Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі расейскі ракет, выпушчаных па Сырыі, ўпалі ў Іране — Сі-Эн-Эн


Крыніцы тэлекампаніі Сі-Эн-Эн не паведамляюць пра ахвяраў на тэрыторыі Ірана.

Некалькі крылатых ракет, запушчаных з расейскіх судоў з акваторыі Касьпійскага мора па Сырыі, ўпалі ў Іране. Пра гэта паведамляе тэлекампанія Сі-Эн-Эн са спасылкай на амэрыканскія ўрадавыя крыніцы.
Маніторынг амэрыканскіх ваенных і разьведвальных зьвестак прыйшоў да высновы, што прынамсі чатыры ракеты ўпалі, калі яны праляталі над тэрыторыяй Ірана. Адзін чыноўнік сказаў, што ахвяры маглі быць, але пакуль гэта дакладна не вядома.

Не ясна, дзе ў Іране ракеты прызямліліся. Расейскія караблі былі разьмешчаны ў паўднёвай частцы Касьпійскага мора, гэта значыць траекторыя верагоднага палёту ракет у Сырыю прадугледжвала, што яны будуць перасякаць як Іран, так і Ірак. Расея страляла адносна новымі крылатымі ракетамі «Калібр», што ўжываліся ў баі ўпершыню.

Іранскае інфармацыйнае агенцтва FARS, аднак, заявіла, што ні расейскія, ні іранскія ўлады не пацьвердзілі інфармацыю амэрыканскіх чыноўнікаў на дадзены момант.

У сераду міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну, што ўсе 26 ракеты, запушчаныя з чатырох ракетных караблёў пабілі свае мэты, без шкоды для цывільных аб’ектаў. Пуцін павіншаваў міністра абароны з пасьпяховым выкананьнем баявой задачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG