Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагроза расейскай авіябазы: што зрушыць беларусаў на супольныя дзеяньні


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Чытаю ў адзін час пра цэнзуру на выставе мастацкай суполкі «Пагоня», забарону спэктаклю пра Браніслава Тарашкевіча ў БДУ і зьбіты турэцкімі ВПС расейскі вайсковы самалёт. І перад вачыма паўстае карцінка 2001 году, калі ўвесь сьвет, прытаіўшы дыханьне, ужо якую гадзіну запар назіраў за «блізьнятамі» ў Нью-Ёрку, а па БТ распавядалі пра намалот збожжа ў абласьцях Беларусі.

Сытуацыя падобная ў неразваротлівасьці дзяржаўнай сыстэмы. З БТ усё проста – там «сьвежы выпуск навінаў» ішоў у запісу. У такім жа самым «запісу» працуюць дзяржаўныя канторы ва ўсіх сфэрах і цяпер. Яны ўсё яшчэ змагаюцца з уяўнымі ідэалягічнымі пагрозамі «апазыцыі», калі насамрэч гарачае паветра для сыстэмы прыходзіць з-за мяжы.

Калі ў 2001 амэрыканская трагедыя падавалася вельмі далёкай, дык расейска-турэцкі інцыдэнт чапляе ўсіх беларусаў непасрэдна. Справа ў тым, што мы ўпершыню ўбачылі, як вайскоўцы NATO адкрыта стралялі па вайскоўцах Крамля. Па тых самых вайсковых лётчыках, якіх Крэмаль хоча разьмесьціць у Беларусі, каб пагражаць NATO, да якога ад Менску каля 140 км па аўтадарозе, і яшчэ меней наўпрост – паветрам.

За мінулы год мы бачылі, што расейскія вайсковыя самалёты пачалі рэгулярна парушаць паветраныя межы краінаў NATO у Эўропе. Звычайна ўсё сканчалася прадказальна для ўсіх. Натаўцы ўздымаліся, суправаджалі патэнцыйнага агрэсара, выцясьнялі «за поребрик», і на гэтым усё. А пасьля паўтаралася. Імгненны і рашучы адказ туркаў стаўся для ўсіх нечаканасьцю.

То бок, размовы пра тое, што Крэмаль хоча зрабіць зь Беларусі для сябе падушку бясьпекі, сталі не абстрактнымі развагамі. Калі чарговы расейскі вайсковы самалёт зробіць правакацыю ў паветранай прасторы NATO ўжо каля Беларусі, цалкам верагодна, што з таго боку мяжы прыляціць «атветка», ці хоць бы выпадкова ракета зачэпіць беларускую тэрыторыю.

Юра Сідун:

– «Пакуль беларускія мэдыі сочаць за лёсам зьбітага СУ-24 РФ у Сырыі, «РИА» апісвае падрабязнасьці базы РФ у Бабруйску – 12 рашкасамалётаў і 4 верталёты».

Прафэсійныя СМІ пішуць пра тое, што прыцягвае ўвагу тут і цяпер. Затое, калі б кампанію ўзьнялі знутры грамадзтва, СМІ маглі б падключыцца ўмомант, і далей сваёй працай толькі падаграваць інтарэс, і адпаведна рушыць ініцыятыву далей.

Чытаю навіну: «АГП, БНФ, БХД і “За свабоду” дэкляравалі правацэнтрысцкую кааліцыю... Яшчэ рана казаць пра канкрэтныя супольныя крокі, але адным з найважнейшых прыярытэтаў для правацэнтрысцкіх партыяў будзе «зрабіць так, каб у краіне было нешта падобнае на выбары».

Што такое расейскія ўдарныя войскі ў Беларусі? Ня два «лякатары», як цяпер, а менавіта наступальныя сілы? Некалькі самалётаў і верталётаў – гэта ня надта шмат. Здавалася б, гэта ўсяго сымбалічны крок. Але. Крок, які цалкам зьмяняе статус Беларусі ў сьвеце. Беларусь адразу губляе частку вайсковага сувэрэнітэту, і аўтаматычна з нэўтральнай краіны робіцца пасобнікам агрэсара. Да таго ж, унутры краіны зьяўляецца шчыліна, якая мае пэрспэктыву да пашырэньня: дзе эскадрыльля, там і дзьве, дзе дзьве, там і полк, дзе авіяцыя, там і танкі і г.д.

А што такое «АГП, БНФ, БХД і “За свабоду”»? Гэта, як мінімум, чалавечыя рэсурсы. Шмат – ня шмат, але гэта не абы якія людзі. Тэарэтычна, добра падрыхтаваныя для працы з грамадзянамі. І вось тут бы хоць раз у найноўшай гісторыі сабраць свае рэсурсы, і падзяўбсьці ўсім разам у адну кропку – у пагрозу расейскай вайсковай базы ў Беларусі. Папрацаваць з народам. Не з эфэмэрным «простым народам», а пачаць з адукаванай часткі, скарыстаць сучасныя тэхналёгіі распаўсюду інфармацыі, зрабіць тэму масавай.

Але мне падаецца, што «афіцыйныя» апазыцыйныя структуры таксама працуюць «у запісу». Як і ўладны, «запіс» час ад часу паўтараецца.

Aleś Krot:

– «Самаарганізацыя патрыётаў выратуе Беларусь. Але самаарганізацыяй трэба займацца ўжо зараз, а ня постфактум».

Рэпліка зьвязаная з адваротным бокам расейскай прысутнасьці ў Беларусі: «Спецрасследование: воины “русского мира” в Беларуси ждут своего часа». Дасьледаваньне «казакоў», якія не хаваюць сваіх поглядаў, у якіх няма месца беларускай дзяржаве, адно імпэрыя з цэнтрам у Крамлі.

Адзін адзіны матэрыял выклікаў вялікі рэзананс спачатку ў фэйсбуку, а пасьля разышоўся па СМІ. Чаму так, бо праблему асьвятляюць адносна даўно? Проста знайшоўся адзін валянтэр, які ўпершыню сабраў назапашаную інфармацыю разам, прааналізаваў яе, і падаў у чытэльнай форме для шырокай публікі. Падаў так, што яе хацелася пашыраць і шараговым удзельнікам сацсеткі і вядомым мэдыям.

А калі такіх валянтэраў будуць дзясяткі ці нават сотні? А калі далучацца профі ў барацьбе за «лепшы лёс Бацькаўшчыны» ад палітычных і грамадзкіх структураў? Гэта толькі здаецца, што «вось мы тут сядзім у інтэрнэт-рэзэрвацыі» і на «просты народ не ўплываем». Пашыраны перадрук матэрыялу – гэта дзясяткі і сотні тысяч чытацкай аўдыторыі. Аўдыторыі, якая шукае інфармацыю, спрабуе яе аналізаваць і рабіць высновы.

Інтэрнэт-супольнасьць – гэта рэальнасьць, зь якой даўно лічацца ўлады. Узгадайце толькі сэнсацыйны эфэкт ад аднаго фотаздымку кадэтаў з «Пагоняй», які стаўся апошняй кропкай, каб сабраць вялікую нараду начальнікаў ад ідэалёгіі.

Ёсьць прыклад суседняй Украіны, дзе масавае інтэрнэт-валянтэрства пачалося толькі пасьля пачатку расейскай інтэрвэнцыі. Магчыма, у Беларусі цяпер праблема з выбарам прыярытэтаў. У кожным разе, працэс «зьнізу» пачаўся.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG