Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне каля прахадной «Інтэгралу». Як ставіцеся да заявы Лукашэнкі, што ніякіх рэформаў ня будзе?


Менскае аб’яднаньне «Інтэграл» — былое найбуйнейшае прадпрыемства радыёэлектроннай прамысловасьці ў Беларусі. Працавала на ваенную прамысловасьць ўсяго Савецкага саюзу, канцэнтравала тут лепшыя сілы інжынэраў, тэхнолягаў і працоўных. За апошнія два дзесяцігодзьдзі прадпрыемства перажыло вялікія зьмены. А ці адбыліся якія-небудзь заўважныя зьмены пасьля выбараў? Больш ці менш стала працы, як ставяцца да заявы Лукашэнкі, што ніякіх рэформаў праводзіць ня будзе? На гэтыя пытаньні працоўныя «Інтэграла» адказваюць каля прахадной прадпрыемства.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:44 0:00
Наўпроставы лінк

Супрацоўніца цэху інтэгральных мікрасхем сярэдніх гадоў: «Цяпер завод зусім іншы, чым раней быў. І людзей менш, і працы менш, і заробкі невялікія, хоць і працуем у начныя зьмены — і ўсё роўна».

Карэспандэнтка: «І ўсё ж людзі трымаюцца працы?»

Супрацоўніца цэху інтэгральных мікрасхем сярэдніх гадоў: «Трымаюцца толькі пэнсіянэры. А моладзь сыходзіць. Менавіта з-за нізкага заробку. І начныя зьмены таксама не задавальняюць».

Карэспандэнтка: «Што думаеце пра выказваньне новаабранага кіраўніка краіны пра тое, што ніякіх рэформаў праводзіцца ня будзе?»

Супрацоўніца цэху інтэгральных мікрасхем сярэдніх гадоў: «Канечне, тое, што ў нас спакойна, што няма вайны — гэта добра. А іншае... Канечне, нам трэба больш грошай. Бо людзям трэба будаваць жыльлё, іншыя патрэбы важныя ёсьць. Тады, магчыма, людзі і трымацца будуць за працу, і ў іншыя бакі глядзець ня будуць».

Калі раней «Інтэграл» спэцыялізаваўся на вытворчасьці ў асноўным прадукцыі вайсковай прыналежнасьці, то цяпер выпускае таксама тэхніку для мэдычных, банкаўскіх патрэбаў, для сфэры гандлю і сельскай гаспадаркі. Але па-ранейшаму прадпрыемства працуе сіламі інжынэрна-тэхнічных работнікаў савецкага часу.

Інжынэр пэнсійнага веку: «Ёсьць у нас праца і ўсё добра. Заробкі розныя. Я інжынэр, працую ў тэхнічным бюро і скажу на сваім узроўні — дзесьці 5-8 мільёнаў. У асноўным працуюць людзі пэнсійнага ўзросту. Праграмісты, якія некалі закончылі БДУ, усе з чырвонымі дыплёмамі, вельмі адукаваныя людзі. Састарэлі, але, пакуль маюць сілы і розум, працягваюць працаваць».

Карэспандэнтка: «Ці прыходзіць моладзь?»

Інжынэр пэнсійнага веку: «Мала, хацелася б больш. Не ідуць з-за заробку. Моладзі зараз дай 10 мільёнаў, ня менш. А мы глядзім, што эканоміка ў краіне кульгае, таму і на нас гэта ўсё ўплывае».

«Інтэграл» — былое аб’яднаньне чатырох буйных прадпрыемстваў, якія цяпер падзеленыя яшчэ на некалькі. Таму прадпрыемства мае некалькіх заводзкіх прахадных, каля якіх нешматлюдна. Супрацоўнікі, якія выходзяць і заходзяць на завод, пераважна сярэдняга і старэйшага веку. Але сустракаюцца і маладзейшыя «інтэгралаўцы».

Юнак: «Я працую апэратарам у цэху па выпуску мікрасхем вось ужо чатыры гады. Скончыў маладзечанскі тэхнічны каледж і разьмеркаваўся сюды. Заробкі ад 4 мільёнаў да 5. Канечне, хочацца больш... Тут інтэрнат танны, многія застаюцца. Сам вось застаўся пасьля разьмеркаваньня».

Карэспандэнтка: «Ці задаволеныя працай, ці нешта трэба мяняць?»

Юнак: «Абсталяваньне старое, а так... усё добра».

Інжынэр цэху паўправадніковых прыбораў выказваў сваё бачаньне прадпрыемства і ягоных пэрспэктываў.

Інжынэр сярэдніх гадоў: «Заробак звычайны, як на ўсіх іншых прадпрыемствах — 5-6 мільёнаў. У маім цэху людзі задаволеныя працай — менавіта тым, што яна ёсьць. Многія кажуць, што хацелі б сысьці, але не сыходзяць, бо няма куды — такіх прыватных прадпрыемстваў, якія плацілі б больш — адзінкі. Завод вялікі, і ўсе туды не патрапяць, таму застаюцца. А незадаволеныя заробкамі, бо 5 мільёнаў летась — гэта адны грошы і цяпер — гэта зусім іншыя, бо іншы ўзровень жыцьця. Магчыма, стаўленьнем кіраўніцтва таксама незадаволеныя. Ніякіх зьменаў на заводзе няма і пасьля выбараў чакаць, я думаю, таксама ня варта».

Карэспандэнтка: «Што можаце сказаць пра заяву кіраўніка краіны, што ніякіх рэформаў адбывацца ня будзе»?

Інжынэр сярэдніх гадоў: «Канечне, я думаю, што нічога чакаць ня варта. Але зьменаў да лепшага хацелася б. Краіне трэба арыентавацца на больш высокі ўзровень, з тым ліку больш высокі ўзровень жыцьця людзей. Трэба імкнуцца да лепшага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG