Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя ня бачыць крыміналу ў крадзяжы крыжоў зь «віцебскіх Курапатаў»


Ян Дзяржаўцаў на месцы расстрэлаў рэпрэсаваных, архіўнае фота

Сьледчыя аддзелу міліцыі Віцебскага раёну не знайшлі злодзея, які зьнявечыў народны мэмарыял у памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій каля вёскі Хайсы.

У адказ на заяву з нагоды зьнікненьня ўсталяваных ім пяці мэмарыяльных крыжоў сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў атрымаў зь міліцыі паведамленьне, што ў завядзеньні крымінальнай справы яму адмоўлена.

Сьледчыя ня бачаць у дзеяньнях асобы, якая пашкодзіла самаробны мэмарыял, складу злачынства, вызначанага ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь як «наўмыснае разбурэньне, зьнішчэньне або пашкоджаньне помнікаў гісторыі і культуры» ці «абняслаўленьне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў». Бо ў адпаведных артыкулах кодэксу аб’ектамі замаху лічацца толькі тыя аб’екты, якія аднесеныя да помнікаў гісторыі і культуры ў афіцыйным парадку. Крыжы, усталяваныя актывістамі КХП БНФ па ўласным жаданьні, да пераліку такіх аб’ектаў не падпадаюць.

Таксама, на думку сьледчых, у дзеяньнях невядомага вандала няма складу злачынства, вызначанага як «абняслаўленьне трупа ці магілы». Бо хоць каля вёскі Хайсы і знойдзеныя шматлікія чалавечыя парэшткі, статус гэтага пахаваньня пакуль ня вызначаны.

Паколькі чатыры зь пяці скрадзеных крыжоў праз пэўны час былі знойдзеныя міліцыяй і самімі актывістамі, памер матэрыяльных стратаў Яна Дзяржаўцава не адпавядае заканадаўчым нормам, каб распачаць крымінальную справу за крадзеж маёмасьці. У сваёй заяве актывіст пазначыў, што пяць крыжоў каштавалі яму 500 тысяч рублёў, бо менавіта такія сродкі былі выдаткаваныя на набыцьцё піламатэрыялаў і выраб мэмарыяльных знакаў. Спадару Дзяржаўцаву 4 крыжы вярнулі, а кошт апошняга, ня знойдзенага, не перавышае памеру дзьвюх базавых велічынь. Таму падставаў для крымінальнага расьсьледваньня няма, лічыць міліцыя, але абяцае, што ў выпадку, калі вандал і злодзей усё-такі будзе знойдзены, то на яго складуць адміністрацыйны пратакол за дробны крадзеж.

За амаль два месяцы міліцыя так і не знайшла вінаватага — таго, хто зламаў крыжы і адцягнуў іх на некалькі дзясяткаў мэтраў ад месца ўсталяваньня, прыхаваўшы ў лесе. Паводле міліцыянтаў, на тэрыторыі Мазалаўскага сельсавету яны апыталі асобаў, раней судзімых за падобныя злачынствы, а таксама тых, што злоўжываюць сьпіртовымі напоямі і вядуць антыграмадзкі лад жыцьця. Таксама былі апытаныя жыхары бліжэйшых вёсак, супрацоўнікі пошукавага батальёну, якія вялі раскопкі на месцы масавых пахаваньняў каля вёскі Хайсы, працаўнікі Лосьвідзкага лясьніцтва і Мазалаўскага сельсавету.

Пра свае далейшыя дзеяньні, што да пошуку вандалаў і злодзеяў, якія зьнявечылі народны мэмарыял, міліцыянты нічога не паведамілі актывісту. Ян Дзяржаўцаў настойвае на неабходнасьці працягваць пошукі вінаватых. А таксама на тым, каб актывістам грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» паведамілі пра вынікі экспэртызы парэшткаў, знойдзеных у лесе.

Паводле мясцовых старажылаў, каля вёсак Хайсы і Дрыкольле ў 1930-я гады адбываліся «сталінскія расстрэлы», і ў гэтых мясьцінах былі знойдзеныя парэшткі некалькіх соцень нявысьветленых асобаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG