Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцам рэкамендуюць не адпачываць за мяжой на Новы год


Кіраўнік Расспажыўнагляду Ганна Папова параіла расейцам правесьці навагоднія сьвяты на радзіме і не нагружаць свой арганізм рэзкай зьменай клімату.

«Лепш не перанапружваць арганізм тэмпэратурнымі перападамі і кліматычнымі зьменамі. За 7-10 дзён арганізму — тым больш дзіцячаму — цяжка прыстасавацца да ўмоваў іншай кліматычнай зоны, а потым у такі самы кароткі пэрыяд — да ўмоваў добрай расейскай зімы», — адзначыла Ганна Папова, кіраўнік Расспажыўнагляду і галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі.

Пры гэтым у Расеі, паводле яе, «ўзроўні імунізацыі насельніцтва цалкам абараняюць насельніцтва ад масавага распаўсюджваньня інфэкцый» — такіх, як адзёр, дыфтэрыя і поліяміэліт.

Тым, хто ўсё ж едзе за мяжу, Ганна Папова параіла старанна мыць рукі, піць толькі якасную бутыляваную ваду і імкнуцца не ўжываць сырыя морапрадукты.

Раней расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў заявіў, што МЗС рэкамендуе расейскім турыстам устрымлівацца ад паездак у Турцыю з-за высокага ўзроўню тэрарыстычнай пагрозы.

Заявы Лаўрова былі зроблены пасьля інцыдэнту са зьбітым расейскім вайсковым самалётам ля мяжы Турцыі і Сырыі. Турцыя абвінаваціла Расею ў парушэньні паветранай прасторы, Масква абвінавачваньне адпрэчыла.

У пачатку лістапада, пасля крушэньня самалёта А321 над Сінаем, прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў дакумэнт, які рэкамендуе турапэратарам і турагентам устрымацца ад продажу тураў у Эгіпэт.

Акрамя таго, у пятніцу Фэдэральная служба бясьпекі Расеі заявіла, што баевікі экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» рыхтуюць напады на расейскіх грамадзян, якія адпачываюць на папулярных у расейцаў тайляндзкіх курортах Патая і Пхукет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG