Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Хадаркоўскі — расейскім кіраўнікам: «Мне вас шкада»


Міхаіл Хадаркоўскі
Міхаіл Хадаркоўскі

Старшыня «Адкрытай Расеі» адказаў на абвінавачваньні Генэральнай пракуратуры РФ у тым, што ён зрабіў «ілжывыя заявы» аб супрацьпраўнасьці расейскіх законаў.

На сайце «Адкрытай Расеі» Міхаіл Хадаркоўскі апублікаваў свой адказ на вылучаныя супраць яго абвінавачваньні ў экстрэмізьме. Ён піша, што прачытаўшы заяву Генэральнай пракуратуры Расеі, адчуў жаль да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна — таму што ніхто ня можа растлумачыць кіраўніку дзяржавы, што створаныя ім законы і практыка іх прымяненьня не дазваляюць зьмяніць уладу законным шляхам. Хадаркоўскі яшчэ раз паўтарыў сказанае напярэдадні на прэс-канфэрэнцыі: рэпрэсіўныя, нелегітымныя законы трэба сабатаваць ў меру сіл і магчымасьцяў.

Былы кіраўнік ЮКАСа зьвяртаецца да Пуціна з пытаньнем: «Вы праўду лічыце экстрэмізмам?» і завяршае сваё пасланьне словамі: «Мне вас шкада».

Раней у чацьвер на сайце Генпракуратуры зьявілася інфармацыя аб тым, што намесьнік Генэральнага пракурора Расеі Ўладзімер Маліноўскі накіраваў у Сьледчы камітэт матэрыялы праверкі зьвестак аб публічных закліках Міхаіла Хадаркоўскага да экстрэмісцкай дзейнасьці.

Намесьнік Генпракурора адзначае, што 9 сьнежня ў інтэрнэце быў разьмешчаны відэазапіс прэс-канфэрэнцыі, праведзенай Міхаілам Хадаркоўскім у офісе грамадзкага руху «Адкрытая Расея». У Генпракуратуры лічаць, што на сустрэчы з журналістамі Хадаркоўскі публічна заклікаў да зьмены ўлады ў Расейскай Фэдэрацыі шляхам рэвалюцыі.

У публікацыі, у прыватнасьці, гаворыцца, што, «зрабіўшы ілжывыя заявы аб рэпрэсіўнасьці і супрацьпраўнасьці дзейнага заканадаўства», Хадаркоўскі прапанаваў сабатаваць законы.

Міхаіл Хадаркоўскі, выступаючы ў сераду на прэс-канфэрэнцыі, даў ацэнку палітычнай сытуацыі ў Расеі. Паводле яго слоў, у краіне адбыўся «паўнавартасны антыканстытуцыйны пераварот». На пытаньне пра магчымы выхад з са становішча, якое склалася, ён адказаў:

«У адсутнасьці інстытуту сумленных выбараў і іншых мэханізмаў законнай зьмены ўлады адзіны спосаб яе зьмены — гэта рэвалюцыя. Рэвалюцыя ў Расеі непазьбежная». Старшыня «Адкрытай Расеі» неаднаразова падкрэсьліў, што «рэвалюцыя можа і павінна быць мірнай».

Тэкст выступленьня Міхаіла Хадаркоўскага на прэс-канфэрэнцыі ў сераду апублікаваны на сайце «Адкрытай Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG