Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК разгледзіць скаргі і зацьвердзіць вынікі выбараў 16 кастрычніка


Паседжаньне ЦВК. Архіўнае фота ад 24 верасьня 2015 году
Паседжаньне ЦВК. Архіўнае фота ад 24 верасьня 2015 году

У Цэнтральную выбарчую камісію паступаюць скаргі назіральнікаў, якія адсочвалі працэс галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах. Пра гэта Свабодзе паведамілі сёньня ў апараце Цэнтравыбаркаму.

Тут не называюць канкрэтную лічбу зваротаў, бо, кажуць, яна мяняецца літаральна кожную гадзіну. У пятніцу, 16 кастрычніка, адбудзецца паседжаньне Цэнтральнай камісіі, на якім сярод іншых пытаньняў будуць абмяркоўвацца і скаргі назіральнікаў на парушэньне выбарчага заканадаўства. У гэты дзень ЦВК назаве канчатковыя вынікі галасаваньня (пакуль яны афіцыйна лічацца папярэднімі) і афіцыйна зацьвердзіць іх.

Найбольш тыповымі парушэньнямі Выбарчага кодэксу падчас датэрміновага галасаваньня назіральнікі называюць:

— неналежнае захоўваньне скрыняў зь бюлетэнямі,

— галасаваньне іншымі асобамі замест выбарцаў, якія не галасавалі,

— адмовы кіраўнікоў участковых камісіяў вывешваць копіі пратаколу і штодзённых вынікаў датэрміновага галасаваньня.

А ў асноўны дзень галасаваньня найбольш парушэньняў зафіксавана пры падліку бюлетэняў.

Беларускія дэмакратычныя актывісты ў рамках трох кампаніяў — «Праваабаронцы за свабодныя выбары», «Права выбару — 2015» і «За справядлівыя выбары — 2015» правялі маніторынг выбарчага працэсу. Усе тры грамадзкія арганізацыі прыйшлі да аднолькавай высновы — выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзеньня выбараў. Гэта было абумоўлена адсутнасьцю роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, выкарыстаньнем адміністратыўнага рэсурсу, шматлікімі фактамі прымусу выбарцаў да датэрміновага галасаваньня, закрытасьцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.

Згодна з выбарчым заканадаўствам, кандыдаты на прэзыдэнта могуць аспрэчыць вынікі выбараў у Цэнтральнай выбарчай камісіі цягам трох дзён пасьля завяршэньня выбараў. Пакуль, як сказалі Свабодзе ў ЦВК, ніхто з прэтэндэнтаў з такой заявай у Цэнтральную камісію не зьвяртаўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG