Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 28. Талерантныя беларусы


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

«Ты што – пацыфіст?!» – на твары завуча быў напісаны жах, нібы яна ўбачыла пачвару з марскіх глыбіняў.

«Пацыфіст» гучала яшчэ больш злавесна, чым «нацыст». А ўсіх дзялоў было ў тым, што калі мяне мама стрыгла, то занадта падкарнала скроні. І вось гэтая фрызура бяз скроняў, на думку савецкага абываталя, была прыкметай прыналежнасьці да злачыннага руху – пацыфізму.

Так я дазнаўся пра існаваньне гэтага слова. Энцыкляпэдыі пад рукой не было. Пазьней прынагодна я прачытаў пра рух супраць гвалту, вайны і за мір. Можна паразважаць, чаму СССР ненавідзеў пацыфістаў. Відаць, таму, што саветы «змагаліся за мір» пагрозай радыёактыўнага попелу ва ўсім сьвеце, а пацыфісты толькі падкрэсьлівалі відавочную хлусьню гэтага змаганьня і падман? У кожным разе, паняцьці былі перавернутыя з ног на галаву. Як і з талерантнасьцю цяпер.

«Уууу, гэтыя талерасты!» – з намёкам на гомасэксуалізм гавораць пра эўрапейцаў прыхільнікі «русского мира». Калі ўлічыць, што як мінімум палова сем'яў гэтага міру прайшла праз турму за апошнія 70-80 гадоў, нічога дзіўнага, што ў звычайным жыцьці даўно прыжыліся крымінальныя і ўласна турэмныя ўяўленьні пра парадкаваньне грамадзкіх адносінаў. Хто такі гомасэксуаліст «па паняціям»: слабак, баба, ніхто.

Як калісьці з «пацыфізмам», цяпер у Беларусі з «талерантнасьцю» адбыўся кульбіт з ног на галаву. Талерантны – слабы. Як у пацаноў на раёне: ветлівы – слабы, інтэлігентны – слабы, выхаваны – слабы. «Талерантныя беларусы» – гучыць прыблізна як апатычныя, няздатныя на рашучыя ўчынкі, невыразныя, абыякавыя да ўсяго.

Калі паглядзець на слова «талерантны» ў першасным сэнсе, то значыць яно цярпімасьць да адрознага: ладу жыцьця, сьветагляду, паводзінаў, звычаяў, ідэяў, рэлігіі. З аднаго боку, у Беларусі вы ня часта сустрэнеце публічную ксэнафобію. Зь іншага боку, краіна рэгулярна трапляе ў сусьветныя лідэры па самагубствах і забойствах. Прычым, забойствы ў першую чаргу адбываюцца на прыватнай тэрыторыі падчас канфліктаў за бутэлькай. Неталерантнасьць ідзе ня вонкі, а ўсярэдзіну. За прычасаным фасадам як бы камфортнай сацыяльнай дзяржавы «для народу», віруюць не абы якія жарсьці, і адбываюцца не абы якія драмы.

Байку пра талерантнасьць беларусаў, відаць, прыдумаў нейкі прыежджы дзяяч культуры ці ідэалёгіі савецкіх часоў. Падманка ў розьніцы тэмпэрамэнтаў і манеры паводзінаў зь некаторымі суседзямі. Тое, што беларусы не махаюць рукамі і на цьвярозую галаву трымаюць словы пры сабе, зусім не азначае талерантнасьці. Яшчэ трыццаць гадоў таму, напрыклад, Менск быў досыць небясьпечным горадам. Проста, у сучаснай Беларусі выпрацаваны мэханізм прэвэнтыўнай абароны беларуса ад беларуса. Калі ў ЗША на Дзікім Захадзе прыладамі ўзаемнага стрымліваньня былі рэвальвэры, то ў сучаснай Беларусі – кнігі скаргаў.

Можа, далёкая і нядаўняя гісторыі выпрацавалі ў беларусаў такую манеру выжываць – адсякаць канкурэнтаў і нядобразычліўцаў з дапамогай бюракратычных працэдураў. Пасьля вайны амаль усё насельніцтва Беларусі складалася зь сялянаў, адзіны шанец для якіх палепшыць галоднае жыцьцё быў рывок у гарады, якія будаваліся амаль з нуля. І тут ужо было не да цярпімасьці: шаволь лакцямі і каленькамі, каб «выбіцца ў людзі».

Сапраўдная талерантнасьць, калі большасьць паважае меншасьць, а моцны – слабейшага, усё гэта прыйдзе толькі з разьвіцьцём сучаснай гарадзкой культуры. Дзе важным чыньнікам ёсьць уменьне самаарганізоўвацца і ўзаемна дапамагаць у выпадку катаклізмаў. А калі вы разам ратуеце людзей ад паводкі ці пажару, вы ж не пытаецеся пра рэлігію, сэксуальную арыентацыю і галасаваньне на мінулых выбарах.

А пакуль дзяржава – гэта выхавацелька ў дзіцячым садку, да якой падыходзяць скардзіцца адзін на аднаго, каб выглядаць не хуліганам, а законапаслухмяным.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG