Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Варонін: Я падпарадкаваўся Канстытуцыі — два тэрміны, дык два тэрміны


Уладзімер Варонін: Я падпарадкаваўся Канстытуцыі – два тэрміны, дык два тэрміны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:35 0:00

Былы прэзыдэнт Малдовы Ўладзімер Варонін (2001— 2009) пра тое, чаму ня трэба мяняць Канстытуцыю і заставацца ва ўладзе даўжэй за два тэрміны.

Трэці прэзыдэнт Малдовы Ўладзімер Варонін — удзельнік спэцыяльнага праекта Радыё Свабода «Расея і я». Двойчы абіраўся парлямэнтам краіны — у 2001 і ў 2005 гадах. Лідэр Партыі камуністаў Малдовы. Пачынаючы з 2003 года Ўладзімер Варонін неаднаразова заяўляў, што зьнешнепалітычным прыярытэтам Малдовы зьяўляецца эўраінтэграцыя. Уладзімеру Вароніну — 74 гады.

Ганна Соўсь: Вы былі прэзыдэнтам Малдовы два тэрміны. У вас ёсьць калегі, палітычныя доўгажыхары: Аляксандр Лукашэнка, прэзыдэнт Беларусі, Нурсултан Назарбаеў, прэзыдэнт Казахстана, іх шмат, прэзыдэнтаў, якія больш за дваццаць гадоў ва ўладзе. А ці была ў вас самога спакуса пабыць даўжэй ва ўладзе? Ці не хацелася вам паспрабаваць як яны?

Уладзімер Варонін: Я за восем гадоў падпісаў парадку васьмі тысяч дэкрэтаў па розных рашэньнях — вызваленьне, прызначэньне і гэтак далей. Толькі два зь іх былі канстытуцыйнага характару. Я не крануў ніводную кропку, ніводную коску ў Канстытуцыі. Я падпарадкаваўся Канстытуцыі — два тэрміны, дык два тэрміны. І ніякіх ідэй, і ніякіх жаданьняў — нічога. Засталося пачуцьцё невыкананасьці тых плянаў, тых пачынаньняў, якія мы не пасьпелі давесьці да канца ў сілу розных прычынаў, аб’ектыўных, а дакладней, матэрыяльных, грашовых. Засталося пачуцьцё незадаволенасьці, што мы шмат не зрабілі. Але вы ведаеце, жыцьцё не заканчваецца: заканчваеш адно, пачынаеш іншае — гэта і ёсьць працяг жыцьця.

Ганна Соўсь: А што б вы маглі параіць, як бы вы маглі сваім калегам сказаць, чаму добра быць былым прэзыдэнтам?

Уладзімер Варонін: А я не сказаў бы, што добра быць былым прэзыдэнтам. І добрае ёсьць таксама. Калі казаць пра нас, пра Малдову і пра двух першых прэзыдэнтаў, то ў нас ёсьць невялікая розьніца. Я быў да прэзыдэнцтва старшынём партыі і падчас яго, і цяпер я старшыня партыі. У мяне хапае клопатаў, дай Бог магчымасьці і здароўя, каб я справіўся з тымі задачамі, якія прыносіць мая высокая пасада, якую мне камуністы краіны даверылі. Таму я не сумую, я не перажываю. Тым больш я яшчэ і дэпутат парлямэнту, і нашая фракцыя адыгрывае вядучую ролю ў парлямэнце. Рэдка калі без нашай згоды можа быць прынятае рашэньне.

Ганна Соўсь: Што мае ад малдаўскай дзяржавы былы прэзыдэнт паводле закону?

Уладзімер Варонін: Пэнсію.

Ганна Соўсь: Ці высокая пэнсія?

Уладзімер Варонін: Не. Пэнсія, калі перавесьці на даляры, то 400-450 даляраў.

Ганна Соўсь: Аўтамабіль, рэзыдэнцыя?

Уладзімер Варонін: Не. Ёсьць ахова і недатыкальнасьць. І нічога больш. Ніякіх рэзыдэнцый. Кватэра на пятым паверсе, у якой я жыў 25 гадоў таму, так нічога і не зьмянілася. І будучы прэзыдэнтам, я не памяняў нічога.

Ганна Соўсь: Як вы ацэньваеце ролю Аляксандра Лукашэнкі ў гісторыі Беларусі?

Уладзімер Варонін: Ну, дай Бог яму здароўя. Я меў кантакты зь ім шмат разоў, і на самітах, і ня толькі, калі я бываў у Беларусі. Гэта вельмі валявы, рашучы чалавек, сапраўздны патрыёт Беларусі, ведае, што трэба Беларусі і беларускаму народу, і гэта робіць. Робіць, мне здаецца, вельмі самааддана, з высокай адказнасьцю, і гэта вельмі важна. Дай Бог яму здароўя, доўгіх гадоў прэзыдэнцтва.

Ганна Соўсь: А ў вас прыяцельскія адносіны ці афіцыйныя?

Уладзімер Варонін: Прыяцельскія адносіны паміж прэзыдэнтамі — гэта, так бы мовіць, трошкі літаратурна. Ёсьць дзелавыя адносіны. І не было выпадку, каб я зьвяртаўся да Аляксандра Рыгоравіча зь нейкай прапановай па разьвіцьці нашых дачыненьняў, на якую ён бы не адрэагаваў, і ня проста так, праявіў ветлівасьць, а вырашаў пытаньне канкрэтна.

Гэта фрагмэнт праекту «Расея і я», сэрыі відэаінтэрвью з былымі кіраўнікамі пост-савецкіх дзяржаваў пра адносіны з Расеяй. У праекце «Расея і я» бяруць ўдзел былыя прэзыдэнты Ўкраіны Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка, былыя прэзыдэнты Малдовы Пётра Лучынскі і Ўладзімер Варонін, былы прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс, былы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль, былы прэзыдэнт Кыргызстану Аскар Акаеў, экс-прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран і былая выкаўнаўца абавязкаў прэзыдэнта Грузіі Ніно Бурджанадзэ. Глядзіце ўсе інтэрвію пазьней на нашым сайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG