Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі забараняюць паказы фільма Анджэя Вайды «Катынь»


Анджэй Вайда
Анджэй Вайда

У Санкт-Пецярбургу і Цюмені адмянілі дэманстрацыю мастацкай стужкі знакамітага польскага рэжысэра Анджэя Вайды «Катынь». Як патлумачылі прадстаўнікі пракуратуры і паліцыянты, у арганізатараў не было пракатных пасьведчаньняў.

Увечары 26 лістапада ў пецярбурскі Навукова-інфармацыйны цэнтар «Мэмарыял» прыйшоў памочнік пракурора Цэнтральнага раёна ў суправаджэньні сямі паліцыянтаў. Яны патлумачылі, што хочуць праверыць, ці не паказваюць тут фільм Анджэя Вайды «Катынь». Калі праваабаронцы папрасілі іх паказаць дакумэнты з абгрунтаваньнем праверкі, яны спаслаліся на атрыманае «Мэмарыялам» папярэджаньне Міністэрства культуры аб недапушчальнасьці паказваць фільм без пракатнага пасьведчаньня. Супрацоўнікі НІЦ «Мэмарыял» лічаць праверку незаконнай.

26 лістапада ў Цюмені таксама адмянілі паказ фільма Анджэя Вайды «Катынь». Улады заявілі, што ў арганізатараў Дзён польскай культуры ў Цюменскай вобласьці не было пракатнага пасьведчаньня на дэманстрацыю фільма, якая павінна была адбыцца 26 кастрычніка ў рамках Дзён польскай культуры.

Як паведаміў прэзыдэнт Цюменскага абласнога цэнтра польскай культуры і асьветы «Лятарнік» Сяргей Філь, рашэньне аб адмене дэманстрацыі фільма было агучана за некалькі гадзін да пачатку сэансу, нягледзячы на тое, што праграма фэстывалю была ўзгодненая.

У сваю чаргу, у камітэце па справах нацыянальнасьцяў Цюменскай вобласьці заявілі, што адмена паказу зьвязаная з адсутнасьцю пракатнага пасьведчаньня ў арганізатараў мерапрыемства. Закон аб абавязковых пракатных пасьведчаньнях ўступіў у сілу ўлетку 2014 году.

Мастацкі фільм польскага рэжысэра Анджэя Вайды «Катынь» выйшаў на экраны ў верасьні 2007 году. У расейскі пракат карціна была дапушчаная толькі ў 2010 годзе. Фільм распавядае пра падзеі 1940 году, калі пад Катыньню ў Смаленскай вобласьці супрацоўнікі НКУС расстралялі больш за 20 тысяч палякаў. Савецкая прапаганда сьпісвала адказнасьць за гэта злачынства на нацысцкую Нямеччыну. І толькі ў 1990 годзе Катынская трагедыя была прызнаная савецкім кіраўніцтвам адным зь цяжкіх злачынстваў сталінізму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG