Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарэлка і прэзыдэнцкія выбары


Усім вядома, што на выбарах у нас для галасуючых абавязкова выпіўка і закуска. Але калі даўно на свае вочы ня бачыў, рыхтык слупянееш ад выязной гарэлачнай крамы на выбарчым участку.

Заходжу: дзе ў вас буфэт, пытаюся. А вось там – махаюць рукой, вас праводзіць? Сам знайду, дзякуй. Выбарчы буфэт у школьнай сталоўцы, яе застаялы пах ні з чым ня зблытаеш. Сядзяць нейкія людзі, п’юць моўчкі піва, побач дзеці. На прылаўку сасіскі ў булцы ды іншыя піражкі. На паліцах гарэлка трох гатункаў, побач – тыя ж самыя бутэлькі, але ў адваротным парадку, нібы шэсьць розных гарэлак. Выгляд «злачнага месца». Недарагое віно беларускага разьліву, савецкае шампанскае за 56600 сумуе. Цяжка ўявіць, каб нехта сьвяткаваць прыйшоў сюды дзень народзінаў ці гадавіну вясельля. Напэўна, для членаў камісіі, падумалася мне, адзначаць перамогу.

Бачыў потым у інтэрнэце сумных людзей на іншых участках за бутэлькай. Пажылая кабета з крыху маладзейшай. Маці і дачка відаць. На дзьве трэці выпітая пузатая бутэлька, у якіх звычайна брэндзі або лікворы. Людзям няма дзе пасядзець, выглядае, але на выбарчым участку таксама не расслабісься: сьцягі, партрэты, гербы за сьценкай.

Прагаласаваў за прэзыдэнта і бутэлечку вось прыкупіў, дзякуй, вельмі зручна, падзяліўся думкамі са мной адзін пэнсіянэр. Дык жа гастраном побач. Ну й што? А навошта мне гастраном, калі ўсё на месцы? А чаму не расьпілі ў сьвяточнай абстаноўцы? Няма з кім? Ды няёмка, махнуў рукой. Выбары ўсё ж, не ў сваёй талерцы піць не люблю. Лепей на кухні. Ці тэлевізар уключыць можна, пад пугачову…

Хай хто-які патлумачыць: чаму сьвята гораду нядаўняе – гэта сур’ёзна, гэта забарона продажу, днём з агнём не знайсьці бутэлькі, нават піва. А як галасаваньне – то мора гарэлачнае? Гуляй душа!

У далёкім 1953-м у Горадні выбіралі ў абласны савет ганаровымі членамі самога таварыша Сталіна з паплечнікамі. І Лаўрэнці Паўлавіч там быў, і Мікіта Сяргеевіч, і Георгі Максімільянавіч. Ды іншыя правадыры. І ўсё было вельмі паважна і салідна, ніякай табе выпіўкі на ўчастку. Ніхто ў рот ня браў! За Сталіна апусьціць бюлетэнь і бутэльку ўзяць на ўчастку? Фантасмагорыя! А за Лукашэнку апусьціць і набыць хоць скрынку – калі ласачка! Абы грошы.

І якая дэманстрацыя замежным назіральнікам (не з СНД, канечне) – што галасаваньне і гарэлка ў нас побач, адно другое дапаўняе… Канечне, яны радыя, што ў нас пакуль з выпіўкай і закускай усё цудоўна. Але гарэлка і выбары прэзыдэнта ў іх у галаве могуць не спалучацца. Што, зноў не падумалі?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG