Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Капыльшчыне паставілі помнік зьнішчанай вёсцы, які зафундаваў нямецкі амбасадар


У вёсцы Калодзезнае ў Капыльскім раёне адбылося ўрачыстае асьвячэньне помніка 199 мясцовым жыхарам, якія загінулі ў вайну ад карнікаў.

Асьвячэньне помніку і 12 крыжоў на знойдзеных нядаўна магілах правялі сьвятары хрысьціянскіх канфэсіяў.

У цырымоніі ўзялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады і амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар, які ўклаў асабістыя грошы ў выраб крыжоў і надмагільных пліт.

Пэтэр Дэтмар
Пэтэр Дэтмар

«Мне цяжка знаходзіцца ў месцах, дзе я адчуваю віну за тое, што адбывалася падчас вайны. Але пры гэтым я вельмі ўдзячны, што ёсьць магчымасьць удзельнічаць у такой падзеі», — сказаў Петэр Дэтмар, зьвяртаючыся да актывіста Віктара Дашкевіча і ўсіх, хто яму дапамагаў.

Капыльскі актывіст Віктар Дашкевіч патраціў тры гады на ўсталяваньне помніка і крыжоў у памяць жыхароў загінулай вёскі. Сам актывіст называе гэтыя гады змаганьнем. Паводле Віктара Дашкевіча, спачатку мясцовыя ўлады не дазвалялі ўсталяваць помнік і зрабіць парадак вакол могілак, потым узьнікалі іншыя праблемы.

Нават каб правесьці сёньня асьвячэньне помніка, ад Віктара Дашкевіча запатрабавалі заявы на правядзеньне масавага мерапрыемства ды паставілі ўмову.

«Запатрабавалі, каб я залічыў іх у памочнікі, тады ня трэба дазволу. Але я вырашыў, што калі гэта няпраўда, дык чаго іх сюды прыпісваць, буду зьвяртацца па дазвол», — казаў Віктар Дашкевіч месяц таму пра мясцовых «вэртыкальшчыкаў».

На асьвячэньні помніка ў Калодзезным прысутнічалі старшыня мясцовага сельсавету Алена Вострыкава і адказныя супрацоўнікі Капыльскага райвыканкаму.

Трагедыя вёскі Калодзезнае здарылася ў лютым 1943 году, але аж дагэтуль месца гібелі 199 сялян не было ніяк пазначана. Віктар Дашкевіч на дабрачынныя грошы з дапамогай мастака Ўладзімера Швайбовіча набыў і ўлетку ўсталяваў на ўскраіне вёскі мэмарыяльную пліту.

«Тут пахаваныя мірныя жыхары вёскі Калодзезнае, зьнішчаныя 9 лютага 1943 году фашысцкімі карнікамі. Прымі, Божа, іх душы. Помнік усталяваны на дабрачынныя ахвяраваньні», — напісана на пліце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG