Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івонка Сурвіла: Случчакі 95 гадоў таму ўзяліся за зброю, каб не дапусьціць акупацыі свайго краю бальшавіцкімі агрэсарамі


З нагоды чарговых угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў з традыцыйным віншавальным зваротам.

Дарагія суродзічы, сябры!

Зноў надыходзіць канец лістапада, калі нашыя случчакі 95 гадоў таму ўзяліся за зброю, каб не дапусьціць новай акупацыі свайго краю бальшавіцкімі агрэсарамі.

У вольным сьвеце ўсе мы ганарымся нашымі слуцкімі патрыётамі і з удзячнасьцю кожны год адзначаем іх Збройны Чын на нашых сьвяткаваньнях Дня Герояў. Успамінаем адначасна і ўсіх іншых герояў Беларусі, якія загінулі, каб жыла Бацькаўшчына.

На жаль, вельмі мала нашых суродзічаў у Беларусі чулі пра Слуцкі Збройны Чын і змаганьне Случчакоў за волю Беларускай Народнай Рэспублікі. У школах БССР было забаронена прыгадваць Слуцкія падзеі, гэтак як сёньня забаронена насіць майкі з «Пагоняй» — нашым старажытным гербам — у Рэспубліцы Беларусь. Бо рукамі антыбеларускага рэжыму, які пануе ў нашым краі, усё яшчэ адбываецца павольны генацыд нацыі, пачаты Кацярынай II два стагодзьдзі таму.

Дарагія суродзічы, дазвольце заклікаць вас аддаць даніну павагі нашым слуцкім героям. Ісьці змагацца ім было цяжка — як гэта было б сёньня вам. Але яны ўсё ж пайшлі.

Вечная ім памяць!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Лістапад 2015

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG