Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна і мір Сьвятланы Алексіевіч


Вайна і мір Сьвятланы Алексіевіч
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:34:02 0:00

Вайна і мір Сьвятланы Алексіевіч

Што пачулі з Нобэлеўскай трыбуны, ці аб’яднае беларусаў прэмія і ці прывядзе грамадзтва ў рух? Пра гэта ў перадачы «Зона Свабоды», якую вяла Алена Ціхановіч, дыскутавалі журналісты Радыё Свабоды Аляксандра Дынько, Ян Максімюк і Сяргей Навумчык.


«Бяру на сябе сьмеласьць сказаць, што мы змарнавалі свой шанец, які ў нас быў у 90-ыя гады. На пытаньне: якой павінна быць краіна — моцнай або годнай, дзе людзям добра жыць, выбралі першы — моцнай. Цяпер зноў час сілы. Расейцы ваююць з украінцамі. З братамі. У мяне бацька — беларус, маці — украінка. І так у многіх. Расейскія самалёты бамбуюць Сырыю...
Час надзеі зьмяніўся часам страху. Час павярнуў назад... Час сэканд-хэнд...»

Ціхановіч: Гэта фрагмэнт Нобэлеўскай лекцыі — вайна і мір, і чалавек Сьвятланы Алексіевіч...

Першая ў гісторыі незалежнай Беларусі Нобэлеўская прэмія стала заслугай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч. Можа быць, таму, што яна першая так шмат увагі і патрабавальнасьці надала гераіні ў грамадзтве, а з іншага боку, у сыстэме першага прэзыдэнта так шмат разгубленасьці і дэманстратыўнай няўвагі. Дык з чым нас, беларусаў, можна павіншаваць? Ці можна гаварыць, што нацыя набыла свой новы маральны аўтарытэт? Першае пытаньне да Аляксандры Дынько, якая суправаджае пісьменьніцу на працягу ўсяго Нобэлеўскага тыдня. Прывітаньне, Аляксандра.

Дынько: Прывітаньне, Алена.

Ціхановіч: Якія ў вас уражаньні ад атмасфэры ўрачыстасьці, у якой была Алексіевіч і увогуле, як вы яе ўспрынялі ў новай якасьці?

Ты бачыш людзей, якія так цяжка працавалі і так шмат, якія настолькі таленавітыя, што ўнёсак кожнага з іх зьмяніў сьвет і тваё жыцьцё ў прыватнасьці.

Дынько: Вы ведаеце, гэтыя мерапрыемствы, якія праходзяць падчас Нобэлеўскага тыдня — частка з іх такая ўрачыстая, патасная, пратакольная і нават старамодная. Учора была цырымонія ўручэньня Нобэлеўскай узнагароды, і усе гэтыя дрэс-коды, калі мужчыны прыходзяць абавязкова ў фраках, а жанчыны ў доўгіх сукенках, удзел караля; калі кароль устае — усе ўстаюць, а падчас нобэлеўскага банкету, напрыклад, пакуль кароль не ўстане, ніхто не можа ўстаць з-за стала, нават у туалет. І вось гэтая ўрачыстасьць і патаснасьць, калі ты там прысутнічаеш, я не ведаю, ці гэта было відаць праз трансьляцыю, але насамрэч ты адчуваеш, што гэта ўсё зроблена для таго, каб ушанаваць веліч чалавечага духу. Ты бачыш на сцэне дзесяць нобэлеўскіх ляўрэатаў — ты разумееш, што ты бачыш людзей, якія так цяжка працавалі і так шмат, якія настолькі таленавітыя, што ўнёсак кожнага з іх зьмяніў сьвет і тваё жыцьцё ў прыватнасьці. І ўсе гэтыя ўрачыстасьці зробленыя менавіта для гэтага. Не яны прыйшлі сустракацца з каралём, а кароль прыйшоў, як сымбаль Швэцыі, ушанаваць, уганараваць іхны ўчынак. Так было са Сьвятланай Алексіевіч, яна заўсёды была шчырая — гэта гаварылі мне ўсе, з кім я размаўляла пасьля імпрэзаў з яе ўдзелам, яна была адкрытая, было відаць, што яна хвалюецца, але гэтае хваляваньне не перашкаджала ёй казаць пра тое галоўнае, пра што яна хацела сказаць.

Ціхановіч: Ці не здалося вам, што аплядысмэнты, якімі заля сустракала Алексіевіч, былі самыя гучныя?

Дынько: Гэта справядліва, так, Сьвятлану Алексіевіч ведаюць, і, я б сказала, паважаюць і любяць. Там было шмат швэдаў, усе кнігі Сьвятланы Алексіевіч перакладзеныя на швэдзкую мову, шмат хто яе чытаў, ну і вы ведаеце, што Нобэлеўскі ляўрэат па літаратуры проста бліжэйшы да публікі, таму што яго вядомасьць і разуменьне таго, што ён зрабіў, нашмат шырэйшае, чым, напрыклад, Нобэлеўскага ляўрэата па хіміі.

Ціхановіч: Непасрэдна перад тым, як Сьвятлана Алексіевіч атрымала свой дыплём і залаты мэдаль з рук швэдзкага караля, старшыня Нобэлеўскага камітэту па літаратуры Пэр Вэстбэрг назваў яе пяць кніг літаратурным і маральным шэдэўрам. Ян, як вы думаеце, гэта моцны аргумэнт супраць тых, хто раней казаў, што тое, што піша Алексіевіч, гэта, маўляў, не літаратура?

Я думаю, успрыманьне Алексіевіч замежным чытачом, магчыма, дазволіць і нам убачыць яе ў іншым сьвятле.

Максімюк: Напэўна. Гэта моцны аргумэнт. Я прыгадваю, я быў у Беластоку два тыдні пасьля абвяшчэньня Нобэлеўскага вэрдыкту прэміі па літаратуры, і я ўбачыў у беластоцкіх кнігарнях чатыры кніжкі Алексіевіч на польскай мове. У кнігарнях у Празе мы бачым кніжкі на чэскай мове. Вось гэта ёсьць аргумэнт, людзі пачынаюць цікавіцца, хочуць даведацца, што існуе такая пісьменьніца, і я думаю, такое ўспрыманьне Алексіевіч чытачамі ў іншых краінах, бачаньне нашай пісьменьніцы вачыма іншых будзе аргумэнтам і будзе пераконваць тых, хто казаў: тое, што піша Алексіевіч, гэта журналістыка. Пачынаючы з часоў перабудовы гэта ўжо тысячы разоў перамалолася ў публіцыстыцы. Я думаю, успрыманьне Алексіевіч замежным чытачом, магчыма, дазволіць і нам убачыць яе ў іншым сьвятле, і ўбачыць таго, чаго да гэтай пары мы не бачылі.

Ціхановіч: А зараз пра тое, чаму над ёй вось так сёлета сышліся зоркі. Калі мы азірнемся на гэты год, які сыходзіць — у тую ж Нямеччыну прыйшоў мільён уцекачоў, калі па новай успыхнула вайна ў Сырыі, Расея пасьля Украіны кінулася біцца з Турэччынай. Сяргей, на вашу думку, ці можна назваць рашэньне Нобэлеўскага камітэту празорлівым, што яно дало прэмію таму аўтару, які дасьледуе чалавека ў часы катастрофы? Які піша нон-фікш літаратуру?

На Захадзе нон-фікшн даўно ўжо прызнаны як літаратурны жанр, там стрэлы не ламаюць з гэтай нагоды.

Навумчык: Справа ў тым, што ня толькі гэты год пераломаў, катастрофаў, як вы сказалі. Прыгадайце 2014-ы год — там увогуле ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, упершыню краіна-сябар рады бясьпекі ААН учыніла агрэсію — такога проста ніколі не было. Я бы не стаў ня тое што перабольшваць палітычны фактар, а ўвогуле неяк яго браць пад увагу. Мы ведаем, што архівы, стэнаграмы, пратаколы Нобэлеўскага камітэту рассакрэчваюцца толькі праз 50 гадоў, мы з вамі ўжо іх не прачытаем, нашы ўнукі напэўна, але вось тыя архівы, якія рассакрэчаныя, скажам, да 1964-65-га года, паказваюць, што нават у прэміі Пастэрнаку за «Доктара Жывага» палітычны фактар — мы памятаем, якія тады былі дэбаты, якія падзеі, яны фактычна падкасілі Пастэрнака — практычна не браўся пад увагу. Ацэньваюцца мастацкія, гуманістычныя якасьці, калі гаварыць пра Алексіевіч — я думаю, тут два фактары. Мастацкія якасьці, праблемы гуманізму і тое, што мы казалі. Пасьля Чэрчыля за 60 гадоў аўтар атрымаў прэмію за нон-фікшн, за дакумэнтальную літаратуру. На Захадзе нон-фікшн даўно ўжо прызнаны як літаратурны жанр, там стрэлы не ламаюць з гэтай нагоды. У нас напэўна пройдзе яшчэ 50 гадоў, пакуль прызнаюць. Але гэта канечне важны момант, проста Нобэлеўскі камітэт паказаў, што так — гэта літаратура. Ну і канечне, Алексіевіч — гэта выдатная пісьменьніца.

Ціхановіч: Якія спадзяваньні нарадзіліся ў беларускіх элітаў у сувязі з набыцьцём Нобэля? Ці былі адэкватнымі спадзяваньні, што Алексіевіч павінна стаць голасам і сумленьнем Беларусі і гаварыць толькі як беларуская пісьменьніца, выступаць супраць «русского мира»?

Я думаю, што тут натуральна кожны пісьменьнік, які атрымлівае такую прэмію, ёсьць нейкім чынам ня толькі прыватнай асобай, але і голасам народу.

Максімюк: Я б сказаў, што такія спадзяваньні былі, і яны былі нешматлікія, хутчэй за ўсё, як вы кажаце, большасьць сумнявалася ў тым, ці ўвогуле яна выступіць як беларуская пісьменьніца, ня кажучы пра тое, ці будзе яна прадстаўляць беларускае бачаньне рэчаіснасьці. Што тычыцца таго, ці беларуская яна пісьменьніца, ці нейкая іншая, думаю, яна дакладна адказала на гэтае пытаньне ў сваіх і Нобэлеўскай лекцыі, і банкетнай прамове. Што тычыцца таго, ці фактычна яна можа стаць голасам і сумленьнем Беларусі — я б тут быў асьцярожны. Я думаю, што тут натуральна кожны пісьменьнік, які атрымлівае такую прэмію, ёсьць нейкім чынам ня толькі прыватнай асобай, але і голасам народу. Але я ня думаю, што Сьвятлане Алексіевіч роля такога голасу народу выгадная, яна хутчэй за ўсё прыватны чалавек.

Ціхановіч: Мы ня можам не заўважыць тое разьвіцьцё, якое Сьвятлана Алексіевіч зрабіла літаральна на працягу гэтага Нобэлеўскага тыдня, я хачу якраз у сувязі з гэтым зьвярнуцца да Аляксандры як да бліжэйшай сьведкі. Памятаеце, Аляксандра, толькі напачатку, адразу пасьля лекцыі некаторыя беларускія аўтары пачалі крытыкаваць Алексіевіч за тое, што яна мала гаварыла пра Беларусь у сваёй лекцыі, што не сказала ні слова па-беларуску, і яна якраз выбрала вас, каб праз вас адказаць сваім крытыкам. А вось тое, што прагучала як разьвітальнае слова на банкеце, хіба не паказала, што яна сапраўды мае такое мудрае вуха, каб і пачуць крытыку і рэагаваць?

Я ведаю, гэтая прамова дапрацоўвалася, зьмены ў яе ўносіліся літаральна за гадзіны да цырымоніі.

Дынько: Сапраўды гэтая прамова, якая прагучала на банкеце, яна зрабіла ўсю Беларусь шчасьлівай. Адну канкрэтную краіну адной канкрэтнай прамовай Нобэлеўская ляўрэатка ашчасьлівіла. Я ведаю, гэтая прамова дапрацоўвалася, зьмены ў яе ўносіліся літаральна за гадзіны да цырымоніі. Не ведаю, у якой канкрэтна частцы яна была пераробленая, але тое, што Сьвятлана працавала над ёй да апошняга моманту — гэта сапраўды так, гэта тое, што мне сказалі падчас банкету. Канечне, я бачыла пасьля ў сацыяльных сетках, у Фэйсбуку, як людзі на гэта рэагавалі — усе былі шчасьлівыя. Я падышла пасьля да Сьвятланы Аляксандраўны, сказала, што я плакала падчас яе прамовы — гэта сапраўды так, але яна, праўда, мне адказала: «ну, Аляксандра, калі ўжо вы плакалі...».

Ціхановіч: Крытык Свабоды Сяргей Дубавец таксама прызнаўся ў сваім блогу, што ён таксама, калі пачуў беларускую мову, плакаў, што Сьвятлана Алексіевіч усіх расчуліла, я скажу, што многія крытыкі пісалі, што гэта была бліскучая кульмінацыя.

Былы пасол Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан быў усе гэтыя дні адмысловым Нобэлеўскім аташэ ляўрэаткі, яе памочнікам і дарадцам. Вось што ён сказаў у інтэрвію Свабодзе.

Для мяне гэтая ўзнагарода — гэта ўсё ж доказ таго, што Беларусь зьяўляецца часткай Эўропы і астатняга сьвету.

Эрыксан: Перш за ўсё гэта такі важны момант для беларусаў, як успрымаць гэта. Для мяне гэтая ўзнагарода — гэта ўсё ж доказ таго, што Беларусь зьяўляецца часткай Эўропы і астатняга сьвету. Тое, што адбывалася, адбываецца ў Беларусі — гэта цікава, гэта важна ня толькі для саміх беларусаў, гэта такі крок, я бы сказаў, збліжэньня Беларусі з астатнім сьветам, таму што ў чымсьці, гэта Сьвятлана сама гаварыла, падзеі ў Беларусі разьвіваліся трохі асобна, мабыць, адарвана ад працэсаў, якія адбываюцца ў астатнім сьвеце. У нас глябалізацыя, і таму, я лічу, вельмі важна мець стаўленьне да таго, што адбываецца ў суседніх краінах, і ня толькі ў суседніх. Нават тое, што адбываецца ў краінах на вялікай адлегласьці, мае для нас значэньне. Мы вывучаем самога сябе праз тое, як мы ўспрымаем, што адбываецца навокал. Я думаю, што ў Швэцыі я магу гаварыць толькі пра Швэцыю. Былі людзі, якія, хачу падкрэсьліць, добра ведалі пра Беларусь, мабыць, у Швэцыі больш, чым у сярэдняй эўрапейскай краіне, але натуральна, вось гэта падзея яшчэ пашырыць вядомасьць ня толькі Сьвятланы Алексіевіч, але людзі таксама будуць больш ведаць пра Беларусь. Я лічу, што гэта сапраўды шанец для краіны стаць эўрапейскай.

Ціхановіч: Ці ганарыцеся вы прэміяй, якую атрымала Сьвятлана Алексіевіч? Такое пытаньне наш карэспандэнт задаў мінакам на вуліцах Менску.

— Канечне, ганаруся. Гэта першая для Беларусі Нобэлеўская прэмія. Таму гэта вельмі прыемна.
Мне канечне ня блізкія напэзна яе апазыцыйныя настроі. Я лічу, што беларуска ўсё павінна пісаць і пра Беларусь у цэлым, і нейкія пазытыўныя настроі.
— Я, на жаль, не глядзела.
— РС: Што не глядзелі?
— Нобэлеўскія прэміі. Яна сьпявачка?
— Я за яе радая. Але, на жаль, прабачце, ня ведаю, хто гэта. Таму што ў жыцьці іншыя праблемы.
— Не. Не ганаруся. З прычыны таго, што я ведаю, усю інфармацыю пра яе расказваюць, не, не ганаруся. Не падтрымліваю. Не магу гэта ўсё вам раскрыць, так што не.
— РС: З-за яе палітычных поглядаў?
— Палітычных.
— Ганаруся. Ну чаму, таму што хоць яна кажа, што яна паходжаньня трохі ўкраінскага, але ж беларускае таксама ёсьць.
— Так, вядома ж, ганаруся. Я проста не грамадзянін Беларусі, але я ганаруся за вас. І яе стаўленьне да Ўладзіміра Ўладзіміравіча Пуціна мне таксама вельмі падабаецца.
— Я вельмі ганаруся ёй. Ва ўсім сьвеце яе ведаюць, цэняць, і мне вельмі шкада, што ў маёй роднай краіне пра яе ніхто нават ня ведае. І што на самым высокім узроўні наш прэзыдэнт нават не павіншаваў яе, гэта абы-што.

Ціхановіч: Калегі, як вы мяркуеце, пасьля прагляду гэтага відэаінтэрвію, ці спраўдзіцца спадзеў Стэфана Эрыксана, што прэмія Алексіевіч аб’яднае беларусаў?

Калі наступіць нейкае паразуменьне ці збліжэньне, то, хутчэй за ўсё, я б сказаў, у сфэры культуры.

Максімюк: Я скажу так: хацелася б, каб ён спраўдзіўся, каб яна аб’яднала, хоць, што тычыцца такога палітычнага падзелу беларусаў, у мяне ёсьць сумневы, што яна можа да гэтага спрычыніцца. Калі наступіць нейкае паразуменьне ці збліжэньне, то, хутчэй за ўсё, я б сказаў, у сфэры культуры, бо Сьвятлана Алексіевіч даказвае сваёй творчасьцю, сваёй асобай і тым, пра што яна гаварыла ў Стакгольме на гэтым тыдні, што магчыма быць выхаваным у рускай культуры, магчыма ў Беларусі пісаць па-руску, і ўсё ж такі быць беларускай пісьменьніцай і сказаць у сваёй творчасьці пра свой народ, а не толькі пра расейцаў ці пра савецкі народ агульна.

Ціхановіч: Сяргей, а як вы пракамэнтуеце той погляд, што некаторыя беларусы лічаць Алексіевіч апазыцыйнай пісьменьніцай? Памятаеце, які страх быў і разгубленасьць беларускага тэлебачаньня, якое адмовілася трансьляваць Нобэлеўскую лекцыю? Але па сутнасьці ў лекцыі не было нічога, чаго нельга было б паказаць па беларускім тэлебачаньні. Там не было ні Пуціна, ні Лукашэнкі. Вы сказалі, ну і добра — лекцыя павінна быць апалітычнай. Якія важныя акцэнты дадала тая разьвітальная прамова?

Навумчык: Я не лічу, што лекцыя павінна быць апалітычнай, я проста бачу, што могуць быць розныя лекцыі, і з палітычным ухілам, і зь нейкім тлумачэньнем творчага мэтаду. Алексіевіч выбрала апошні варыянт, гэта яе права. Нічога дзіўнага ў такім падыходзе некаторых людзей, апытаных на вуліцы, няма, таму што ўжо больш як дваццаць гадоў існуе ў Беларусі такая тэндэнцыя, якая навязваецца ўладамі праз дзяржаўныя СМІ. На гэтым вырасла пакаленьне, нават можа ўжо другое расьце пакаленьне, што тыя, хто не з Лукашэнкам, — тыя супраць усяго. Вось не пайшла яна на паклон да Лукашэнкі — значыць, яна апазыцыянэрка, хаця якраз-такі я бы сказаў, калі прааналізаваць інтэрвію Сьвятланы Алексіевіч, пачынаючы з 90-х гадоў, яна далёка не ва ўсім падтрымлівала, напрыклад, Беларускі Народны Фронт. Я бы сказаў, што яна ўвогуле БНФ не падтрымлівала. Крытыкавала пэўных лідэраў Народнага Фронту, пры тым, што яна, безумоўна, чалавек дэмакратычных перакананьняў.

Наш калега Юры Дракахруст трапна заўважыў, калі б там у адміністрацыі сядзелі больш разумныя людзі, яны б «Час сэканд-хэнд» друкавалі б двух-трохмільённым накладам і зрабілі б абавязковым чытаньнем у школах, бо яна паказвае 90-я гады як сапраўды гады абсалютнай трагедыі. А мы ведаем, што 90-я гады былі і іншыя...

Ціхановіч: Мы ведаем, што ў тых спадзяваньнях, якія выказваліся сучаснымі беларусамі, якраз рабіўся націск на тое, што не хапае сучасных рэалій, не хапае іх ацэнкі. Яна гэта зрабіла ў сваёй разьвітальнай прамове.

Навумчык: Калі вы маеце на ўвазе творчасьць, то як пісьменьніца яна мае права выбіраць любую тэму, паказваць як ёй хочацца. Мы не можам прад’яўляць прэтэнзіі, прабачце, да Дастаеўскага, што ён паказаў нейкія цёмныя бакі Пецярбургу ці таго часу.Я думаю, што зараз мы павінны ўспрымаць і Нобэлеўскую лекцыю, і яе банкетную прамову ў комплексе. Нобэлеўская лекцыя была больш пра творчы мэтад і гуманістычныя ідэалы, а вось прамова ўжо мела больш актуальны, больш палітызаваны і, як мы бачым у завяршэньні, ужо нацыянальны ўхіл. Адзінае, што я скажу, я пагадзіўся б з тымі яе крытыкамі, якія сказалі, што ўсё ж такі ў Нобэлеўскую лекцыю, паколькі яна застаецца назаўсёды, усё ж можна было ўплесьці нейкую фразу пра праблемы беларускай мовы, пра праблемы нацыі.

Ціхановіч: Тое, што мая краіна — Беларусь.

Навумчык: Так, яна казала пра гэта, што Беларусь яе краіна, а вось банкетная прамова — я таксама вельмі эмацыйна яе ўспрыняў, асабліва калі пачуў, што яна прыгадала — у Нобэлеўскай лекцыі яна прыгадала Адамовіча, а тут яшчэ Васіля Быкава.

Ціхановіч: А зараз «Улоў беларускага сеціва».

Юлія Коцкая: Беларусы ўважліва сочаць за Нобэлем Сьвятланы Алексіевіч. Падчас яе лекцыі шмат хто выкладаў свае фоты. Вось адны глядзяць у бары, вось другія сочаць на ютубе пад дранікі. Па дзяржаўным ТБ не паглядзіш. У асноўным беларусы віншуюць Сьвятлану Алексіевіч, але шмат хто абураецца: яна мала казала пра Беларусь. «Што ж, лекцыя сама па сабе добрая, але вядома, гэта прамова не беларускай пісьменьніцы», — піша рэдактар ARCHE Аляксандар Пашкевіч. «Алексіевіч у Нобэлеўскай лекцыі была мне чужою. У маёй сям’і іншае мінулае і іншае бачаньне гісторыі. Яна казала «мы» там, дзе ў маёй сям’і казалі і кажуць «яны», — заўважае рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько. «Алексіевіч над Беларусьсю, лунае высока», — нібы адказвае журналіст з Белсату Сяргей Пеляса. «А той, хто зараз ные: вы чакалі, што Алексіевіч зараз высунецца ў прэзыдэнты і пачне крычаць „Я прыйшоў, каб вы перамаглі“? Яна пісьменьніца», — падкрэсьлівае Андрэй Кім. «Напэўна, Алексіевіч трэба было сказаць пару слоў пра надоі і ротарную жатку. Тады дакладна ўсе былі б задаволеныя», — іранізуе блогер Яўген Ліпковіч. Але пакуль адны спрачаліся ў сацыяльных сетках, іншыя па заканчэньні лекцыі запусьцілі салют над Драздамі.

Ціхановіч: Аляксандра, у мяне пытаньне да вас, таму што, як я ўжо згадала, Алексіевіч выбрала вас як мэдыятара, які б адказаў за яе на крытыку. Як вы думаеце, мы ведаем Алексіевіч, што яна чалавек поглядаў, чалавек цьвёрды, верная сабе. Кароль хацеў, каб яна прыйшла ў вечаровай сукенцы да падлогі. Гэтага патрабуе і рэглямэнт Нобэлеўскага камітэту. Алексіевіч зручней ў штанах, яна прыйшла ў штанах. Беларусы хацелі, каб больш сказала пра Беларусь, каб сказала па-беларуску, і яна праявіла гнуткасьць. Як вы думаеце, чаму?

У Сьвятланы Аляксандраўны ёсьць такія якасьці, якімі хацелася б, каб валодалі нашыя палітыкі.

Дынько: У Сьвятланы Аляксандраўны ёсьць такія якасьці, якімі хацелася б, каб валодалі нашыя палітыкі. Яна сапраўды ідэальна ўмее фармуляваць праблемы сучаснасьці, і калі ёсьць закіды наконт таго, што яна неяк недасканала і недастаткова выказалася пра сваю палітычную пазыцыю, то гэта абсалютна не так. Кажуць, што яна па-над палітыкай — ну гэта проста несправядліва, бо вакол гэтых падзеяў былі раздадзены мільёны інтэрвію, у якіх яна была празрыстая ў сваім стаўленьні да таго, што адбываецца іў Беларусі, і ў Расеі, і ў канфлікце паміж Расеяй і Украінай. У яе вельмі вялікае палітычнае чуцьцё, уменьне бачыць праблему, бачыць, чаго хочуць людзі, уменьне шчыра і ясна зьвяртацца да гэтых людзей. Я мела магчымасьць назіраць яе ў розных аўдыторыя, яна для кожнага знаходзіць свае словы.

Ціхановіч: Нельга яе абвінаваціць у тым, што яна, як Лукашэнка, трошку папуліст?

Дынько: Абсалютна не. Абсалютна няма такога ўражаньня, я ўжо казала, што ўсе зьвярталі ўвагу на яе шчырасьць, на яе вернасьць сабе, і вы толькі што сказалі, што гэтую вернасьць сабе можна і вонкава прасачыць. Заўважу, што падчас гэтай банкетнай прамовы яна мусіла зьвярнуцца да караля паводле этыкету — яна гэтага не зрабіла.
Ціхановіч: Чаму прэмія Алексіевіч, а ня іншаму? Напэўна гэтае пытаньне задавалі многія. Расейскі выдавец кніг пісьменьніцы Барыс Пастэрнак прапануе сваё тлумачэньне і вызначае крытэр яе посьпеху.

Нобэлеўская прэмія — гэта найперш міжнароднае прызнаньне. Яе атрымлівае чалавек, якія робіць вялікі ўплыў на грамадзкае меркаваньне ў сьвеце.

Пастэрнак: Трэба разумець, што Нобэлеўская прэмія — гэта найперш міжнароднае прызнаньне. Яе атрымлівае чалавек, якія робіць вялікі ўплыў на грамадзкае меркаваньне ў сьвеце. Калі кажуць, што «адзін надзвычай таленавіты пісьменьнік яе не атрымаў, а іншы геніяльны нават не разглядаўся», мяне гэта зьдзіўляе. Адразу зьяўляецца пытаньне, а што ўласна зрабіў гэты чалавек з надзвычайным талентам? Ён напісаў такую колькасьць кніг? Ён сабраў іх неяк? Яны перакладзеныя ва ўсім сьвеце? Яны сталі сьцягам для пэўнай колькасьці людзей? Яны паўплывалі на грамадзкае меркаваньне ці не?

Вось са Сьвятланай гэта ўсё адбылося літаральна зь першай кнігі. На сёньняшні дзень, здаецца, 120 выданьняў ва ўсім сьвеце яе кніг на 20 мовах. Велізарная колькасьць спэктакляў, што важны паказьнік. Яе кнігі дыялягічныя і просяцца на сцэну. Знаходзіцца маса людзей ад школьных тэатраў да прафэсійных, якія іх інсцэнізуюць. Людзі захоплена гэта глядзяць. Гэта такая каштоўная якасьць, якая мала ў каго зь пісьменьнікаў ёсьць.

Мы да яе ставіліся як да вельмі буйнога, выбітнага пісьменьніка, ацэньваючы абсалютна не ступень стылістычных штукарстваў або надзвычайнага мастацкага таленту, а ацэньваючы ступень яе сумленнасьці і шчырасьці і яе здольнасьць уплываць на грамадзкія працэсы ў сьвеце. Усё гэта ў яе ёсьць і, дзякуй богу, захавалася.

Ціхановіч: У адным з інтэрвію Свабодзе Алексіевіч ужыла такую фразу: калі б я была прэзыдэнтам. Можа быць, гэта такая моўная фігура. Сяргей, як вы ацэньваеце палітычныя амбіцыі Алексіевіч?

Навумчык: Я вельмі слаба асабіста ведаю Алексіевіч, знаёмы з ёй, але 22 гады таму апошні раз сустракаўся з ёй. Ну, акрамя па тэлефоне. Мне цяжка сказаць, але я адчуваю, яна абсалютна чалавек індыфэрэнтны да актыўнай палітыкі. У яе была магчымасьць сто разоў удзельнічаць у палітыцы, ісьці на нейкія выбары, дэпутатам і гэтак далей, яна гэтага не рабіла. Я думаю, яна проста адчувае сваё пакліканьне — гэта літаратура. Безумоўна, ніхто не аспрэчвае, што Нобэлеўская прэмія — гэта гістарычная падзея для Беларусі, гэта тое, што застанецца, і ўжо ад нас, ад грамадзянаў Беларусі залежыць, ці зможам мы скарыстацца тым, што дае прэмія Сьвятланы Алексіевіч.

Ціхановіч: А калі казаць пра яе даволі жорсткія ацэнкі, якія гучаць? Перад адлётам у Стакгольм яна сказала: мы жывем як у партызанскім атрадзе, іншыя рэчы. З другога боку, яна выказвае спадзяваньне, што грамадзтва прыйдзе ў рух. Сам гэты Нобэль, сама Алексіевіч, якой яна стала, здольна гэта быць такім штуршком, каб грамадзтва прыйшло ў рух?

Максімюк: Напэўна, так. Калі казаць пра пэрспэктывы ўдзелу ў палітыцы Алексіевіч, я б сказаў, што я сабе магу ўявіць, што яна можа прыйсьці на мітынг, дзе зьбіраюцца людзі і сказаць сваё слова зараз ужо ў іншай зусім якасьці, але я ня думаю, што яна б належала да тых, хто такі мітынг арганізаваў. Калі я зь ёй гаварыў два гады таму, яна сказала, што ёй яшчэ хочацца напісаць дзьве кнігі, а ведаючы, як Сьвятлана Алексіевіч працуе, не сьпяшаючыся, перапісваючы ўвесь час, энэргія, якая застаецца, у яе на гэтыя дзьве кнігі і пойдзе. Пра палітыку я тут не гаварыў бы.

Ціхановіч: Аляксандра, хто цяпер самы знакаміты беларус?

Дынько: Я вярнуся да вашага папярэдняга пытаньня, я шчыра лічу, што на дадзены момант Сьвятлана Алексіевіч ужо перамагла Аляксандра Лукашэнку. І цяпер людзі, якія будуць прадстаўляць Беларусь у сьвеце і казаць «Я зь Беларусі», першае, што людзі будуць згадваць — не Лукашэнка, не апошняя дыктатура Эўропы, а тое, што Беларусь — краіна Нобэлеўскага ляўрэата. Гэта зрабіла Сьвятлана Алексіевіч.

Ціхановіч: Сьвет ацаніў Сьвятлану Алексіевіч за тое, што пачула, што сабрала галасы жыхароў савецкай утопіі, што падзяляла іх боль і ілюзіі, што ўрэшце сама з гэтымі ілюзіямі разьвіталася. Ну а беларусы атрымалі маральнае задавальненьне, што сказала і пра краіну, і пра мову, што данесла нашу крыўду, нашы спадзяваньні, як Купала казаў, на сьвет цэлы. Адно з важнейшых пытаньняў, якое ўзьняла пісьменьніца ў сваёй Нобэлеўскай лекцыі, застаецца адкрытым: чаму ўсе нашы пакуты і крыўды не канвэртуюцца ў свабоду? Гэта адно з пытаньняў, пра якія мы думаем, спрачаемся, шукаем адказы разам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG