Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дапамога павінна быць накіравана на рэформы ў Беларусі». Андрэй Дзьмітрыеў апублікаваў рэкамэндацыі краінам Захаду


«За чатыры дні сустрэліся зь вялікай колькасьцю палітыкаў, экспэртаў, чыноўнікаў», — напісаў у сябе ў фэйсбуку кіраўнік штабу Тацяны Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў.

Галоўнай тэмай размоваў было, піша ён, як будаваць адносіны зь Беларусьсю. І палітык пералічвае тэзы.

«1. Перамовы павінны ісьці на дзьвюх пляцоўках: улада і грамадзянская супольнасьць. Парадак дня перамоў з уладай павінен быць адкрыты. Беларусы павінны ведаць, пра што і на якіх умовах дамаўляюцца бакі. Гэтыя два кірункі павінны перасякацца, каб разьвіваць дыялёг унутры краіны.

2. Любая дапамога павінна быць пакрокавай, і наступны этап павінен пачынацца толькі пасьля фіксацыі выніку папярэдняга. Дапамога павінна быць накіравана на рэформы ў Беларусі, у першую чаргу эканамічныя, адукацыйныя, рэформы кіраваньня.

3. Эканамічная і тэхнічная дапамога павінна быць зьвязаная з паэтапнымі зьменамі ў палітычнай сфэры, каб улада не магла выкінуць гэтыя пытаньні з парадку дня.

Што ўлада можа зрабіць у найбліжэйшы час у палітычнай і грамадзянскай сфэры:

1. Да парлямэнцкіх выбараў зьмяніць парадак фармаваньня ўчастковых камісій і падліку галасоў. Кандыдат павінен мець права накіраваць ва ўсе ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў. Падлік галасоў павінен ажыцьцяўляцца адкрыта, так, каб усе назіральнікі мелі магчымасьць бачыць кожны бюлетэнь.

2. Даць акрэдытацыю тэлеканалу «Белсат» і вярнуць незалежныя газэты ў падпіску.

3. Зарэгістраваць Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю, Партыю свабоды і прагрэсу, «Гавары праўду».

4. Адмяніць артыкул, згодна зь якім перасьледуецца дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

5. Вярнуць у Менск офіс АБСЭ.

6. Увесьці пазыцыю амбудсмэна. (Працэдура прызначэньня павінна быць ўзгоднена з праваабаронцамі Беларускага Хельсінскага камітэту і «Вясны».)

7. Увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне і падаць заяўку на ўступ у Раду Эўропы.

Мы таксама кажам пра важнасьць Балёнскага працэсу для Беларусі. Нам важна, каб ён ня стаў толькі працэсам узгадненьня навучальных праграм. Для нас прынцыпова, каб былі рэалізаваны прынцыпы ўнівэрсытэцкага самакіраваньня і празрыстасьці справаздачнасьці.

Падымаем тэму разьвіцьця прыватнага сэктару ў Беларусі. Рэформы павінны датычыць абмежаваньня права дзяржавы ўмешвацца ў прыватны сэктар і памяншэньня бюракратычных працэдур. Для чаго трэба разьвіваць электронны ўрад. Вярнуцца да інвэстыцыйнага кодэксу і даць больш свабоды малому, сярэдняму бізнэсу і індывідуальнаму прадпрымальніцтву», — піша Дзмітрыеў.

«Галоўнае ўражанне — калі ў адносінах Беларусі з Захадам і чакаецца адліга, яна будзе зусім іншай якасьці, чым гэта было мінулы раз. Усе вельмі асьцярожныя, і ўзровень недаверу да беларускай улады вельмі высокі. У ЗША ён яшчэ вышэйшы, чым у ЭЗ. Зразумела, чаму. Тут і падзеі 2010 году, і крэдыт МВФ, які дапамог рэжыму пратрымацца, але не прывёў да рэформаў.

На сёньня няма ніякіх рашэньняў. Калі афіцыйны Менск чакаў, што выпуск палітычных зьняволеных і правядзеньне выбараў у „спакойным“ фармаце будуць дастатковымі для атрыманьня ад Захаду дапамогі і падтрымкі, гэтыя чаканьні не апраўдаліся. Гэта толькі дало магчымасьць пачаць дыялёг. Усе рашэньні яшчэ толькі фармуюцца, і, хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час будуць зробленыя толькі вельмі асьцярожныя крокі, якія ў выпадку чаго можна лёгка адкруціць назад. Відавочна, што зараз пацяпленьне значна больш трэба беларускім уладам, чым заходнім палітыкам», — піша Дзьмітрыеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG