Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так, вайна...Затое які рэйтынг!


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Расея ўсё больш уцягваецца ў сырыйскі канфлікт. Прэзыдэнт Сырыі нечакана прыехаў у расейскую сталіцу. Паездка Асада ў Маскву стала ягоным першым візытам за мяжу ад пачатку ваеннага супрацьстаяньня ў Сырыі ў сакавіку 2011 году.

Ужо амаль месяц як Расея ладзіць вайсковую апэрацыю на сырыйскай тэрыторыі. Але пытаньне пра сэнс і мэты гэтай вайны, у якую ўцягнулася РФ, застаюцца тэмай для дыскусіяў. Бо вельмі ўжо нечакана Масква туды ўмяшалася.

Афіцыйная вэрсія палягае ў тым, што нібыта ісламскія ваеўнікі пагражаюць дэстабілізаваць увесь рэгіён, імкнуцца распаўсюдзіць тэрарызм на іншыя краіны, што непасрэдна закранае Расею. Тут цікава тое, што «Ісламская дзяржава» дзейнічае ўжо паўтара года. І дасюль яна не пагражала Расеі. На расейскіх тэлеканалах шматлікія экспэрты, разважаючы пра гэты асяродак вайны на Блізкім Усходзе, у асноўным злараднічалі, кпілі з Захаду, асуджалі ЗША за бамбаваньні ісламскіх ваеўнікоў бяз згоды кіраўніцтва Сырыі. І ляйтматывам іхняга аналізу было такое цьверджаньне: Расея ні ў якім разе не павінна туды ўлазіць, Захад, найперш ЗША, заварыў гэтую кашу — няхай самі і расхлёбваюць.

І раптам усё памянялася. Цяпер тыя ж самыя экспэрты зьмянілі сваю пазыцыю на 180 градусаў і кажуць: як правільна зрабіў Уладзімер Уладзімеравіч, што ўступіў у чарговую вайну.

Шмат якія экспэрты кажуць, што сырыйская апэрацыя — гэта элегантны спосаб выйсьці з украінскага канфлікту, пераключыць увагу Захаду, прадэманстраваць ЗША і ЭЗ, што без Расеі праблему «Ісламскай дзяржавы» ня вырашыць. І за гэтую дапамогу Захад даруе ўмяшаньне РФ ва Ўкраіне.

Але ў выніку атрымалася ўсё з дакладнасьцю да наадварот. Акрамя ўкраінскага пытаньня, у дачыненьнях Расеі з Захадам зьявілася новае канфліктнае поле — Сырыя. Цяпер РФ мае з ЗША і ЭЗ два міжнародныя канфлікты. Сырыйскі праект, нібыта задуманы як сродак замірэньня Масквы з Захадам, прывёў толькі да абвастрэньня адносін між імі.

Якім жа трэба быць дзіваком, каб на роўным месцы, сьвядома і штучна пасварыцца з арабскім сьветам, Турэччынай.

Больш за тое, Расея ўступіла ў канфлікт ня толькі з Захадам. Справа ў тым, што ў Сырыі РФ стала весьці вайну на два франты: і супраць «Ісламскай дзяржавы», і супраць нерадыкальнай апазыцыі, якую падтрымліваюць ня толькі Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз, але і практычна ўвесь арабскі сьвет на чале з Саудаўскай Арабіяй. А саюзьнікамі Расеі аказаліся толькі сырыйскі рэжым Асада і Іран. Якім жа трэба быць дзіваком, каб на роўным месцы, сьвядома і штучна пасварыцца з арабскім сьветам, Турэччынай. І ў чым выгада Масквы? Пакуль бачна толькі ўзмацненьне міжнароднай ізаляцыі Расеі.

Шэраг экспэртаў бачаць сэнс сырыйскай апэрацыі РФ у тым, што гэта дэманстрацыя сілы, спроба вярнуць сабе статус вялікай дзяржавы. Але моц краіны грунтуецца найперш на эканамічным фундамэнце. А тут усё наадварот, крызіс у эканоміцы Расеі паглыбляецца. Таму дзеяньні Крамля нагадваюць паводзіны СССР падчас бясслаўнай вайны ў Аўганістане.

Адзіны станоўчы вынік для Пуціна ў тым, што сацыёлягі зафіксавалі рэкордны ўзровень грамадзкай падтрымкі. Вось вам і адказ на культавае пытаньне: ці хочуць рускія вайны?

Падаецца, што замежная палітыка Расеі становіцца ўсё больш неадэкватнай. Бо якая выгада краіне ад усё новых міжнародных крызісаў і канфліктаў?

Як гэта тычыцца Беларусі? Трэба паступова дыстанцыявацца ад авантурнага саюзьніка, які можа ўцягнуць у міжнародны канфлікт. І ў першую чаргу з парадку дня беларуска-расейскіх дачыненьняў павінна быць зьнятае пытаньне пра авіябазу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG