Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні сэкунды пікету. Паўлу Левінаву адмовілі ў правядзеньні дзьвюх «імгненных» акцыяў


Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў

Віцебскі праваабаронца зьвярнуўся ў дзьве раённыя адміністрацыі гораду па дазвол на правядзеньне пікетаў у Міжнародны дзень правоў чалавека. Працягласьць меркаваных акцыяў — усяго адна сэкунда.

Здавалася б, што можна паведаміць гараджанам пра правы чалавека за адну сэкунду? Тым ня менш праваабаронца атрымаў адмовы. Паводле намесьніка кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Аляксандра Ільмовіча, нават «імгненны» пікет патрабуе ўдзелу мэдыкаў — дзяжурства хуткай дапамогі, міліцыі — дзеля аховы правапарадку, і камунальнікаў — каб потым прыбраць месца правядзеньня акцыі.

Патрабаваньне, каб у раённыя адміністрацыі разам з заяўкай на акцыі падаваліся і дамовы з адпаведнымі службамі, сфармулявана ў рашэньні гарвыканкаму № 881. Яно ў дадзенай сытуацыі выглядае цалкам абсурдна, мяркуе Павал Левінаў. Ён знарок выкарыстоўвае магчымасьць прадэманстраваць абсурднасьць патрабаваньняў чыноўнікаў, якія з 2008 году — з таго часу, як было прынята рашэньне «Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у горадзе Віцебску» — не дазволілі ніводнай акцыі з ініцыятывы мясцовых актывістаў.

Апошнім часам ніводнага разу не ўдалося дасягнуць пагадненьня аб супрацоўніцтве з мэдыкамі і міліцыяй. Дамоваў з камунальнікамі, якія ня супраць выканаць свае непасрэдныя абавязкі за дадатковыя грошы, раённым чыноўнікам заўжды недастаткова.

Намесьнік кіраўніка Першамайскай раённай адміністрацыі Міхаіл Атаеў знайшоў іншы грунт для адмовы. Ён згадаў, што Павал Левінаў калісьці прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — фатаграфаваўся разам з журналістамі і грамадзкімі актывістамі Віцебску на фоне графіці «з клеткамі і птушкамі». На думку чыноўніка, гэта дастатковая падстава для адмовы, хоць фатасэсія, кваліфікаваная міліцыяй як адміністрацыйнае правапарушэньне, адбылася больш як год таму. Пакараньні, якія прысудзіў журналістам і актывістам Чыгуначны райсуд, аспрэчыць тады не ўдалося. Але з тае пары Павел Левінаў некалькі разоў зьвяртаўся ў Чыгуначную раённую адміністрацыю па дазвол на фатасэсію каля будынка з графіці і атрымліваў адказы, што на фатаграфаваньне дазвол не патрэбны. Убачыўшы абсурднасьць і гэтай сытуацыі, у якую раённыя чыноўнікі трапілі праз звышпільнасьць міліцыянтаў, чыноўнікі з аблвыканкаму загадалі зафарбаваць малюнак з птушкамі і клеткамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG