Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч і мужык-беларус


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Рэдактар «Гродненской правды» ня ўзяў Сьвятлану Алексіевіч на працу, таму што жанчына.

Шчыра скажу: я абыякава назіраў за спрэчкамі пра Нобэлеўскую прэмію, што ў нас адбываліся апошнімі гадамі. Мне было ясна, што за творы на беларускай мове не дадуць. А для патрыётаў гэта якраз і было найважнейшым. А я быў у гэтым пытаньні проста чытач. Мяне не цікавілі адны, каму яе давалі, але са здавальненьнем успрымаў узнагароджаньне Сарамагі альбо Варгаса Льёсы. Вельмі грунтоўны выбар. Сапраўдныя раманісты міжнароднага ўзроўню.

Калі я пачаў працаваць у абласной «Гродзенскай праўдзе» (тады яна яшчэ мела расейскамоўную шыльду), у рэдакцыі любілі ўспамінаць, што раней у газэце працаваў сам Васіль Быкаў. На дошцы абвестак часам прышпільвалі віншавальныя паштоўкі ад яго. Другое: загадчык аддзелу расказваў, што журфакаўскую практыку ў рэдакцыі праходзіла Сьвятлана Алексіевіч, але рэдактар не захацеў браць, бо жанчына. І што мяркуе рэдактар цяпер, калі ў яе выйшла «У вайны не жаночае аблічча»? – задумваўся ўголас мой загадчык. Як выглядае, Алексіевіч магла ў час практыкі пазнаёміцца з Быкавым. І знаёмства магло быць карысным. Але патрэбная перш праца твая асабістая, бяз гэтага нічога ня будзе: вось сядай і пішы і, магчыма, атрымаеш вынік.

Пазьней, была сярэдзіна 1990-х, я купляў «Балтийскую газету», якая выходзіла ў Рызе. Вялікага фармату была, прасьціна. І там сталі друкавацца старонкі з новай кнігі Алексіевіч. Памятаю: пра самагубцаў, рускіх людзей. Адкуль? Наколькі памятаю, з Гомеля, Менску… У маім разуменьні рускія людзі жылі ў Волагдзе, Сызрані, а ў Гомелі, Менску, няхай савецкія, але ўсё ж адначасова беларускія, ня рускія. Калі быў важны менавіта агульначалавечы чыньнік, то навошта было абавязкова іх пазначаць рускімі? Хіба што як прадстаўнікоў рускага сьвету, які ў нас спачатку так любіла начальства, а цяпер стала раптам шугацца.

Такім чынам, пакуль іншыя пісьменьнікі былі занятыя клопатам – каб на беларускай мове чыталі, каб яна не зьнікала, асабліва пасьля «прэзэнта» ад начальства – рэфэрэндуму 1995-га, занятыя вузканацыянальнымі, унутранымі задачамі, Алексіевіч была па-над бар’ерамі, яе ўсё гэта не датычыла. Пісаць дэтэктывы па-беларуску, прыгодніцкія раманы ў стылі Караткевіча, традыцыйныя гістарычныя? Як вынікае, задачы былі чыста прыкладнымі. І патрыятычнымі, само сабой. Гэта проста такі цяжар выпаў на долю беларускага пісьменьніка. Астатнія, у навакольных краінах, дбалі пра твор, пра літаратуру. Або пра ўдалы продаж. Альбо, па магчымасьці, пра ўсё адначасова. Беларускі пісьменьнік прайграваў адназначна. Місія забірала ў яго думкі і чарнілы.

Місія была даволі правальнай справай. Але ў канкрэтнай сытуацыі пісьменьнік ня мог ад яе адмовіцца. Хаця рэальна, як аказалася, ён не патрэбны са сваім творам ні саюзам пісьменьнікаў, ні літаратуры, ні, пагатоў, народу і краіне. Ён, як выйшла, маліўся сьвятым мошчам, якія аказаліся муляжом. Альбо міражом. Прыклад Алексіевіч найлепш аб гэтым сьведчыць. Пагляньце: беларускіх аўтараў сёньня нават не перакладаюць, не выдаюць у Расеі, што раней было звыклым (а ўкраінцаў перакладаюць). Нават там не цікавяцца. Самыя бліжнія суседзі. Што ўжо казаць пра Захад (дзе нават Быкава раней часта перакладалі праз расейскую).

Алексіевіч якраз апынулася ў патрэбны час у патрэбным месцы: пачала «адказваць» за ўвесь былы савецкі народ. І на расейскай мове, зразумела. І значыць мела рацыю. І для Нобэлеўскага камітэту нагода двух зайцаў забіць: за творы на расейскай мове, але – не Расеі.

Цяпер беларусам можна супакоіцца: экзамэн па Нобэлеўскай прэміі здадзены. І наступнай нагоды не прадбачыцца. Цяпер хіба што ўкраінцы могуць спадзяваньні мець.

Ня можа літаратура інтэлектуальнай, моўнай меншасьці на нешта прэтэндаваць за межамі краіны. Калі ў яе межах яна мова другога гатунку. Бо не існуе краіны ў сьвеце, дзе беларуская была б мовай дзяржавы. Адсюль трэба танчыць. Як і не існуе прэмій, Нобэлеўскай пагатоў, за кнігі на мовах-парыях. У Нобэлеўскім камітэце няма сэнтымэнту да прыніжаных і абражаных.

Мы думалі, што будзе правільна, будзе справядліва, калі за творы на беларускай мове дадуць, маральна падтрымаюць перад абліччам беларускага Левіяфану, які лічыць яе неразьвітай. Але Левіяфан можа адчуваць у выніку здавальненьне: чорт зь ім, зь беларускім пісьменьнікам, у якога комплекс мовы, які лічыць яе духам, росчынай, на якой трымаецца культура. Усё гэта забабоны часоў «мужыка-беларуса», мова ягоная за парогам нішто…

Якія могуць быць урокі? Нехта мог зрабіць высілкі і прадставіць на замежнай кніжнай выставе свой твор, нават каб яго пераклалі дамагчыся. Ня думаў пра літаратуру на беларускай мове, думаў пра сябе. Нібы правільна. Каб думаць пра літаратуру, трэба было сядаць і рабіць грунтоўныя рэчы. Успомніць пляны эпапэй Чорнага альбо Віцьбіча. Хаця дзеля справядлівасьці: яны засталіся плянамі. Але на гэта былі прычыны.

Што сёньня можа зацікавіць эўрапейскага выдаўца? Мы ня ведаем. Магчыма, траўматычны вопыт апошняй спробы зьляпіць беларускі народ з таго савецкага і «рускага». І паасобныя кнігі паявіліся. Але няма заўважных. Што рабіць? І зноў жа: пісьменьнік прыходзіць да пачатковай задачы — ня дбаць пра мову, адкінуць місію, сядаць і пісаць свой твор. Думаць толькі пра сябе і яго. Але сядаць грунтоўна. Патрэбныя вялізныя высілкі. Адкінуць усё, ахвяраваць часам, захварэць на твор. Гэтага пакуль няма. Ніхто не адчувае пакуль матывацыі.

Але, як на пачатак, можна хаця б пазбавіцца нобэлеўскіх міражоў, Нобэль у беларусаў ужо ёсьць. А няма «Вайны і міру», усе ў курсе дзела.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG