Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Георгі Скарына і «лейтэнант» Быкаў


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Якая ўлада – такія помнікі і ўзнагароды. Нават калі сярпы-молаты зьніклі, Ленін і чырвоныя зоркі – на першым пляне.

Мэнтальна беларускае начальства знаходзіцца дзесь у часах Палітбюро, у часах Брэжнева. Толькі замест Леаніда Ільліча цяпер Аляксандар Рыгоравіч. А на кожнай плошчы, зразумела, Уладзімір Ільліч. Як «у добрыя савецкія ўрэмена».

Успомніце, як мы ганарыліся, калі быў заснаваны мэдаль Францыска Скарыны (1989). Дагэтуль узнагароды маглі быць толькі агульныя для СССР. Так, былі калісьці ў БССР часова свае: такія ж савецкія ордэны, але зь беларускімі словамі. Але іх скасавалі.

І вось прыходзіць Лукашэнка, і паяўляецца нарэшце ордэн Скарыны (1995). Але Георгія! Зьверху над галавой першадрукара так і напісана – «Георгій». Быццам і не было папярэдніх гадоў духоўнага сталеньня беларусаў. (Якія, зрэшты, столькі энэргіі патрацілі на тое, каб скасаваць Францыска, каб пісаць выключна – Францішак. Быццам гэта было жыцьцёва неабходна.) Зноў пішуць са слоў бабкі на прызьбе: што Францыск па-саўрэменнаму будзе Георгій. Так што атрымайце ордэн Францыска-Георгія, зрэшты, для ўзнагароджаньня кіркоравых. Так што нібы не шкада, бо што гэта за ордэн? Але іншага ж няма, на жаль.

А якія пайшла ўлада затым узнагароды кляпаць! Брэжнеўскія, савецкія! Ордэн «дружбы народаў»! Якіх народаў? «Ордэн пашаны»! «Працоўнай славы». «Маці-гераіні», без апошняга, зрэшты, слова. Мэдаль «За адвагу», мэдаль Жукава. Божа мой, нічога беларускага, суцэльнае Палітбюро ЦК КПСС і прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР.

А з Быкавым найшла каса на камень. Ня хоча начальства, каб вуліцы былі, каб помнікі, каб дошкі мэмарыяльныя. Доўга трымалася з непрымірымым фанабэрлівым тварам. Нарэшце дадзена адмашка на помнік. І гэта будзе помнік для начальства, якое яго не цярпела. Не цярпела таму, што ён быў сумленьнем «сьвядомых», беларускамоўных, якіх дзяржтрыбуна прыніжала і зь якіх ёрнічала.

І гэта будзе помста начальства беларускамоўным. Выб’е глебу з-пад ног: наце вам помнік, вы ж хацелі? Менавіта так і будзе. Бо што датычыць шырокага насельніцтва, яму па барабану: будзе быкаўскі манумэнт ці не, яму хапае і ленінаў.

Калі Быкаў памёр, у Горадні начальства гарадзкое нечакана ўзяло ягоную сьмерць блізка да сэрца. Прынятае было рашэньне зрабіць яму ў горадзе, дзе пісьменьнік пражыў чвэрць стагодзьдзя, мэмарыяльную шыльду. І нават тэкст па-хуткаму зрабілі. Канечне, тэкст савецкі, брэжнеўскі: «Тут жыў ляўрэат Ленінскай прэміі, Герой Сацыялістычнай працы Васіль Быкаў». Хаця хіба ня лепей было б напісаць – аб сусьветна вядомым пісьменьніку, які стварыў у Горадні свае выдатныя творы? І пералічыць некалькі. Думаю, самому Быкаву гэта б спадабалася.

Аднак нават на брэжнеўскую шыльду дабро ў «ідэалёгіі» аблвыканкаму не далі, зарубілі. Няма ніякай шыльды дагэтуль.

Што праўда, апошняе па ліку гарадзкое начальства (якое мяняецца вельмі часта) дала імя пісьменьніка вуліцы ў новым мікрараёне – за птушкафабрыкай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG