Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ашмянская мытня вяртае праваабаронцу Судаленку адабраны ў траўні ноўтбук


Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Намесьніца начальніка Ашмянскай мытні Леанарда Локцева паведаміла гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку пра заканчэньне праверкі ягонага ноўтбука, адабранага 25 траўня падчас асабістага мытнага агляду на памежным пераходзе «Каменны Лог». Яна прапануе прыехаць і забраць ноўтбук, а таксама вынятыя пры аглядзе друкаваныя матэрыялы. Іначай мытня зьвернецца ў суд аб прызнаньні тавару безгаспадарным.

Калі ноўтбук вернецца, я зьбіраюся перадаць яго ў шматдзетную сям’ю, якая жыве ў вёсцы Бабовічы Гомельскага раёну, бо сам карыстацца ім ужо не змагу.

«Паколькі Ашмяны далёка ад майго месца жыхарства, то я прапанаваў мытні даслаць канфіскаваныя ноўтбук і друкаваныя матэрыялы паштовай бандэрольлю. Калі ноўтбук вернецца, я зьбіраюся перадаць яго ў шматдзетную сям’ю, якая жыве ў вёсцы Бабовічы Гомельскага раёну, бо сам карыстацца ім ужо не змагу. Няхай кампутарнай пісьменнасьці вучацца дзеці», — апавёў праваабаронца.

У траўні Леанід Судаленка на аўтамашыне вяртаўся ў Беларусь зь літоўскай сталіцы, дзе прымаў удзел у форуме некамэрцыйнага права. На памежным пераходзе «Каменны Лог» без тлумачэньня прычынаў яму ўчынілі асабісты агляд, паглыбленую праверку аўтамабіля й багажу. Праваабаронца не пагадзіўся з адвольным адабраньнем кампутара і друкаванай прадукцыі і зьвярнуўся ў Ашмянскі раённы суд са скаргай на незаконную канфіскацыю ноўтбука і друкаванай прадукцыі, бо лічыў, што сваімі дзеяньнямі мытнікі абмежавалі ягонае права на свабоду атрыманьня, захоўваньня і распаўсюду інфармацыі. 7 жніўня раённы суд адхіліў скаргу. Судаленка накіраваў апэляцыю ў Гарадзенскі абласны суд, але той таксама ня ўгледзеў парушэньня. Кампутар і друкаваную прадукцыю мытня вярнула пасьля экспэртызы, ня выявіўшы ў іх нічога экстрэмісцкага.

Дарэчы, у 2010 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, ашмянскія мытнікі таксама канфіскоўвалі ў Леаніда Судаленкі друкаваную прадукцыю — дапаможнікі для назіральнікаў за выбарамі. Не знайшоўшы прававой падтрымкі ў беларускіх судах, Судаленка зьвярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG