Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін абразае нітку


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Расейскі міністар культуры Мядынскі, выконваючы пуцінскі ўказ пра «спэцыяльныя эканамічныя захады ў адносінах да Турцыі», забараніў цюркамоўным аўтаноміям у складзе Расейскай Фэдэрацыі мець кантакты з арганізацыяй TÜRKSOY.

Гэтым самым сканчаецца цэлая эпоха ва ўнутранай расейскай культурнай палітыцы. Сканчаецца дыялёг, разуменьне і рознага кшталту «Liberté, Égalité, Fraternité».

Дзякуючы пуцінскаму ўказу і ўрадавай тэлеграме Мядынскага, кірунак фэдэральнай улады на ўмацаваньне сувязяў славянскага і цюрскага сьвету пад эгідай трыкалёру фактычна адмяняецца. Рэспублікі Алтай, Башкартастан, Саха (Якуція), Татарстан, Тыва, Хакасія, якія зьяўляюцца часткай «цюрскага поясу», рашэньнямі вярхоўнай улады абвяшчаюцца «нядобранадзейнымі»: іх відавочная лучнасьць з Турцыяй – новым ворагам Пуціна – перашкаджае выбудоўваць зь пяці пальцаў адзіны славянскі кулак. Пераразаючы пупавіну «цюрскага сьвету», Пуцін у чарговы раз нагадвае рэспублікам пра іх несамастойнасьць у прыняцьці рашэньняў – нават у такой сфэры як культура.

Зусім зразумела, якія працэсы можа выклікаць гэты пуцінскі крок. Адна справа, калі па звычайнай схеме ўводзяцца санкцыі супраць тавараў і кампаній нованароджанага ворага – да гэтага інструмэнту шматнацыянальны расейскі грамадзянін паціху-патроху прызвычаіўся за апошнія пару гадоў. Цалкам іншая гаворка і пагалоска пойдзе ў народзе, калі ўжо наладжаныя кантакты цюрскіх краін зазнаюць прэсінг.

Яшчэ адна крэска, якая адразу зьвяртае на сябе ўвагу – старшынюе ў TÜRKSOY сёлета Казахстан. Ня трэба асабліва будаваць здагадкі, як казахская ўлада паставіцца да пуцінскай забароны на міждзяржаўныя культурныя кантакты паміж цюрскімі краінамі. Асабліва трэба ўлічваць, што стасункі гэтыя мацаваліся цягам апошніх дваццаці гадоў і вырасьлі ў сур’ёзныя міжнародныя адукацыйныя і культурныя праекты, якія і каардынавалі TÜRKSOY і Цюрская Рада.

Нарэшце, будуючы бэтонны паркан паміж цюрскімі аўтаноміямі ў складзе РФ і блізкімі ім краінамі замежжа (перш за ўсё Турцыяй), расейская ўлада, па-першае, губляе сваё прадстаўніцтва ў важных арганізацыях «паўднёвага поясу», а па-другое, падштурхоўвае ўвесь гэты «пояс» да сэпаратысцкіх настрояў.

Як паведамляе цэнтар «Карнэгі», губляючы гандлёвага партнэра-Турцыю, Расея забірае ў сябе з роту гадавыя 15 мільярдаў даляраў станоўчага сальда (альбо 10% свайго гандлёвага балянсу). Але эканамічная страта можа падацца дзіцячай цацкай, калі ў выніку рэпрэсій супраць цюрскай згуртаванасьці шматлікіх народаў поўдня выбухне канфлікт у ідэйна злучаных паміж сабой Рэспубліках Алтай, Башкартастан, Саха (Якуція), Татарстан, Тыва, Хакасія. Замест аднаго вонкавага ворага Пуцін рэальна можа атрымаць у дадатак шэсьць унутраных плюс неляяльнасьць Казахстану – партнэра па Мытным зьвязе, канчаткова абрынуўшы сваю краіну ў геапалітычны helter skelter.

Беларусь пакуль што ад гэтага мае толькі дывідэнды: як і ў выпадку з антызаходнімі санкцыямі, антытурэцкія будуць толькі на руку хітрамудрым перапрадаўцам зь Менску. Што ж наконт магчымага канфлікту на расейскім поўдні – хай чужыя чубы трашчаць. Гэтым толькі зьмяншаецца драпежная ўвага расейскай улады да беларускіх тэрыторый.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG