Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Алексіевіч паднялася над дробнымі праблемамі і казала аб праблемах чалавецтва


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што Сьвятлана Алексіевіч у сваёй Нобэлеўскай лекцыі паказала сябе мудрым чалавекам, які падняўся над дробнымі праблемамі.

«Я вельмі шчасьлівы, што яна паднялася над дробнымі праблемамі і казала аб праблемах чалавецтва. Гэтай праблемай на нашай вялікай постсавецкай тэрыторыі зьяўляецца той камунізм, зь якім мы не разьвіталіся, той „чырвоны чалавек“, пра якога яна ўвесь час кажа. Здаецца, можна проста не гаварыць аб гэтым, забыцца... Не, гэта зацягвае нас назад, калі мы ня ведаем гэтай гісторыі, калі мы ня хочам яе аналізаваць, яна будзе паўтарацца і паўтарацца, і гэта вельмі сур’ёзны выклік для постсавецкага грамадзтва. І хаця ўсе постсавецкія рэспублікі розныя, гэтыя праблемы вельмі падобныя. Я лічу, што гэта погляд вельмі мудрага чалавека», — кажа палітык.

Мілінкевіч канстатаваў, што для беларускіх адраджэнцаў было б важна пачуць у лекцыі Алексіевіч словы пра сытуацыю зь беларускай мовай і культурай. Але гэтага ў выступе пісьменьніцы не было.

«Адсутнасьць пачуцьця каранёў нашых, адсутнасьць самасьвядомасьці гістарычнай — гэта вельмі важныя тэмы. Але яна сказала так, як сказала. Так, як бачыць гэтую сытуацыю на постсавецкай прасторы. Хаця, безумоўна, адраджэнцам гэта было важна. Каб сказаць, што ў выніку савецкай акупацыі, а перад гэтым у выніку анэксіі Беларусі Расейскай імпэрыяй у нас цяпер такія праблемы з моваю, з культураю, са сьвядомасьцю гістарычнай. Вядома, гэтыя словы важныя. Але я думаю, што яна яшчэ ў сваіх інтэрвію, сваіх кніжках пра гэта скажа», — адзначыў ён у інтэрвію Свабодзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG