Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч: Мы ідзём, каб перамагчы, але…


Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

У інтэрвію расейскаму сайту «Медуза» кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Каратквеіч заявіла, што «дзіўна было б казаць, што мы хочам перамагчы». Таксама яна выказалася за тое, каб у Лукашэнкі «былі яшчэ два тэрміны».

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Тацяна Караткевіч патлумачыла свае заявы.

Яна сказала, што распавядала ў інтэрвію пра тое, як «разьвівалася наша стаўленьне да перамогі».

«Гэта рэтраспэктыва таго, як мянялася наша стаўленьне. Як мы ставілі мэту перамагчы, якой яна была недасягальнай напачатку кампаніі і якая яна цяпер. Наадварот, я ўсім кажу, што сёньня раблю ўсё, каб перамагчы. Усё пачынаецца з таго, што скептыкі кажуць: вы ж не пераможаце, маючы на ўвазе падлік галасоў. А сёньня ў нас вельмі крытычнае стаўленьне да таго, як будуць лічыць галасы. Ужо назіральнікаў штурмуюць, яны фіксуюць парушэньні на выбарчых участках».

Адносна двух тэрмінаў для Лукашэнкі, Тацяна Караткевіч патлумачыла свае выказваньні так:

«Мы кажам пра тое, як могуць разьвівацца падзеі. Гэта ня тое, што мы хочам, каб ён застаўся. Канечне, мы хацелі б, каб улада памянялася, гэта самае галоўнае. Але ў нас ёсьць нашы ўмовы, наша праграма. Там прапісана: два тэрміны. І мы кажам: калі мы не пераможам на гэтых выбарах, варта было б і далей працаваць з насельніцтвам, рабіць так, каб новы пераможца, калі ён будзе, выконваў нашу праграму. А ў ёй гаворыцца пра тое, каб вярнуцца да канстытуцыйнай нормы, якая была. Адзін чалавек займае пасаду прэзыдэнта ня больш як два разы. Гэта азначае, што калі перамагае Лукашэнка, ён пагаджаецца на перамены і можа правесьці рэформы, якіх жадае бальшыня беларусаў, і пры гэтым ён гарантуе, што ў яго адзін тэрмін дакладна ёсьць, а другі — як пакажуць выбары. Але гэта ўсё гіпатэтычныя разважаньні. Мы кажам, калі „перамагае“ Лукашэнка, а мы дамагаемся таго, каб наша праграма выконвалася, тады будуць гэтыя магчымасьці. Ён можа застацца на адзін тэрмін, а далей — якія будуць выбары».

На пытаньне карэспандэнта «Медузы», ці разьлічвае Тацяна Караткевіч на перамогу, калі кажа пра жаданьне набраць 20% галасоў, кандыдатка ў прэзыдэнты сказала:

«Калі мы пачалі кампанію, у мяне быў рэйтынг 2%. Дзіўна было б казаць, што мы хочам перамагчы. Зь іншага боку, мы ўжо перамаглі, бо мой рэйтынг яшчэ да пачатку агітацыі вырас да 18%, а цяпер павінен быць значна большы. Мы зрабілі немагчымае ў тых складаных умовах, у якіх мы працуем».

Гаворачы пра тое, ці падобны Лукашэнка да чалавека, які сыдзе з пасады прэзыдэнта ў выніку выбараў, Караткевіч адзначыла «Медузе»:

«Калі ён не жадае сыходзіць, то ў яго яшчэ ёсьць варыянт зьмяніць сваю палітыку. Мы таму і гаворым пра мірныя перамены, бо бачым у гэтым пэрспэктыву і для яго ў тым ліку. Мы прапануем вярнуцца да двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў — хай у яго будзе яшчэ два тэрміны. Мы ж ня кажам, што ў яго няма падтрымкі — пры сумленных умовах гульні ён бы таксама мог перамагчы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG