Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Энцыкляпэдыю любові да радзімы, волі і незалежнасьці» прэзэнтавалі ў Магілёве


Падчас прэзэнтацыі
Падчас прэзэнтацыі

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў і бард Зьміцер Бартосік прэзэнтавалі ў Магілёве новае выданьне кнігі «Імёны Свабоды».

Кніга выйшла ў рамках «Бібліятэкі Свабоды. 21 стагодзьдзе». Арганізавала сустрэчу ў грамадзкім цэнтры «Кола» мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы. А прысьвячалася прэзэнтацыя 75-годзьдзю аднаго зь яе герояў культавага пісьменьніка 1980-90 гадоў Кастуся Тарасава.

Паводле Ўладзімера Арлова, кніга дапоўненая партрэтамі ўдзельнікаў нацыянальна-дэмакратычнага руху, які пачаўся ў 1980-я гады і працягваецца дагэтуль. Цяпер у кнізе 300 эсэ пра асобаў, для якіх свабода і незалежнасьць Беларусі былі сьвятымі паняцьцямі і найпершымі каштоўнасьцямі.

«Кніга, якая сабрала нас сёньня, вельмі важная для мяне. Яшчэ ў антычным сьвеце было сказана: «І ў кніг ёсьць свой лёс. У гэтай кнігі ўжо вялікі лёс. Яе гісторыя пачалася дзесяць гадоў таму са штодзённай аднайменнай праграмы, якую я вёў на хвалях беларускай службы Радыё Свабода. Праграма доўжылася паўтара гады. У ёй я гаварыў пра тых людзей, якія змагаліся за свабоду ў самых розных яе вымярэньнях і ўвасабленьнях: за свабоду слова, веры, сумленьня, урэшце за свабоду і незалежнасьць гэтай зямлі, за права быць на ёй сваім чалавекам і адчуваць сябе такім», — казаў пра кнігу аўтар Уладзімер Арлоў.

Уладзімер Арлоў (зьлева) і Зьміцер Бартосік
Уладзімер Арлоў (зьлева) і Зьміцер Бартосік

У новым выданьні кнігі аўтар напісаў пра пісьменьніка Кастуся Акулу, паэта Рыгора Барадуліна, выдаўца і публіцыста Яўгена Будзінаса, мовазнаўцу ды супрацоўніка Радыё Свабода Юрася Бушлякова, пэдагога і гісторыка Сяргея Вітушку, палітыка Віктара Івашкевіча і многіх іншых, якія памёрлі нядаўна.

Ўладзімер Арлоў зазначыў, што плянуе падрыхтаваць яшчэ не адно выданьне кнігі «Імёны Свабоды», бо адчувае запатрабаванасьць яе:

«Я пагадзіўся зь місіяй працягваць гэтую кнігу, захоўваць у ёй імёны тых людзей, якіх няма ў энцыкляпэдычных даведніках, выдадзеных ва ўмовах сучаснага беларускага рэжыму. Калі я быў студэнтам гістарычнага факультэту ў 1970 гады, то нас пераконвалі, што гісторыю робяць народныя масы. Цяпер мы пераканаліся: гісторыю робяць яркія асобы, якія сталі героямі маёй кнігі».

Гаворачы пра падзеі апошняга часу Ўладзімер Арлоў адзначае, што ўручэньне Сьвятлане Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі для яго больш значная падзея, чым прэзыдэнцкія выбары. Іх гісторык называе перавыбарамі. «Я наўрад ці б натхніўся гэтымі выбарамі, каб пра іх напісаць кнігу», — кажа аўтар «Імёнаў свабоды»:

«У гэтых выбарах не было ніякай інтрыгі. А вось, калі мы згадаем выбары 2010 году, то ў маім ўяўленьні напісана некалькі кніжак. Выйшлі кніжкі ня толькі беларускіх аўтараў, дзе падзеі адбываюцца ў Беларусі пасьля таго жудаснага разгону, пасьля якога прыкладна тысяча суайчыньнікаў, сярод якіх большасьць кандыдатаў у прэзыдэнты, былі арыштаваныя. А вось у выбарах 2015 году дэкарацыі тыя самыя, але атмасфэра абсалютна іншая. Я сказаў „перавыбары“ — гэтае слова актыўна ўжываецца ў маім коле, але ў 2010 годзе яно не выкарыстоўвалася. Тады была інтрыга».

Падчас прэзэнтацыі. Сьпявае Зьміцер Бартосік
Падчас прэзэнтацыі. Сьпявае Зьміцер Бартосік

«Давайце пашукаем дзесяць адрозьненьняў у старога-новага прэзыдэнта, — сказаў Уладзімер Арлоў у інтэрвію Свабодзе. — Давайце паглядзім, чаго вартыя ягоныя ранейшыя заявы — няхай непасьлядоўныя, але гучныя. Напрыклад, пра беларускую мову і культуру, страціўшы якія мы перастанем быць нацыяй, як ён казаў. Альбо чаго вартыя словы, што ніякіх перамоваў наконт вайсковай расейскай базы ня вёў, што для яго гэта ледзьве не навіна. Давайце паглядзім наколькі мы будзем актыўней супрацоўнічаць з Эўразьвязам. Бліжэйшыя месяцы дадуць адказы на гэтыя пытаньні. Мне хочацца верыць, што адказ будзе такім, на які мы спадзяёмся. Аднак насьцярожвае тое, што пасьля лібэралізацыі, якая заўжды папярэднічае выбарам, наш стары яшчэ прэзыдэнт у дзень выбараў сказаў: «Галасаваньне сканчаецца на 20-ую гадзіну, і будзем вяртацца ў рамкі закону».

Акрамя новай кнігі «Імёны Свабоды», тыя, хто прыйшоў першым на сустрэчу зь менскімі гасьцямі, займеў іншыя выданьні зь «Бібліятэкі Свабоды». Па сканчэньні прэзэнтацыі ахвотныя атрымалі і аўтограф Уладзімера Арлова ў ягонай кнізе.

На сустрэчы сьпяваў бард Зьміцер Бартосік. На пытаньне Свабоды, якая на ягоную думку песьня адпавядае цяперашняму гістарычнаму этапу разьвіцьця Беларусі, музыка адказаў урыўкам зь вершу аднаго зь герояў «Імёнаў Свабоды» Зьмітра Сідаровіча:

«Хай нам шмат дасталося бяды,

Хай сяброў засталася малая раць —

Кожны з іх прыцёгся сюды,

Каб, панурыўшы голаў, смактаць

Горкі сорам

Пены цёмнага піва, пены чорнага піва...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG