Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы прагаласаваць датэрмінова запісаўся памерлы мужчына


Пра гэта паведамляе кампанія "Права выбару". Здарэньне адбылося на 8-м выбарчым участку. Гэта не адзіны такі выпадак. Там жа жаданьне прагаласаваць дома выказалі 350 чалавек — гэта 18% ад агульнай лічбы зарэгістраваных выбарнікаў.

Прычым назіральнікам не паведамілі пра тое, што дзьве мабільныя групы адправіліся ладзіць галасаваньне дома, таму пракантраляваць гэты працэс ніхто ня зможа. Назіральнікі адзначаюць, што каб пасьпець да ўсіх выбарнікаў, сябры камісіі павінны будуць траціць на кожнага па 2,4 хвіліны – на працягу ўсяго дня і безь перапынку на абед.

Сярод іншых рэкордаў сёлетняй кампаніі – калясальны працэнт тых, хто прагаласаваў, на адным з участкаў у Гомелі – 73,7%. Агулам па краіне яўка на датэрміновым галасаваньні склала рэкордныя 36,6% працэнтаў.

11 кастрычніка ў Беларусі праходзяць прэзыдэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адчыніліся а 8 гадзіне раніцы і будуць працаваць да 20 гадзіны.

На пасаду кіраўніка Беларусі прэтэндуюць старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч. Грамадзяне могуць таксама прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў.

За правядзеньнем прэзыдэнцкай кампаніі сочаць больш за 900 міжнародных назіральнікаў.

У сьпісы для галасаваньня ўключаныя больш за 6,9 мільёнаў выбаршчыкаў, у тым ліку па-за межамі Беларусі – больш за 5,7 тысяч.

Лічыцца, што выбары прэзыдэнта адбыліся, калі ў галасаваньні ўзялі ўдзел больш за палову грамадзянаў краіны, уключаных у сьпіс выбаршчыкаў. Кіраўнік дзяржавы лічыцца абраным, калі за яго прагаласавалі больш як палова грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.

Усяго ў датэрміновым галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах з 6 па 10 кастрычніка прынялі ўдзел 36,05% выбаршчыкаў. Гэта больш, чым на ўсіх ранейшых прэзыдэнцкіх кампаніях з датэрміновым галасаваньнем – 2001, 2006 і 2010 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG