Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Леаніда Судаленку не судзілі — пратакол мытнікаў накіраваны на дапрацоўку


Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Судзьдзя Цэнтральнага суду Гомеля Аляксандар Піскуноў накіраваў на дапрацоўку адміністрацыйны пратакол адносна праваабаронцы Леаніда Судаленкі за непадпарадкаваньне службоўцам Менскай рэгіянальнай мытні. З гэтай прычыны прызначаны на 20 кастрычніка разгляд адміністрацыйнай справы не адбыўся.

«Перад паседжаньнем я падаў суду 10 хадайніцтваў, у адным зь якіх напісаў, што падчас складаньня пратаколу начальнік аддзелу мытных дасьледаваньняў Гомельскай мытні Алег Швед не задаволіў ніводнага з шаснаццаці маіх пісьмовых хадайніцтваў, у тым ліку й наконт выкліку памежніка і мытніка, якія прымалі рашэньне зьняць мяне 25 жніўня ў Маладэчне зь цягніка „Вільня — Менск“ і правесьці асабісты паглыблены дагляд. Таксама адмоўлена было і ў прысутнасьці журналістаў пры складаньні пратаколу. Судзьдзя Піскуноў палічыў, што ў пратаколе насамрэч ёсьць сур’ёзныя хібы, і вярнуў яго мытні на дапрацоўку», — апавёў Леанід Судаленка.

Праз выклік непасрэдных выканаўцаў затрыманьня праваабаронца меўся высьветліць, якім чынам ягонае прозьвішча патрапіла ў «таемныя сьпісы», на падставе якіх памежнікі «выяўляюць», а мытнікі праводзяць так званы паглыблены дагляд з распрананьнем.

«Гэта адміністрацыйная справа супраць мяне настолькі „мутная“, што амаль за два месяцы мытнікі ніяк не маглі прывесьці яе ў належны стан, каб суд мог прыступіць да разгляду. Мяне ж ня толькі ў жніўні, але і ў траўні затрымлівалі на літоўска-беларускай мяжы. І таксама прымушалі распранацца. У маім распараджэньні ёсьць копія жнівеньскага рапарту прапаршчыка памежнай службы Паўла Дурко, у якім ён указвае, што „выявіў“ мяне і „перадаў“ мытным органам. У сваю чаргу начальнік Маладэчанскага мытнага паста М. Бузюк указвае ў дакладной запісцы, што атрымаў ад памежнага нараду заданьне на правядзеньне ў дачыненьні да мяне асабістага дагляду на прадмет „наяўнасьці электронных носьбітаў інфармацыі экстрэмісцкага зьместу“. Згаданыя факты даюць мне падставу сьцьвярджаць, што з аўтаматызаванай сыстэме памежнага кантролю ў адносінах да маіх асабітых пашпартных зьвестак існуе пэўная мадыфікацыя, якая дазваляе праводзіць незаконнае затрыманьне і парушае таямніцу асабістага жыцьця пад выглядам пошуку экстрэмісцкіх матэрыялаў», — лічыць Судаленка.

Гэта адміністрацыйная справа супраць мяне настолькі „мутная“, што амаль за два месяцы мытнікі ніяк не маглі прывесьці яе ў належны стан, каб суд мог прыступіць да разгляду

Праваабаронца мяркуе, што затрыманьне неяк зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі. Пяць гадоў таму, у 2010 годзе, таксама перад выбарамі, у Судаленкі рабілі дагляд на мяжы. Ён вёз зь Вільні дзесятак дапаможнікаў для назіралькаў за выбарамі. Гэтыя дапаможнікі ў Судаленкі незаконна канфіскавалі. Пасьля таго, як праваабаронца вычарпаў усё магчымыя сродкі прававой абароны ўнутры краіны, ён зьвярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека. Гэта аўтарытэтная міжнародная арганізацыя разгледзела скару Судаленкі і ўказала беларускаму ўраду, што правы Судаленкі парушаны, адабраныя дапаможнікі неабходна вярнуць, прадугледзеўшы пацярпеламу годную кампэнсацацыю.

Судзіўся праваабаронца з мытнікамі і за канфіскаваны ноўтбук у пункце пропуску «Каменны Лог». Апрача таго, Леанід Судаленка як кіраўнік Гомельскага цэнтру стратэгічнай цяжбы аказвае юрыдычную падтрымку многім грамадзкім актывістам і палітыкам, чые правы ўладай неаднаразова парушаліся, у тым ліку і па лініі памежнікаў і мытнікаў.

Паводле Судаленкі, «прэсаваньне» на мяжы ў нейкім сэнсе зьяўляецца помстай за яго актыўную грамадзянскую і праваабарончую пазыцыю.

Леанід Судаленка зьвярнуўся ў суд з пазовам да вайсковай часткі 2044 Смаргонскай памежнай групы і Менскай рэгіянальнай мытні аб спагнаньні зь іх матэрыяльнай і маральнай шкоды за гвалтоўнае затрыманьне 25 жніўня на памежным пункце ў Маладэчне.

Матэрыяльную шкоду праваабаронца абумовіў выдаткамі на новыя квіткі, набыцьцё лекаў і мэдычнага таномэтра — агулам 1,8 мільёна рублёў.

Маральную шкоду, нанесеную мытнікамі і памежнікамі, Судаленка вызначыў у памеры 999 мільёнаў рублёў. Ён патрабуе таксама спагнаць з адказчыкаў і судовыя выдаткі.

Пазоў праваабаронцы да памежнікаў і мытнікаў мае разглядацца па сутнасьці ў лістападзе ў судзе Гомельскага раёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG