Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даражэе грамадзкі транспарт. Жэтон у мэтро — 5500 руб


З 24 сьнежня цана адной паездкі ў Менскім мэтро будзе складаць 5500 рублёў. Адпаведнае рашэньне № 3535 прыняў 17 сьнежня Менгарвыканкам. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў прэс-сакратар сталічнага мэтрапалітэну Андрэй Кузьмін.

Таксама даражае і праезд у наземным транспарце — аўтобусах звычайных і хуткасных маршрутаў, тралейбусах і трамваях. Талёнчык будзе каштаваць 5 тысяч рублёў. Праязныя квіткі на колькасьць паездак рэалізуюцца асобна на мэтро і наземныя віды транспарту (аўтобус, тралейбус, трамвай). Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным твітэры мэтрапалітэна.

Даражэе і праезд на чыгунцы — у сярэднім на 33%. Павышэньне тарыфаў прадугледжанае пастановай Міністэрства эканомікі № 70, якая апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 22 сьнежня.

Падаражаньне закране цану праезду гарадзкімі і рэгіянальнымі лініямі эканом-клясы, рэгіянальнымі лініямі бізнэс-клясы, міжрэгіянальнымі лініямі. Таксама ўздымуцца тарыфы на перавозку багажу.

Так, тарыф на праезд на гарадзкіх лініях па адным напрамку павысіцца з 6,6 да 8,8 тысячы рублёў. Столькі будзе каштаваць, да прыкладу, паездка ад станцыі Мінск-Пасажырскі да станцыі Беларусь, Фаніпаль, Гарадзішча, Міханавічы альбо ад станцыі Берасьце — Цэнтральнае да Жабінкі.

Тарыф на перавозку пасажыраў па двух напрамках вырасьце з 13,2 да 17,6 тысячы рублёў (у межах двух тарыфных паясоў), з 14,4 да 19,2 тысячы (у межах трох тарыфных паясоў) і з 15,6 да 20, 8 тысячы рублёў (у межах чатырох тарыфных паясоў).

На рэгіянальных лініях эканомклясы тарыф за адну зону складзе 1600 рублёў замест цяперашніх 1200 рублёў, за 1 кілямэтар — 160 рублёў замест 120 рублёў.

На 33% павялічыцца тарыф на перавозкі пасажыраў у цягніках рэгіянальных ліній бізнэс-клясы, а таксама ў цягніках міжрэгіянальных ліній эканом- і бізнэс-клясы (і для дарослых, і для дзяцей ад 5 да 10 гадоў).

Пастанова Міністэрства эканомікі ўступае ў сілу праз 3 дні пасьля афіцыйнага апублікаваньня.

Раней праезд на чыгуначным транспарце даражэў у сакавіку 2014 году. Тады цэны на квіткі ў сярэднім вырасьлі на 30%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG