Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымскі беларус: Дызэль-генэратары ў гіпэрмаркетах расхапалі падчыстую


Бэнзінавыя электрагенэратары, акумулятарныя ліхтары і сьвечкі па-ранейшаму карыстаюцца ажыятажным попытам у жыхароў Сімфэропаля. Сімфэропаль, 24 лістапада 2015 году

Як жыхары Крыму, анэксаванага Расеяй, перажываюць энэргетычную блякаду з боку Ўкраіны?

Беларускі бізнэсовец Уладзімер Кудзінаў апошнія паўтара дзясятка гадоў жыве ў Севастопалі. Зь Беларусі ад’ехаў зь сям’ёй у Крым практычна адразу ж пасьля вызваленьня з турмы.

У лістападзе 1996-га дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Кудзінаў быў адным з ініцыятараў імпічмэнту прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку, а ўжо на пачатку 1997-га яго арыштавалі паводле абвінавачаньня ў дачы хабару. Ён быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Выйшаў на волю ў лютым 2001 году.

Пасьля пераезду ў тады яшчэ ўкраінскі Крым распачаў у Еўпаторыі пасьпяховы бізнэс — займаўся птушкагадоўляй, забясьпечваў яйкамі практычна ўвесь паўвостраў. Але на пачатку 2014-га — пасьля расейскай агрэсіі — справу давялося згарнуць: ужо тады прадбачыліся праблемы з энэргарэсурсамі, да таго ж паступова спыніўся экспарт камбікармоў з Украіны, а Расея альтэрнатыўных паставак не забясьпечыла. Цяпер працуе па разавых дамовах з маскоўскімі камэрцыйнымі структурамі.

Уладзімер Кудзінаў
Уладзімер Кудзінаў

Пра сёньняшнія рэаліі Крыму Ўладзімер Кудзінаў расказаў Свабодзе наступнае:

«Электрыку як бы падаюць, але вельмі дазавана. Прыкладам, у гарадзкія жылыя раёны тры гадзіны даюць сьвятло, а потым на шэсьць гадзінаў робяць перапынак. Так цягам сутак. Не хапае сваіх магутнасьцяў. Ня ведаю дакладна, як забясьпечваюць буйныя вытворчасьці, але, відаць, яны маюць свае крыніцы энэргіі — дызэль-генэратары. Скажам, асноўныя запраўкі працуюць, бо маюць уласныя генэратары, вялікія гандлёвыя цэнтры таксама забясьпечаныя ўласнай энэргіяй».

Горшыя справы на аб’ектах сацкультбыту, якія фінансуюцца паводле рэшткавага прынцыпу і аўтаномных крыніц сілкаваньня ня маюць. Як кажа спадар Кудзінаў, навучальныя ўстановы некалькі дзён увогуле былі зачыненыя, дзеці пайшлі ў школу толькі сёньня:

«Учора яшчэ пэўна быў выходны, а сёньня ў школу нібыта ўжо пайшлі. Ведаю, што будуць скарочаныя ўрокі, па 35 хвілін. Вышэйшыя навучальныя ўстановы, сярэднетэхнічныя таксама аднавілі працу — гэта значыць, там усё ж паставілі генэратары, будуць запускаць прынамсі на час заняткаў, забясьпечваць электраэнэргіяй. Таму што такая сытуацыя можа быць надоўга».

У адной з крамаў Сімфэропаля, 23 лістапада 2015 году
У адной з крамаў Сімфэропаля, 23 лістапада 2015 году

Але тыя ж генэратары трэба забясьпечваць палівам. Якая сытуацыя з пастаўкамі нафтапрадуктаў на паўвыспу? Уладзімер Кудзінаў кажа, што перабоі з бэнзінам усё больш адчувальныя:

«Так, генэратары працуюць на бэнзіне, дызпаліве. І калі салярка на АЗС пакуль што ёсьць, то бэнзін 92-гі, 95-ты і нават 98-мы ўжо становіцца дэфіцытам. На запраўках практычна заўсёды чэргі. А пасьля таго як учора ў гіпэрмаркетах паразьбіралі ўсе дызэль-генэратары, мабыць, пачне бракаваць і саляркі».

Як часта бывае, скарыстацца канфліктам суседзяў намагаецца Беларусь. Суразмоўца гаворыць, што ўсё часьцей у крамах зьяўляюцца беларускія прадукты:

«Справа ў тым, што ўкраінская прадукцыя таксама ідзе, але толькі праз мацерыковую частку Расеі, што ўскладняе лягістыку. Маю на ўвазе найперш мясныя вырабы. Разам з тым усё больш у крамах зьяўляецца прадукцыі беларускіх мясакамбінатаў, масласырзаводаў і г.д. Але абсалютная большасьць харчоў паступае, вядома, праз Расею. Нейкага вялікага дэфіцыту прадуктаў няма, усё асноўнае нібыта ёсьць. Магчыма, проста не такі выбар на паліцах, як некалі».

Прадуктовая крама, асьветленая сьвечкамі з-за адключэньня электраэнэргіі. Сімфэропаль, 22 лістапада 2015 году
Прадуктовая крама, асьветленая сьвечкамі з-за адключэньня электраэнэргіі. Сімфэропаль, 22 лістапада 2015 году

Якое можа быць выйсьце з такога становішча? Уладзімер Кудзінаў пакуль ня бачыць перадумоваў для кардынальных зьменаў:

«Усё разумеюць абсурднасьць сытуацыі, але асабіста я думаю, што на палітычным узроўні пра нешта дамовіцца будзе складана. Таму рана ці позна Расейскай Фэдэрацыі давядзецца пераходзіць на свае крыніцы, забясьпечваць Крым з уласных рэсурсаў. Да таго ж гэта нават ня столькі ўрад Украіны забараніў пастаўкі, колькі само насельніцтва стварыла ўмовы, каб электраэнэргія сюды не трапляла. Ня толькі крымска-татарскае, але і актывісты, якія знаходзяцца на мацерыковай частцы Ўкраіны. Таму нічога не застанецца, як пераарыентоўвацца на сыравінныя крыніцы Краснадарскага краю — гэта і газ, і электраэнэргія, і ўсе іншыя».

Пад канец размовы цікаўлюся ў спадара Кудзінава: ці не прымушаюць падзеі ў Крыме разглядаць варыянт вяртаньня на радзіму, у Беларусь? Пасьля фактычнай страты пасьпяховага бізнэсу і новых выклікаў на побытавым узроўні Крым ужо наўрад ці выглядае такой «райскай выспай», як яшчэ пару гадоў таму:

«Пакуль, відаць, не, не зьбіраемся. Справа ў тым, што мы не маладзеем, а старэем, трэба жыць там, дзе нашы дзеці жывуць. Хоць бы дзеля таго, каб на старасьці гадоў і за намі быў догляд. Вядома, трэба глядзець, як сытуацыя будзе складацца. А яна ж, як паказвае досьвед, можа зьмяняцца, прычым кардынальным чынам. Пакуль сьпяшацца ў прадказаньнях ня будзем».

Блізу 2 мільёнаў жыхароў Крыму засталіся без электразабесьпячэньня з боку Ўкраіны пасьля таго, як у мінулыя выходныя ў Хэрсонскай вобласьці былі пашкоджаныя апоры ліній электраперадачаў, якія вядуць на паўвыспу. Удзельнікі блякады Крыму зь ліку крымска-татарскіх актывістаў і ўкраінскіх добраахвотнікаў такім чынам дамагаюцца ад афіцыйнага Кіева прыняцьця адмысловага закону, які будзе забараняць любую падтрымку тэрыторыі, фактычна акупаванай Расейскай Фэдэрацыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG