Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Шпакоўская пайшла на прынцып і выдае альбом «Мая Малітва»


Гурт Naka
Гурт Naka

Пасьля судовых працэсаў, ініцыяваных кампазытарам Алегам Моўчанам, удзельнікі гурту Naka напісалі ўласную музыку на верш Янкі Купалы.

Папулярны гурт Naka прадставіў кліп «Мая Малітва» — экранізацыю загалоўнай песьні зь беларускамоўнага альбому, які рыхтуецца да выхаду.

Сюжэт сымбалізуе яднаньне чалавека з прыродай, а відэа, як кажуць музыкі, стала «самым натуралістычным ў гісторыі каманды». Дарэчы, для здымкаў вакалістка калектыву Наста Шпакоўская авалодала майстэрствам верхавой язды і бліскуча справілася з роляй вершніцы.

Песьня на верш Янкі Купалы была падрыхтаваная адмыслова для трыб’юту легендарнага гурту «Песьняры». Як кажа Наста Шпакоўская, пасьля шматлікіх судовых працэсаў, ініцыяваных кампазытарам Алегам Моўчанам, удзельнікі прынялі рашэньне напісаць уласную музыку на верш клясыка беларускай літаратуры і зьняць кліп, які анансуе выхад першага ў гісторыі гурту альбому цалкам на роднай мове:

«Выхад гэтага кліпу для мяне зьяўляецца фіналам доўгай павучальнай гісторыі, у якой зьмяшаліся творчасьць, помста, хітрасьць і амбіцыі. Насуперак гэтаму мы вырашылі давесьці гісторыю да канца, таму што вершы Янкі Купалы належаць народу — тым больш верш, у якім паэт моліцца за беларускі народ. На мой погляд, кожны мае права складаць музыку на творы нашага клясыка, выконваць іх і жыць імі. Калі, канечне, ён неабыякавы да лёсу свайго народа».

Над відэавэрсіяй песьні працавалі рэжысэр Арцём Лобач, апэратар Аляксандар Алейнікаў і мастачка Наста Шастак. Гэтая ж каманда раней зьняла кліп «Пра Любоў» — антываенную песьню на трох славянскіх мовах.

Выкананая Настай Шпакоўскай разам са Сьвятланай Бень з гурта «Серебряная свадьба» і Ганнай Хітрык з каманды Sounduk, песьня набыла шырокую вядомасьць на тэрыторыі трох краінаў — ва Ўкраіне, Беларусі і Расеі.

На сайце Naka беларускамоўны альбом зьявіцца ў студзені 2016 году і будзе мець назву, аналягічную загалоўнай тэме — «Мая Малітва». Прадстаўленьне альбому па гарадах Беларусі і іншых краінаў пачнецца ў студзені-лютым, а 18 сакавіка наступнага году з гэтай нагоды адбудзецца вялікі канцэрт у менскім клюбе Re: Public.

17 красавіка Вярхоўны суд часткова задаволіў пазоў кампазытара Алега Моўчана да сьпявачкі Насты Шпакоўскай. Суд прызнаў, што Шпакоўская парушыла правы Моўчана, выканаўшы яго песьню «Малітва» ў сваёй аранжыроўцы. Але з заяўленых 18 мільёнаў рублёў суд задаволіў патрабаваньне аб кампэнсацыі толькі ў памеры 9 мільёнаў рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG