Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па „Дзевяноста пятым“ будуць вучыцца калі ня нашы дзеці, то ўнукі — дакладна»


Выйшла другое, дапоўненае выданьне кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты».

Кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты» прысьвечана рэфэрэндуму, у выніку якога беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай, а «Пагоня» і бел-чырвона-белы-сьцяг страцілі статус дзяржаўных сымбаляў. Першае выданьне пабачыла сьвет у ліпені; прэзэнтацыя ў верасьні ў Палацы мастацтваў у Менску сабрала больш як 300 чалавек, увесь наклад імкліва разышоўся.

Сяргей Навумчык: «У новым выданьні дададзены фрагмэнт пра нашу паездку на радыялякацыйную станцыю „Волга“, гэта расейскі ваенны аб’ект, і дэпутаты Апазыцыі БНФ патрабавалі дэнансаваць пагадненьне пра яе разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі. Я больш падрабязна напісаў пра амбіцыі Лукашэнкі адносна пасады ў Крамлі — менавіта жаданьне заняць месца хворага Ельцына тлумачыла інтэграцыйныя памкненьні. Таксама ўдакладненыя дэталі некаторых падзеяў таго драматычнага году».

СПАМПАВАЦЬ PDF

«Дзевяноста пяты» — трэцяя кніга Сяргея Навумчыка з цыклю, прысьвечанага найноўшай гісторыі Беларусі, якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». Раней выйшлі «Дзевяноста першы» — пра абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі і «Дзевяноста чацьверты» — пра першыя прэзыдэнцкія выбары.

«Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацьверты», «Дзевяноста пяты» — водгукі і ацэнкі

«Дзевяноста першы»

Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін

«Дзевяноста першы» — гэта ўзор жарснай публіцыстыкі, прадоннага аналізу падзеяў, прарочых высноваў. Сяргей Навумчык — правая рука Зянона — пісаў профілі дзевяноста першага году, у якім вырашаўся лёс незалежнай дзяржавы Беларусь. Знайшоўся неспакойны Беларус і распавёў пра падзеі, як ён бачыў іх, як непасрэдна ўспрымаў.

І захмар’е, і дол, і халодны позірк, і душэўная трывога.
Ацэнку дасьць час.
За ім — слова!

Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі

Навумчык — выдатны аўтар. У яго добры стыль, ён умее трымаць увагу і напружаньне. Гэта звышчытэльны тэкст. 500-старонкавы фаліянт прачытваецца на адным дыханьні.

«Наша Ніва»

Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін

Час ідзе, нешта забываецца, а потым зьяўляюцца тыя мэмуарысты, якія помняць добрае, зьвязанае зь імі самімі, і забываюць тое, што, можа, ня надта добрае было зь імі, або гэтае ня надта добрае хочуць перакласьці на чужую адказнасьць, на чужыя плечы. Ва ўсякім разе, у тых кнігах, якія я прачытаў пра той час, у мяне такое адчуваньне было. Таму тое, што Сяргей дае дакумэнты, дае атмасфэру таго часу, — мне здаецца, гэта вельмі важна.

Генадзь Бураўкін, паэт, першы прадстаўнік незалежнай Беларусі ў ААН

Захапляюся — часам са сьлязой у вачах — дэталямі, якія проста ўцягваюць чытача ў апісаныя падзеі. Кніга «Дзевяноста першы» — каштоўны архіў, які чытаецца як раман.

Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР

Уладзімір Арлоў
Уладзімір Арлоў

Гэты важкі том — найлепшы адказ як тым, хто лічыць, нібыта незалежнасьць звалілася на беларусаў зь неба, так і тым, хто мяркуе, быццам нацыянальна-дэмакратычныя сілы на чале з БНФ у нашай найноўшай гісторыі пацярпелі паразу. Насамрэч яны ў неверагодна складаных умовах дасягнулі галоўнай мэты — краіна атрымала Незалежнасьць.

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік

Гісторыю, як вядома, пішуць пераможцы. Са спазьненьнем на 20 гадоў мы дачакаліся і сваёй гісторыі пра пераможны 1991 год.

Дзьмітрый Гурневіч, журналіст

«Дзевяноста чацьверты»

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Сяргей Навумчык напісаў вельмі цікавую кнігу, якая, дзякуючы стылю і пачуцьцю гумару аўтара, чытаецца на адным дыханьні. Але галоўнае, што там ня схлушаны аніводны факт.

Часта бывае прыкра, калі чытаеш хлусьню пра тое, чаму сам быў сьведкам.

У кнігах Навумчыка такога няма.

Сяргей Дубавец, пісьменьнік

Гэта хроніка палітычнага жыцьця, якое было ў Беларусі.

Сяргей Антончык, лідэр рабочага руху пачатку 1990-ых

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

Сяргей Навумчык досыць аб’ектыўна ацэньвае расклад палітычных сіл у нашай краіне напярэдадні і падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. Ён прыходзіць да высновы, зь якой цяжка не пагадзіцца: на тых выбарах і Кебіч, і Аляксандар Лукашэнка рэпрэзэнтавалі блізкія між сабою палітычныя пазыцыі, у аснове якіх ляжала імкненьне да пераўтварэньня Беларусі ў калёнію ўсходняга суседа ўзамен на моцна жаданую імі найвышэйшую ўладу на гэтай тэрыторыі.

Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня

Такая кніжка — выдатная зьява.

Радзім Гарэцкі, акадэмік

«Дзевяноста пяты»

Пятро Садоўскі
Пятро Садоўскі

Значная частка тэксту прысьвечана красавіцкай галадоўцы ў памяшканьні парлямэнту, рэфэрэндуму і выбарам 1995 году. Паводле сваёй трагічнай значнасьці ў найноўшай гісторыі Беларусі гэтыя падзеі, бадай, пераважаць гісторыю злачыннага зьнікненьня вядомых беларускіх грамадзян. Такія злачынствы ня маюць маральнага тэрміну даўнасьці.

Пётра Садоўскі, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне

Кніга выдатна адпавядае жанру «нон-фікшн». У кнігах гэтага жанру выкарыстоўваюцца мастацкія прыёмы раскрыцьця вобразаў і такая спэцыфічная кампазыцыйная арганізацыя твораў — сцэна за сцэнай. У выпадку зь Сяргеем Навумчыкам гэта ня толькі сцэна за сцэнай, але і год за годам. І можна сказаць, што гэта ў пэўным сэнсе ўзорны нацыянальны «нон-фікшн».

Ганна Кісьліцына, літаратурны крытык

Лёгкі стыль аўтарскага выкладаньня робіць, здавалася б, сур’ёзную гістарычную літаратуру «надрыўнай», кшталту майстроў дэтэктыўнага альбо фантастычнага жанру.

Сяргей Пульша, аглядальнік газэты «Новы час»

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

Аўтар не нэўтральны, ён нефармал, бэнээфавец, апазыцыянэр, дэмакрат, пацярпелы, герой, удзельнік, зацікаўленая асоба...

Усё так. Толькі гэта ня мінус, а фарматная дадзенасьць. Яе галоўная рыса — не абмежавальнасьць, а сумленнасьць сьведкі, эмоцыя часу, а не ягоны асадак, не наратыў прафэсара, а праўдзівасьць летапісца.

Аляксандар Лукашук, дырэктар Радыё Свабода

Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк

Гэта каштоўнае, дакладнае дасьледаваньне па найноўшай гісторыі змаганьня за незалежную Беларусь пагрунтована на дакумантах, на летапісе друку, на ўспамінах і архіўных матар’ялах і на вопыце ўласнага ўдзелу ў палітычным працэсе той пары. Асаблівай каштоўнасьцю кнігі зьяўляецца тое, што яна адлюстроўвае дух таго часу, сваістае адчуваньне падзей, часам апісаных скрупулёзна да найменшых дэталяў.

Зянон Пазьняк, старшыня Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII скліканьня

Мілана Міхалевіч
Мілана Міхалевіч

Узяла ў рукі на хвіліну пагартаць і не змагла адарвацца, хоць вельмі балюча чытаць усе падрабязнасьці таго, што мы, учарашнія дзеці, бачылі збоку, а аўтар — знутры. Як быццам ізноў разанула па сэрцы. Як тады, калі мы даведаліся пра вынікі рэфэрэндуму (у мяне дагэтуль зьвініць у вушах крык маёй тагачаснай сяброўкі, вельмі-вельмі ціхай дзяўчынкі Наташы — «Ня можа быць!» на ўсю кавярню). Як тады, калі глядзелі, як здымаюць «Пагоню» з будынка на плошчы Незалежнасьці, і плакалі. Спадзяюся, што некалі ўрыўкі з кнігі ўвойдуць у падручнікі, па якіх будуць вучыцца калі ня нашы дзеці, то ўнукі — дакладна.

Мілана Міхалевіч, настаўніца

Спампаваць кнігу Сяргея Навумчыка
Спампаваць кнігу Сяргея Навумчыка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG