязьдзейнасьці і адпісак чыноўнікаў у вырашэньні гэтых пытаньняў — з 2007 году. За гэты час яны некалькі дзясяткаў разоў зьвярталіся да кіраўніка краіны, але не атрымалі адказу.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў актывісты і актывісткі правялі пікет на плошчы Свабоды. У дзень чарговай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі іх затрымалі на чыгуначным вакзале Менску, а Тамару Сяргей зьвінавацілі ў рабаўніцтве. Гэтая ж група грамадзян выходзіла у 2011 годзе на вулічны пікет, які жорстка разагналі супрацоўнікі міліцыі, а ўдзельнікаў затрымалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG