Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты выступілі з заявай супраць ціску за выказваньне грамадзянскай пазыцыі


Незалежныя студэнцкія арганізацыі выступілі з супольнай заявай, у якой заклікаюць адміністрацыю Белдзяржунівэрсытэту і кіраўніцтва Міністэрства адукацыі ўстрымацца ад любых дысцыплінарных пакараньняў студэнтаў-актывістаў.

Заява прынятая кампаніяй маніторынгу ціску на студэнтаў Student Watch, у якую ўваходзяць «Цэнтар разьвіцьця студэнцкіх ініцыятываў», «Брацтва арганізатараў студэнцкага самакіраваньня», Моладзевая прафсаюзная група «Студэнцкі Савет» і «Задзiночаньне беларускiх студэнтаў».

У заяве адзначаецца, што адміністрацыя філялягічнага факультэту БДУ выклікала на камісію студэнта філфаку Глеба Вайкуля, які ўдзельнічаў у Маршы студэнтаў 2 сьнежня ў Менску.

«Афіцыйная прычына выкліку Глеба Вайкуля — наяўнасьць пропускаў, аднак мы разглядаем гэта як ціск на студэнта з-за яго ўдзелу ў акцыі пратэсту. Мы, незалежныя студэнцкія арганізацыі, лічым элемэнтам уціску дысцыплінарныя спагнаньні любога характару „дэ-юрэ“ за пропускі заняткаў, але „дэ-факта“ — за выказваньне студэнтамі ўласнага меркаваньня і грамадзкую актыўнасьць у межах унівэрсытэту. Такія дзеяньні зьяўляюцца парушэньнем асноўных прынцыпаў Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і абмежаваньняў акадэмічных свабодаў», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Незалежныя студэнцкія арганізацыі маюць намер у межах заяўленага маніторынгу зьбіраць, аналізаваць і публікаваць інфармацыю пра ўсе факты ціску на студэнтаў у сувязі зь іх грамадзянскай актыўнасьцю, удзелам у руху «Студэнты супраць» і іншых парушэньнях акадэмічных свабодаў.

2 снежня побач з галоўным корпусам БДУ ў Менску прайшоў студэнцкі марш «Любоў і справядлівасьць», арганізаваны рухам «Студэнты супраць». Сваёй акцыяй навучэнцы хацелі дамагчыся ад кіраўніцтва БДУ скасаваньня платных пераздачаў і адпрацовак, спыненьня ціску на студэнтаў, роспуску Асамблеі БДУ і стварэньня новага органа студэнцкага самакіраваньня.

На наступны дзень студэнт філфаку БДУ Глеб Вайкуль, які ўдзельнічаў у студэнцкім маршы, атрымаў вуснае папярэджаньне дэканату за пропускі заняткаў. Такое рашэнне на сваім пасяджэньні прынялі сябры нядаўна створанай у ВНУ камісіі па пропусках заняткаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG