Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гібель расейскага самалёта: Вэрсіі


«Адзінай магчымай» прычынай разбурэньня ў паветры аэробуса А-321 кампаніі «Кагалымавія» (Metrojet), якое адбылося 31 кастрычніка над Сынайскім паўвостравам у Эгіпце, магло быць зьнешняе ўзьдзеяньне, заявіла кіраўніцтва авіякампаніі 2 лістапада падчас прэс-канфэрэнцыі ў Маскве.

Паводле словаў намесьніка генэральнага дырэктара кампаніі Аляксандра Сьмірнова, самалёт ня можа разбурыцца ў паветры празь якія-небудзь тэхнічныя праблемы. «А320 вельмі надзейны самалёт, аўтаматыка ня дасьць выйсьці на вялікія перагрузкі нават пры грубай памылцы пілёта» – сказаў Сьмірноў, дадаўшы, што адзінай прычынай разбурэньня магло быць мэханічнае ўзьдзеяньне на самалёт у паветры. Праблемы з палівам таксама не маглі прывесьці да яго разбурэньня ў паветры, а толькі да спыненьня рухавікоў ляйнэра, лічаць у авіякампаніі. Паводле словаў намесніка гендырэктара авіякампаніі па тэхнічных і вытворчых пытаньнях Андрэя Авяр’янава, у апошнія сэкунды перад падзеньнем самалёт знаходзіўся ў некіравальным палёце.

Раней, 1 лістапада, выканаўчы дырэктар Міждзяржаўнай авіяцыйнай камісіі (МАК) Віктар Сарачэнка, які прадстаўляе расейскую дэлегацыю, заявіў, што аэробус А-321 разбурыўся ў паветры, на вялікай вышыні, да ўдару аб зямлю. Да гэтай высновы ў МАК прыйшлі пасьля агляду месца здарэньня, зьвярнуўшы ўвагу на тое, што абломкі ляйнэра былі раскіданыя на тэрыторыі ў 20 квадратных кілямэтраў.

Акрамя гэтага, у авіякампаніі выключылі чалавечы фактар як вэрсію крушэньня, а таксама патлумачылі, што экіпаж А-321 не дакладваў аб аварыйнай сытуацыі на борце. «У момант пачатку разьвіцьця катастрафічнай сытуацыі экіпаж цалкам страціў працаздольнасьць. Менавіта гэтым можна патлумачыць тое, што не было ніводной спробы выйсьці на сувязь і далажыць аб аварыйнай сытуацыі на борце» – сказаў намесьнік генэральнага дырэктара «Кагалымавія» (Metrojet) Віктар Юнг. Раней старэйшы памочнік Прыволжскага транспартнага пракурора Мая Іванова паведаміла, што экіпаж самалёта пасьпяхова прайшоў мэдагляд перад палётам.

Як паведамляе агенцтва ТАСС, кіраўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый Расеі Ўладзімір Пучкоў і кіраўнік Расавіяцыі Аляксандр Нерадзько агледзелі «чорныя скрыні» і прыйшлі да высновы, што яны знаходзяцца ў добрым стане. Цяпер іх расшыфроўвае эгіпецкая сьледчая група. Агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы ў эгіпецкім камітэце па авіяцыйных здарэньнях паведаміла, што папярэдняе дасьледаванне бартавых самапісцаў паказвае: экіпаж А-321 не падаваў сыгналы SOS да зьнікненьня з экранаў радараў, а самалёт не падвяргаўся якому-небудзь вонкаваму ўзьдзеяньню. Пры гэтым, у першыя гадзіны пасьля авіякатастрофы зьяўляліся неправераныя паведамленьні аб тым, што экіпаж ляйнэра прасіў дазволу на аварыйную пасадку і скардзіўся на праблемы з рухавіком.

Выданьне «Коммерсант» са спасылкай на апытаных экспэртаў прыходзіць да высновы, што аэробус А-321 мог разбурыцца ў паветры ў выніку «выбуховай разгерметызацыі салёну»: корпус ляйнэра лопнуў з-за вялікага перападу ціску на вышыні. Гэта магло адбыцца па трох прычынах: у багажы самалёта магла апынуцца бомба, выбухная хваля ад якой прывяла да разбурэння ляйнэра; дэталі рухавіка, якія адарваліся, таксама маглі справакаваць разбурэньне фюзеляжа; да такога ж выніку маглі прывесьці ўзьніклыя ў апорных канструкцыях расколіны.

Вэрсія тэракту. Гэтую версію не выключаюць спэцыялісты, апытаныя агенцтвам AFP. Паводле словаў неназванага вайсковага экспэрта, незалежна ад памераў бомбы, на вышыні 10 тысяч мэтраў адбудзецца разбурэньне самалёта з-за розьніцы ціску. Экспэрты таксама адзначаюць, што служба бясьпекі эгіпецкіх аэрапортаў ня самым дбайным чынам правярае багаж пасажыраў. Экспэрты, апытаныя «Коммерсантом» таксама не сьпяшаюцца скідаць з рахункаў вэрсію тэракту. На іх думку, у ляйнэры магла знаходзіцца бомба, якая не змагла разбурыць цалкам самалёт, але прывяла да разгерметызацыі салёна і крушэньня.

Вэрсія «Ісламская дзяржава». У сувязі з вэрсіяй тэракту экспэрты таксама абмяркоўваюць магчымае дачыненьне да крушэньня самалёта забароненай у Расеі тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава». Празь некалькі гадзін пасьля катастрофы эгіпэцкая групоўка, блізкая «ІД», узяла на сябе адказнасьць за катастрофу, але расейскія ўлады адхілілі верагоднасьць тэракту. Пра тое, што «ІД» не валодае зброяй, неабходна моцнай, каб пашкодзіць самалёт на вышыні 9000 мэтраў, кажуць і замежныя экспэрты, апытаныя AFP. У прыватнасьці, былы дырэктар францускага Музэю авіяцыі і касманаўтыкі Джэральд Фэльцер лічыць, што для таго, каб зьбіць самалёт на такой вышыні, спатрэбіліся б ракеты далёкага дзеяньня і мабільныя радары, якіх у «ІД» няма. Акрамя гэтага, вэрсіі аб тым, што ракета магла трапіць у самалёт на больш нізкіх вышынях, экспэртам таксама здаюцца непраўдападобнымі, паколькі і такая атака прадугледжвала б вялікую колькасьць падрыхтоўчых дзеяньняў.

Вэрсія рухавіка. Няспраўны рухавік мог прывесьці да трагедыі наступным чынам: паводле спэцыялістаў, апытаных «Коммерсантом», у выпадку разбурэньня турбіны рухавіка, яе часткі маглі, вылецеўшы вонкі і рухаючыся зь велізарнай хуткасцю ў адной плоскасьці, разрэзаць фюзэляж самалёта.

Вэрсія старога пашкоджаньня. На думку экспэртаў «Коммерсанта», да «выбуховай разгерметызацыі салёна» маглі прывесьці расколіны ў канструкцыі самалёта. Экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што амаль 15 гадоў таму – у лістападзе 2001 году, калі ляйнэрам валодала Middle East Aviation – самалёт пры пасадцы ў аэрапорце Каіру пашкодзіў хваставую частку. Магчымыя недахопы пры рамонце маглі прывесці да крушэньня А-321. Авіякатастрофа па аналягічных прычынах адбылася ў 2002 годзе, калі ў паветры разваліўся Boeing-747 авіякампаніі China Airlines, які рухаўся па маршруце Тайбэй- Ганконг і які ўпаў ў Тайваньскі праліў.

Вэрсія чалавечага фактару. Супраць таго, што катастрофа стала вынікам памылкі экіпажу, гавораць дадзеныя авіякампаніі: капітан самалёта Валерый Нямоў меў больш за 12 тысяч гадзін налёту, у тым ліку 3860 гадзін налёту на гэтым тыпе самалётаў. Умовы надвор’я ў раёне катастрофы былі добрыя.

Сьвет смуткуе па загінулых у авіякатастрофе 31 кастрычніка
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:23 0:00
Наўпроставы лінк

У панядзелак днём, упершыню з моманту трагедыі, Уладзімір Пуцін выказаўся пра катастрофу. На сустрэчы зь міністрам транспарту Максімам Сакаловым ён выказаў спачуваньні і назваў крушэньне «велізарнай трагедыяй».

«Мы і сэрцам, і душой разам з вамі. У такія трагедыі, у такія гадзіны, безумоўна, вельмі важна адчуваць плячо блізкіх людзей, суперажываньне ўсёй краіны з нагоды гэтай жудаснай катастрофы» – сказаў Пуцін.

Па факце авіякатастрофы Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле артыкулу: «Парушэньне правілаў эксплюатацыі паветранага судна».

31 кастрычніка 2015 над Сынайскім паўвостравам пацярпеў крушэньне аэробус А-321, які рухаўся рэйсам Шарм-эль-Шэйх – Санкт-Пецярбург». 224 асобы, якія знаходзіліся на борце, загінулі. Авіякатастрофа стала найбуйнейшай у гісторыі расейскай і савецкай авіяцыі паводле колькасьці ахвяраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG