Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч і скразьнякі гісторыі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Мазгі краіны не праветрываліся, не ўзбагачаліся кіслародам. СССР дыхаў сваёй дыхальнай сумесьсю, уласнай вытворчасьці.

БССР знаходзілася ўнутры, як у матрошцы. Беларус разумеў, што ў яго толькі кватэра ў вялікім савецкім доме… Адчыняць форткі не ўхвалялася. Лічылася, бадай, неабдуманай неасьцярожнасьцю, амаль вальнадумствам. Думкі ледзь узьнімалі галовы. Адарваць галаву ад падушкі, прымусіць сябе сесьці на ложку, апусьціць ногі, намацаць пантофлі? Цяжкая справа – самапрымус!

Беларускім думкам не хацелася варушыцца. Апатычныя думкі трутнямі чакалі, каб атрымаць мядку, але не было каму ўзяць вялікую лыжку, дый мёд пераважаў штучны, падсаладзіць гарбату, не больш. Партыі хапала здольнасьцяў толькі на слоікі са штучным. Але тут зьнянацку Гарбачоў! Беларусы спалохаліся. Пакуль ГКЧП у тэлевізары не паявіўся. Ну зараз дадуць мужыкі Міхал Сяргеічу дыхту! І па заслузе! Няхай не баламуціць народ, не сатрасае наша спакойнае слаўнае паветра. Нам жа дыхаць, не яму.

Нерухомае паветра для беларусаў было любімай стыхіяй. Яны не баяліся, як той вожык туману, калі дыхаць не было чым, калі ў паветры стронцыем амаль што пахла. Хоць смурод, але свой, надзейны, камуністычны. Ад лёгкага сьвежага паветра ў беларусаў магла закружыцца галава, яны маглі калектыўна страціць прытомнасьць. Упасьці ва ўсеагульную паніку, што зямля больш не стаіць на плячах трох барадатых асілкаў. Маркса, Энгельса, Леніна. Сталін быў пакуль на лаўцы запасных гульцоў, але ня здадзены зусім у архіў. Як было прыемна пачынаць распростваць прыгорбленыя плечы, вешаць на пярэдняй шыбе машыны партрэт Ёсіфа Вісарыёнавіча! Дыхаць рабілася весялей. Нібыта весяляшчы газ трапляў у кабіну.

А тут раптам і баламуту Гарбачову высьпятка. Можна было б радавацца, на поўныя грудзі ўздыхнуць любімага застаялага паветра. Дык жа не! Шушкевіч на сцэне паявіўся. І давай форткі расчыняць! Скразьнякі загулялі, скразьнякі гісторыі. Хто яго толькі дапусьціў у памяшканьне? Чаму не дае беларусам быць самімі сабой? Калі ты прафэсар, катэдра табе ў рукі і не перашкаджай народу напаўняць лёгкія звыклым зьместам. Чаму прафэсары распараджаюцца лёсам народу, яго любімымі звычкамі? Хто дазволіў? Дзе гістарычная справядлівасьць?

Беларусы марылі аб нерухомым паветры. Спалі і бачылі, як яно туманам абкладае гоні і абшары. Смог, родны смог хваляваў душу. На жаль, яны прачыналіся, а прафэсар працягваў расчыняць форткі. І асабліва стараўся ў заходняй сьцяне і каб чым даўжэй не зачынялі. А з той стараны якраз беларусы баяліся вятроў, лічылася, што яны шкодныя. А некаторым здавалася, што ўвогуле атрутныя. Той зарын-заман, жудаснае дзеяньне якога яшчэ нядаўна вывучалі ад школы да ўнівэрсытэту.

Шушкевіч быў прафэсарам фізыкі, а можна было падумаць, што ён сьвяціла мэтэаралёгіі, што ў яго руках зэфіры і марфэі ды іншыя моцныя рухі паветра. Краіну стала прадзімаць. Мазгі сталі машынальна праветрывацца, хоць і не жадалі нашы людзі. Але як супраціўляцца, калі ён стырно трымае? Народ зажурыўся. Ну хто яго прасіў? Хто яму даў паўнамоцтвы?! А з народам параіцца, што – не абавязкова хіба? Народ для цябе, што – зусім цяля бязмоўнае, голасу ня мае? Не абавязкова думкі ягонай пытацца, перш чым форткі расчыняць?

Народ, канечне, хітрун таксама. У глыбках душы яму падабалася, што, пераехаўшы ў суседнюю Польшчу, ён трапляў у царства іншых пахаў. Смачных, прыемных, пачынаючы з WC. Хацелася цішком удыхаць, але каб не зайздросьціць. Але не зайздросьціць не атрымлівалася. Хоць ты сабе забарані, але параўноўваць будзеш са сваімі сьмярдзючымі сарцірамі і ванітнымі пахамі сталовак. А паветра свабоды? Божа мой! Лепей не прызнавацца, калі вернесься!

Старая гвардыя, што вырашыла Шушкевічу забараніць расчыняць форткі, аднак за шкоду паветра свабоды для народу ня страшна баялася. Ёй былі вядомыя лічбы: большасьць далей райцэнтру ня езьдзіла і баялася Польшчы як чорт ладану.

Начальства зачыніла форткі і забараніла праветрываць. Дыхай, народзе беларускі, сваім застаялым паветрам на здароўе, калі ласачка… Ён і дыхае. І ўдзячны. І ня хоча больш ніякіх шушкевічаў. Расчыняць форткі – ня самае карыснае ў жыцьці, лічыць беларус.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG