Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштоўка ад Лукашэнкі парушае выбарчае заканадаўства


Жыхары Віцебшчыны атрымалі разам з поштай агітацыйную прадукцыю — каляровую паштоўку з выявай Аляксандра Лукашэнкі і ягоным подпісам на адваротным баку. Патрабаваньні да друкаванай агітацыйнай прадукцыі парушаныя, лічыць актывіст Мікалай Петрушэнка.

Спадар Петрушэнка ня стаў доўга разглядаць карцінкі на зьнешнім баку паштоўкі — яго больш зацікавіў адваротны бок:

«Артыкул 45 Выбарчага кодэксу тлумачыць, што друкаваная прадукцыя павінна ўтрымліваць „назву і адрас арганізацыі (індывідуальнага прадпрымальніка), якая вырабіла агітацыйныя матэрыялы, нумар пасьведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі вырабніка друкаваных выданьняў і дату яго выдачы, наклад і нумар замовы, прозьвішча і ініцыялы замоўніка“. На гэтай паштоўцы мы бачым дробныя літаркі і лічбы, зь якіх зразумела хіба толькі адно — што наклад паштовак 2,5 мільёна. Дзе ўсё астатняе?»

З гэтым пытаньнем сябар партыі левых «Справядлівы сьвет» накіраваўся ў Талачынскую раённую выбарчую камісію — бо ён жыхар Талачынскага раёну, і агітацыйная прадукцыя трапіла ў ягоную скрыню па месцы жыхарства.

«Я пакінуў заяву ў адмысловым журнале, каб раённая камісія дала ацэнку факту парушэньня выбарчага заканадаўства адным з кандыдатаў і праінфармавала пра гэта ЦВК. Заадно я ня мог не заўважыць камісіі, што там не адрэагавалі належным чынам на зьяўленьне на тэрыторыі раёна агітацыйнай прадукцыі, вырабленай з парушэньнем заканадаўства. Чальцы ж камісіі таксама атрымалі такую паштоўку! Цяпер Талачынская раённая камісія мусіць разгледзець маю заяву і зрабіць адпаведныя захады, — кажа спадар Петрушэнка.

Праўда, ён сумняецца, што гэта будзе зроблена сёньня ж. Найхутчэй, ён мяркуе, заяву разгледзяць «ужо тады, калі будзе позна казаць пра сумленныя выбары».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG