Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэцкае люстэрка для Расеі


Між турэцкім паўмесяцам і расейскім арлом — прыкладна такую пазыцыю заняў афіцыйны Менск у вострым канфлікце паміж Анкарой і Масквой з нагоды зьбітага расейскага самалёта.

Ужо вельмі ўзважаная заява МЗС Беларусі з нагоды інцыдэнту выклікала раздражненьне ў Расеі і ў афіцыйных СМІ, а ў яшчэ больш відавочнай і рэзкай форме — у Рунэце. Узгадка ня толькі пра «братэрскую Расею», але і пра «сяброўскую Турэччыну» была палічаная ледзь ня здрадай. Зрэшты, беларуская рэакцыя ня моцна адрозьнівалася ад рэакцыі іншых саюзьнікаў Расеі: Армэніі, Кіргізстану і Казахстану. У пазыцыях былі адценьні: армянскі міністар абароны палічыў зьнішчэньне расейскага самалёта «ударам па барацьбе з тэрарызмам», Казахстан выказаў спачуваньне РФ з нагоды гібелі яе вайскоўцаў, але адназначна на бок РФ у канфлікце ня стаў ніхто зь іх.

Аднак наступны крок Аляксандра Лукашэнкі, магчыма, выкліча ў Расеі яшчэ больш моцную рэакцыю. Гаворка ідзе пра візыт у Менск прэзыдэнта Азэрбайджана Ільхама Аліева. Гэтаму візыту папярэднічала загадкавая адмена паездкі прэзыдэнта Беларусі ў Маскву. Традыцыйна ня проста першая паездка пераабранага прэзыдэнта Беларусі была заўсёды ў «белакаменную», але яна ж была заўсёды яго першым кантактам пасьля выбараў з замежнымі лідэрамі. Гэтае правіла ў 2015 годзе было парушанае. Тлумачэньне, што Ўладзімеру Пуціну ў вострым крызісе з Турэччынай было не да беларускага саюзьніка, уяўляецца недастатковым. Менавіта ў такой сытуацыі расейскаму прэзыдэнту словы поўнай салідарнасьці саюзьніка, вымаўленыя ў Маскве, былі б зусім ня лішнімі. Але, мяркуючы па ўсім, падобныя прамовы Аляксандар Лукашэнка прамаўляць у крамлёўскіх палатах зусім не зьбіраўся, і там гэта разумелі і ведалі. Менавіта таму Пуціну аказалася не да яго.

Але наступствам стаў нечаканы візыт у Менск менавіта таго лідэра, якога ў Маскве ў цяперашняй сытуацыі ў Менску бачыць не чакалі і вельмі не хацелі. Калі Менск, ацэньваючы інцыдэнт з самалётам, расстаўляў прыярытэты — «братняя Расея» і «сяброўская Турэччына», то ў Баку іх расстаўлялі процілеглым чынам. Чыноўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Азэрбайджану адразу пасьля інцыдэнту з самалётам заявіў, што Баку гатовы садзейнічаць зьніжэньню напружанасьці паміж дзьвюма краінамі, адзначыўшы пры гэтым, што «Турэччына — наш найбліжэйшы саюзьнік», а Расея «нам таксама вельмі блізкая дружалюбная краіна». У сваю чаргу прэзыдэнт Ільхам Аліеў перанёс на адзін дзень візыт у Менск, сустрэўшыся ў гэты дзень у Баку з новым міністрам замежных справаў Турэччыны Меўлютам Чавушаглу. Падчас гэтых перамоваў азэрбайджанскі лідэр сказаў, што «Турэччына і Азэрбайджан — самыя блізкія адзін да аднаго ў сусьветным маштабе краіны», выказаў задавальненьне тым, што новы кіраўнік турэцкага МЗС не парушыў традыцыі, зьдзейсьніўшы першы пасьля прызначэньня візыт у Баку. І вось такі лідэр, для Расеі — «вораг», прыяжджае ў Менск, дзе яго прымаюць зь вялікай пашанай. Пры гэтым у прамовах гасьціннага гаспадара ледзь ня кожнае слова — шпілька ў бок сталіцы, у якую А. Лукашэнка на гэтым тыдні так і ня трапіў. «Мы з вамі супрацоўнічаем як у Беларусі вобласьць з вобласьцю. Вось такі ўзровень супрацоўніцтва. Калі камусьці не падабаецца, гэта іх праблемы». І каму, цікава, гэта можа не падабацца? Няўжо падступнаму Вашынгтону? А можа Ерэвану — дарэчы, саюзьніку Беларусі па Эўразійскім саюзе, адносіны якога з Баку балянсуюць на мяжы вайны. А ці ня той краіне, адносіны зь якой быццам бы таксама будуюцца як «вобласьць з вобласьцю»?

«Мы памятаем, калі ў цяжкі час вы падставілі нам плячо, не аглядаючыся прытым. І калі-небудзь можна ў нюансах гэта ўсё распавесьці, як можна вырашаць пытаньні па-сяброўску на працягу некалькіх дзён, у тым ліку і зь вялікімі фінансамі». У 2010 годзе, у разгар «хросных бацек» і газавай «вайны» менавіта Аліеў даў Беларусі кароткатэрміновы крэдыт у 200 мільёнаў даляраў, які дазволіў расплаціцца з «Газпромам» і спыніць газавую блякаду. І прэзыдэнт Беларусі абраў момант, каб прыгадаць «братэрскай Расеі» гэты сюжэт.

Ну і мабыць — самае канцэптуальнае: «Сьвет звар’яцеў. Вы бачыце, што адбываецца. І ў гэтым бурным, непрадказальным сьвеце нам сёньня жыць, дакладней нават выжываць, і мы павінны трымацца адзін аднаго для таго, каб супрацьстаяць тым пагрозам, якія сёньня існуюць у сьвеце». Магчыма, гэтая формула тлумачыць усю лёгіку палітыкі афіцыйнага Менску. Прынамсі, хацелася б верыць у гэта. Ёсьць меркаваньні геапалітычнага лявіраваньня, ёсьць эканамічныя інтарэсы, пэрспэктывы для Беларусі аказацца альтэрнатыўным маршрутам для патокаў грошай і людзей па прычыне чарговага канфлікту Расеі зь яе блізкімі і далёкімі суседзямі. Расея ўвяла контрсанкцыі супраць ЭЗ — расейцы ядуць «беларускіх мідыяў, Кіеў і Масква перапынілі авіязносіны — украінцы і расейцы лётаюць адзін да аднаго празь Менск, Масква і Анкара мераюцца, так бы мовіць, памерамі вежаў сабора Васіля Блажэннага і мінарэтаў Блакітнага мячэту — у Менску з радасьцю аформяць туры расейскім турыстам на Турэччыну і стануць пасярэднікамі ў расейска-турэцкім гандлі.

Але ёсьць і занепакоенасьць за лёс сьвету, кажучы высокім штылем, які можа разьляцецца дашчэнту з-за крутасьці «сапраўдных пацаноў». І ў гэтым сэнсе ня выключана, што запрашэньне ў Менск Аліева, пры ўсіх шпільках на адрас Масквы — спроба спыніць шасьцярэнькі «машыны Страшнага Суду», як называў Генры Кісінджэр палітычны расклад, які ў 1914 годзе прывёў да Першай сусьветнай вайны.

У рамках гэтага падыходу Аліеў — гэта такі турэцкі Лукашэнка, «сябар і брат» Турэччыны, які пры гэтым усё ж не зусім «зьехаў з глузду». І ход зь яго запрашэньнем — магчыма, ня толькі дэманстрацыя Крамлю сваёй крыўды за недастатковую павагу і за грубы націск у прыватнасьці з той жа базай, але і спроба забясьпечыць «дээскаляцыю». У пэўным сэнсе Расея ў інцыдэнце з самалётам ўбачыла ў люстэрку саму сябе. Уставаньне з каленяў, адраджэньне слаўнага мінулага, калі «без нашага дазволу ні адна гармата ў сьвеце ня сьмела стрэліць», зруйнавальная духоўнасьць, якая супрацьстаўляецца «разбэшчанаму і імпатэнтнаму» Захаду, плюс «пацанскія паняцьці», як стыль зьнешняй палітыкі — гэта ня толькі пра Расею, але і пра Турэччыну апошніх гадоў, пра Турэччыну Эрдагана таксама.

«Сустрэліся дзьве самотнасьці»

Напэўна, аб’ектыўна кажучы, ня кожная краіна зьбівае чужой самалёт, нават ваенны, які заляцеў на кароткі час на яе тэрыторыю. Турэччына ж не заяўляе, што расейскі Су-24 чаму-небудзь у Турэччыне пагражаў. Але ёсьць кантэкст, турэцкае «ўставаньне з каленяў», памяць пра часы, калі непераможныя асманскія ваяры стаялі каля адгор’яў Пірэнэяў і ля сьценаў Вены, і калі Крым быў якраз «іх».

Ну і яшчэ адзін аспэкт. Як адзначаюць дасьведчаныя экспэрты, сырыйскія раёны, населеныя этнічна блізкімі туркам туркмэнамі, для туркаў — як Данбас для расейцаў, гэтакая «Наватурэччына» па аналёгіі з «Наваросіяй». А тут гэты «Данбас» бамбуе нават ня «карнік» Асад, а чужынцы з поўначы. Ну і як тут было не паступіць «па-пацанску», як не зрабіць «обратку», каб паважалі? Рэакцыя грамадзтваў — расейскага і турэцкага — інцыдэнты каля пасольстваў і офісаў кампаній (турэцкіх ў Расеі, расейскіх у Турэччыне), вакханалія ўзаемнай нянавісьці ў расейскіх і турэцкіх сацыяльных сетках, пацьвярджае гэта падабенства. Драйву хапае з абодвух бакоў. Матывацыя і рэакцыя маласымпатычныя і вельмі небясьпечныя? А сардэчна запрашаем у шматпалярны сьвет. Той выпадак, калі, як гаворыцца, за што змагаліся, на тое і натрапілі.

На біпалярны сьвет часоў «халоднай вайны» ў Расеі не хапае моцы як ваеннай, так і ў першую чаргу духоўнай. А менавіта шматпалярны сьвет XIX і больш раньніх стагодзьдзяў быў сьветам бесьперапынных войнаў. Дарэчы, паказальна, што расейская прапаганда, бачачы «руку Вашынгтону» ва ўсіх мажлівых падзеях, якія адбываюцца ў сьвеце, у дачыненьні да паводзінаў Турэччыны ў інцыдэнце з самалётам на гэтую «вашынгтонскую» вэрсію прынамсі ня вельмі налягае. Магчыма, нават сама Масква ўбачыла ў дыме і полымі зьбітага турэцкімі ВПС самалёта не Абаму, а сябе.

Доўгая гісторыя кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі сьведчыць аб тым, што «пацанскія паняцьці» яму зусім не чужыя, і ў зьнешняй палітыцы ў тым ліку. Але ці то краіна невялікая, ці то мэнталітэт і гісторыя ў суайчыньнікаў іншыя, але вялікага энтузіязму ламаць сусьветную «скрыню Пандоры» ў яго ўсё ж не назіраецца. Вядома, у манэўрах беларускага прэзыдэнта ў расейска-турэцкім крызісе прысутнічае і крыўда за тое, што Масква не «пашанавала», і разнастайныя прагматычныя разьлікі. Напрыклад, пэрспэктыва зьяўленьня ў Беларусі другой галіны газаправоду «Ямал-Заходняя Эўропа» цяпер стала больш рэальнай, зараз ўявіць сабе «Турэцкі паток» на крыві героя Расеі, загіблага лётчыка Алега Пяшкова, даволі складана.

Нежаданьне Менску аўтаматычна стаць у расейскі ваенны шыхт у вострым канфлікце Масквы і Анкары безумоўна будзе запісана Захадам у актыў Беларусі ў тым асьцярожным працэсе наладжваньня адносінаў, які назіраецца ўжо даўно і які набыў больш выразныя формы пасьля выбараў і прыпыненьня санкцыяў. Да таго ж не выключана, што і Расея дэмарш з запрашэньнем Аліева «даруе» ці, прынамсі, праглыне. Бо ёй у сэнсе саюзьнікаў асабліва няма з чаго выбіраць. Пры гэтым у дачыненьні да канфлікту з Турэччынай у Расеі прысутнічае адчуваньне «своя своих не познаша», той самы эфэкт люстэрка. Вось калі б Лукашэнка прама падыграў Захаду, «іманэнтнаму ворагу Расеі» ва ўяўленьні расейскіх ідэолягаў, у яго прамым канфлікце з Расеяй, то тут рэакцыя была б сапраўды рэзкай. А так... Усход — справа тонкая. «Так, скіфы мы». Як і яны — туркі ў сэнсе. Ну і беларусы збольшага.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG