Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі карыкатурыст: «Адчуваю, што Пуцін дагуляецца»


​Інтэрвію з украінскім мастаком, які стаў міжвольным суаўтарам адказу расейскай сэнатаркі Валянціны Пятрэнка часопісу Charlie Hebdo.

Украінскі мастак і музыка Юры Журавель стаў вядомы задоўга да таго, як яго карыкатуру на Віктара Януковіча запазычыла для свайго «мастацкага адказу» часопісу Charlie Hebdo расейская сэнатарка Валянціна Пятрэнка.

Ён стаў адным з самых вядомых мастакоў Майдану, выставу яго карыкатураў 24 лютага, у адзін з самых страшных дзён украінскай «рэвалюцыі годнасьці», разграміў і спаліў «Беркут».

Валянціна Пятрэнка
Валянціна Пятрэнка

Сваімі малюнкамі Журавель рэагуе ня толькі на ўкраінскія, але і на расейскія падзеі: у яго ёсьць карыкатуры і малюнкі, прысьвечаныя рэйтынгу Уладзіміра Пуціна, забойства Барыса Нямцова і акцыі Пятра Паўленскага каля будынка ФСБ на Лубянцы.

Мастак лічыць, што пабачыў ва ўчынку Пятрэнкі нейкі «падвох»:

«Я, шчыра кажучы, як убачыў сюжэт пра прэс-канфэрэнцыю, у мяне ўзьнікла адчуванне, што ў гэтым ёсць нейкі падвох, што нехта хоча зноў расхістаць сытуацыю ва Ўкраіне, зноў прыплесьці сюды Майдан. Таму што мы зараз супакоіліся. У мяне ў пад’езьдзе жывуць на адной пляцоўцы былы бандэравец, удзельнік УПА (Украінскай паўстанцкай арміі. — РС), і былы энкавэдэшнік. Яны разам выходзяць і п’юць піва, і ўсё нармальна. Дзяржава жыве мірным жыцьцём. Зразумела, на ўсходзе ў нас адбываецца бардак, мы адчуваем ўварваньне з боку Расеі, але людзі ўжо навучыліся жыць па-новаму і прыслухоўвацца да думак і меркаваньняў адно аднаго».

На пытаньне, каго б мастак зараз зьмясьціў у кацёл, Журавель кажа, што прадстаўнікоў цяперашняй улады:

«Я б з задавальненьнем у гэты кацёл зьмясьціў прадстаўнікоў цяперашняй улады, таму што на касьцях Майдану ва ўладу ўлезьлі людзі, якія не заслугоўваюць там знаходзіцца. Абяцаньні Парашэнкі не выконваюцца, людзі незадаволеныя і палітыкай Яцанюка, тое, што робіць у Кіеве Клічко, таксама нас не задавальняе. У любым выпадку, дзякуй Богу, ёсьць магчымасьці змагацца з гэтым, і я адчуваю, што мы... зноў вось прыходзіць канец восені, возьмемся за справу».

Карыкатуры Юрыя Жураўля актуальныя да гэтага часу. Яго малюнкам «Нябесная сотня» актывісты «апячаталі» ўваход у кавярню, якая адкрылася нядаўна ў цэнтры Кіева побач з Домам прафсаюзаў — гэта падзея выклікала пратэсты сярод тых, хто лічыць адкрыцьцё такой установы па суседзтву зь месцам трагічнай гібелі актывістаў Майдану недапушчальным.

У інтэрвію Радыё Свабода Юры Журавель адзначыў, што 90 працэнтаў «народнай падтрымкі» Пуціна насамрэч нічога ня значаць.

«Вы ж, напэўна, чулі пра Чаўшэску, у якога за два дні да расстрэлу быў вельмі высокі рэйтынг. Вера і любоў вельмі моцна мяжуюць зь нянавісьцю. Чалавеку рана ці позна прыходзіцца адказваць за свае словы. Але я проста адчуваю, ды я проста ведаю — ён дагуляецца. І чым больш праходзіць часу, тым больш расейцаў гэта разумеюць» — заявіў Юры Журавель

Юры Журавель — ня толькі мастак, але і музыка. Жартоўны кліп яго групы пад назвай «Накурыла баба жураўля» набраў на YouTube амаль мільён праглядаў. Акрамя гэтага, Журавель ўдзельнічае ў грамадзкай дзейнасьці ў родным Роўна, дзе ён стварыў арганізацыю «Дзеці падзямельля», якая займаецца ўладкаваньнем гарадзкой прасторы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG