Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мой дзед не ўступіў у калгас


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Мой дзед Панас да канца жыцьця не ўступіў у калгас. Быў сапраўдным беларусам, хоць і нетыповым.

Калі прыйшлі немцы, майго дзеда, бацьку мамы, на агульным сходзе выбралі старастам. Ня ведаю, як тады было з самаадводамі, і чаму ён ня ўзяў. Мабыць чалавек адчуў сябе кімсьці значным. Мне так здаецца. Для начальства ён быў ненадзейным элемэнтам, а для вёскі, як толькі начальства ня стала, – адпаведным, каб ажыцьцяўляць уладу. У межах некалькіх дзясяткаў хат.

Чаму яго выбралі? Быў хвацкім і быў аднаасобнікам. Прычым перакананым. Многіх загналі ў калгас, а яго не. На сходзе па арганізацыі калгасу ён, аднак, быў. Усіх склікалі. І пачалася агітацыя. І яму закарцела падыміць. Скруціў цыгарку і паспрабаваў нязграбна прыпаліць ад газоўкі. Яна згасла, у хаце зрабілася цёмна. На яго накінуліся – што наўмысна, што нашкодзіць калгаснаму ладу хоча. Усходняя Беларусь, сярэдзіна 1930-х.

Дзеля справядлівасьці, аднак, трэба сказаць пра астатніх. У 1937 годзе ў раёне практычна кожны пяты селянін застаўся на прыватнай гаспадарцы, у калгас не пайшоў. Аднаасобнікаў было каля дзьвюх тысяч! Так што майму дзеду не было самотна. Тады ў кожнай вёсцы быў свой калгас. Ясна, былі вёскі значныя і зусім малыя, але ў сярэднім на калгас выходзіла па адзінаццаць аднаасобнікаў. Во гэта беларусы! Я проста ўражаны.

Але пакіраваць пры немцах майму дзеду не давялося. Жонка схапілася за галаву: ты што, здурнеў? Маючы восем дзяцей, на такое згадзіўся? Уратаваў стары Аніська, які жыў самотна, згадзіўся пераняць пасаду старасты. І казалі, што той Аніська быў вельмі на месцы. Умеў так зь немцамі размаўляць, каб не чапалі вёску. Нідзе ніякай хаты не спалілі нават. Калі адступалі, абоз ішоў вясковай вуліцай, Аніська сабраў хуценька вялікі кош яек: ешце, фрыцы, на здароўе. На ўсякі выпадак. Ім было не да вёскі мабыць.

Мама была тады ў грыбах. Яна расказвала: стаіць, а за некалькі мэтраў па лясной дарозе немцы на захад едуць калёсамі, перабінтаваныя, параненыя. Глядзяць на яе пахмурна, абыякава. Але ўсё роўна страшна. Ёй было восем год. За два кілямэтры, на другім беразе рэчкі ў іх была падрыхтаваная абарона. І фронт спыніўся на гэтым месцы на дзевяць месяцаў.

Пішуць, што пасьля 1937-га лічба аднаасобнікаў пачала пакрысе зьмяншацца. Хто б сумняваўся. Колькі вывезьлі гвалтам у неабжытыя мясьціны Расеі — пытаньне асобнае. Але калі пачалася вайна, іх нават ва ўсходняй Беларусі яшчэ заставаліся тысячы. Яны не любілі сталінскую ўладу, што зразумела.

Яна зь імі змагалася, душыла падаткамі. Аднойчы зборшчыкі забралі каня і карову, пакінуўшы шматдзетную сям’ю галадаць. Назаўтра дзед закруціў у капу швейную машынку, закінуў на сьпіну. Каб прадаць. Вярнуўся з канём. Такім ён быў. Незалежным і зацятым. У калгас так і не ўступіў. А калі падап’е, то называў начальства «зладзьдзём».

Для яго савецкая ўлада была «зладзьдзём», не давала людзям нармальна жыць, на вёсцы асабліва. Хоць ужо не ссылала, але ставілася да сялян па-ранейшаму, лічы, як да прыгонных. Вядомыя і хрушчоўскія выбрыкі. Таксама прагнуў абкласьці падаткамі кожны куст, кожную курыцу.

А з чаго дзед сям’ю ўтрымліваў? Ён быў майстрам сякеры ды іншых інструмэнтаў. Працаваў з дрэвам. Гнуў дугі, рабіў колы, драбіны, прадаваў, цэглу самаробную ляпіў. Саўгас Леніна яго не дачакаўся (пасьля вайны зрабілі замест калгасу саўгас).

Быў незаможны, але свабодны. Перад дзьвярыма ляжаў пляскаты камень. Насупраць жыў іншы прыватнік. У таго быў вялізны сад з пчольнікам, ганак з парэнчамі, лавачкамі і стрэшкай, салідныя брама з падстрэшкам і плот зь бярвеньняў, тын. Вельмі мне гэта ўсё падабалася. У дзеда пчолаў не было, ён быў лясны чалавек, калі не майструе, то ў лесе. Брыгадзіра над ім ніколі не было.

Беларус, самастойны, незалежны. Хоць звычайны селянін, але са сваім гонарам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG